Ці трэба кленчыць, калі спавядаюся?
Адказвае кс. канонік Юрый Бяганскі
У літургіі кожны жэст і знак з’яўляецца носьбітам схаваных значэнняў: цела і дух паміж сабою пераплятаюцца і адзін аднаго дапаўняюць, удзельнічаюць у малітве. Любое такое дзеянне, якое адбываецца падчас здзяйснення святых абрадаў, павінна быць выканана з розумам і годнасцю, паколькі сведчыць пра тое, што адбываецца ў нашых сэрцах. Адна з унікальных пазіцый у Рыма-Каталіцкім Касцёле – стаяць на каленях, ці “ўкленчваць”.
Такая больш працяглая малітоўная пастава на каленях альбо “згінанне каленяў”, ці часовы жэст, у хрысціянскай літургіі азначае пакланенне Богу. Гэта з’яўляецца таксама сімвалам сілы, знакам адданасці Богу, падпарадкавання Яго волі ці прызнання Яго ўсемагутнасці. Дзякуючы гэтай паставе веруючы можа праводзіць медытацыю ў ціхай малітве. Яна была тыпова хрысціянскай паставай.
Аб такой пазіцыі нам гаворыць і сама ж Біблія. Напрыклад, у Новым Запавеце аж 59 разоў сустракаецца ўспамін аб паставе на каленях. Такі прыклад малітвы паказалі нам сам Езус Хрыстус, які маліўся ў Аліўным садзе ў паставе пакорнага слугі (пар. Лк 22, 41), а таксама святы Сцяпан, першы мучанік Касцёла, які аддае сваё жыццё стоячы на каленях, забіты камянямі (пар. Дз 7, 54-60).
А з IV ст. веруючыя пачалі схіляць калені і перад святымі прадметамі, такімі як касцёл, касцёльны парог, алтар, крыж, і перад людзьмі, такімі як біскуп або святар, у знак павагі. У той жа перыяд пастава на каленях таксама набыла значэнне пакаяння і просьбы, нашай слабасці і схільнай да граху прыроды. Яна стала знакам чалавека, які раскаяўся ў сваёй віне і граху, ці знакам просьбы таго, хто шукае апекі і дапамогі.
Аднак у гісторыі літургіі Касцёла сустракалася, што дыяцэзіяльныя сіноды і нават Нікейскі сабор (325 г.) наогул забаранялі стаяць на каленях падчас малітвы па нядзелях і на працягу ўсяго Велікоднага перыяду. Лічылася, што вернікі дзякуючы ўваскрасенню Хрыста адкуплены ад граху і моляцца Нябеснаму Айцу не са страхам, а з дзіцячай упэўненасцю. А схілялі калені больш у посныя дні і падчас Вялікага посту, і тады падняцца з каленяў заахвочваў адпаведным чынам дыякан.
Як у даўнейшыя, так і ў цяперашнія часы схіленне каленяў сімвалізуе пакланенне і адданасць Богу, Яго праслаўленне. Акрамя гэтага, жэст “згінанне каленяў” з’яўляецца знакам малітоўнага, пакаяннага і ўмольнага характару. Папа Бэнэдыкт XVI казаў: “Дзе знікае пастава на каленях, там трэба зноў навучыцца стаяць на каленях. Бо калі няма малітвы на каленях, тады спыняецца наша пабожнасць”.
Аднак у жыцці бываюць розныя выпадкі, калі вернік не можа ўкленчыць, каб папрасіць у Бога прабачэння ці праславіць Яго. Часцей за ўсё прычынай з’яўляецца стан здароўя. У такім выпадку трэба выканаць глыбокі паклон цела. Як казаў святы Геранім, паклон цела павінен суправаджацца “паклонам сэрца”. Гэтыя словы адносяцца і да сакрамэнту пакаяння, калі, стоячы ў глыбокім паклоне цела і сэрца, мы выказваем свае грахі. Для Бога з’яўляецца самым галоўным тое, каб чалавек выказаў свае грахі і шкадаваў за іх. А Ён і так бачыць, з якой любоўю ты да Яго прыйшоў. Бо пастава стоячы – яскравы выраз ушанавання Бога як найвышэйшага Пана, знак радасці з адкуплення. А самі Айцы Касцёла ў гэтай паставе бачылі сімвал святой свабоды дзяцей Божых, якія ўжо вызваленыя ад граху і больш не з’яўляюцца рабамі.
З малітвай, кс. Юрый