Ці можна рабіць у нядзелю хатнюю працу? Не заўсёды паспяваеш зрабіць усё ў іншыя дні.
Адказвае а. Аляксандр Махнач SP
Вельмі актуальнае пытанне, якое задаюць многія вернікі. Паспрабуем лаканічна адказаць.
Мы ведаем, што трэцяя Божая запаведзь “Памятай дзень святы святкаваць” нагадвае нам пра тое, што святы дзень – гэта нядзеля, а таксама кожная ўрачыстасць. Бог з самага пачатку ясна паставіў умову: шэсць дзён тваіх, займіся зямлёю, а сёмы дзень – Мой, і гэты дзень Я прызначаю для сустрэчы з табою. Шэсць дзён тыдня – нашы, а адзін з’яўляецца Божым, належыць Яму. У гэты дзень Бог не толькі хоча сустрэцца з намі, але і хоча, каб мы адпачылі. Таму наша прысутнасць у нядзелю ў святыні сведчыць пра клопат аб тым, каб гэты дзень, дзень Панскі, быў менавіта святым.
Мы прыходзім да Бога – крыніцы святасці. Дабравольнае занядбанне ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелю – смяротны грэх, ён выклікае зрыў кантакту з Богам. З-за якіх прычын людзі найчасцей ігнаруюць нядзельную святую Імшу? Выгодны адпачынак на лецішчы, тэлевізар, камп’ютар, нечаканыя госці і г.д. Для некаторых хрысціянаў усё гэта важнейшае за ўдзел у святой Імшы, але гэта знак, што вера іх слабне. Калі чалавек не шукае веры, ён не прыйдзе. Не трэба таксама нікога змушаць ісці ў касцёл. Змушаная малітва нямілая Пану Богу. Праўда, бацькі павінны вадзіць сваё дзіця ў касцёл увесь той час, на працягу якога яно знаходзіцца пад іх апекаю, але ніколі не павінны рабіць гэтага сілком.
Касцёл, устанаўліваючы свой наказ “У нядзелю і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у святой Імшы і не рабіць неабавязковай працы”, клапоціцца пра захаванне нашай веры. Павага да адпачынку – гэта заўсёды павага да чалавека. Калі Бог кажа: “адпачні сёмы дзень”, то робіць гэта, клапоцячыся пра наша дабро, пра наша шчасце. Гэта знак Яго любові.
Ёсць прафесіі, якія служаць іншаму чалавеку штодня (гэтак званая абавязковая праца) – медыкі, міліцыя, вайскоўцы, пажарныя. Мяркую, тут зразумела, чаму ў іх выпадку няма граху.
Таксама не здзяйсняюць цяжкага граху, калі не могуць прыйсці ў касцёл у нядзелю, хворыя ці мамы з маленькімі дзецьмі.
Што тычыцца фермераў і сялян, якія працуюць на зямлі, – сапраўды, нічога не станецца, калі ў нядзелю яны адпачнуць. Яны пастаянна цяжка працуюць, і ім абавязкова трэба знаходзіць час, каб аднавіць свае сілы. Плён іх працы не прападзе. Калі яны будуць паслухмянымі Богу, Ён благаславіць іх працу і нічога не змарнуецца. Бог любіць нас і клапоціцца пра наш адпачынак.
Таму і хатнюю працу трэба планаваць так, каб выконваць яе не ў нядзелю. А тут ужо справа ў тым, наколькі ўмела кожны канкрэтны чалавек арганізоўвае свой час, а найперш у тым, наколькі моцныя яго вера і давер Пану.
Памятайма, што Бог няспынна праяўляе клопат пра нас, калі дае нам дзень, у які мы можам адпачыць і праславіць Яго.
З малітвай, а. Аляксандр