Ці з’яўляецца грахом нічога не запомніць з пропаведзі?
Адказвае а. Аляксандр Махнач SP
Слова Божае займае важнае месца ў жыцці хрысціяніна. Прынамсі так павінна быць. У старажытным Касцёле першыя хрысціяне збіраліся на слуханне Слова і ламанне Хлеба. Сённяшняя святая Імша – гэта тое ж слуханне Слова і ламанне Хлеба.
Прыходзячы ў касцёл на Імшу, мы павінны ўдзельнічаць у ёй. Уважліва слухаць Слова Божае, старацца яго зразумець, асабліва калі святар нам дапамагае ў гэтым, прамаўляючы гамілію ці, адпаведна сітуацыі, казанне.
Кожны жадае як мага болей зачэрпнуць з крыніцы Слова Жыцця, быць прапаведнікам у сваім асяроддзі і словам, і прыкладам. Іншая справа – калі я прыходжу ў касцёл на святую Імшу з нейкімі сваімі думкамі і яны не дазваляюць Слову Божаму прабіцца праз сцены маей “крэпасці”, то тады можна сапраўды нічога не ўзяць з яго для сябе, для свайго духоўнага жыцця, а прысутнасць у касцёле будзе параўнальнай з удзелам у нейкім тэатральным прадстаўленні.
Справа можа быць таксама ў чутнасці ў касцёле, якасці мікрафона, у дыкцыі і таленце святара, у багаслоўскай тэрміналогіі, якая не заўсёды ўсім зразумелая, і г.д. Хаця і тут спадзяванні могуць быць розныя: старэйшыя вернікі, меркавання якіх мы можам спытацца, не маюць патрэбы ў тым, каб быць узрушанымі гаміліяй; яны аддаюць большую перавагу ўнутранай засяроджанасці і рэфлексіі. Малодшыя вернікі – наадварот: яны хочуць такіх пропаведзяў, якія б іх моцна ўзрушылі.
Калі мы пытаемся, “ці грэх не запомніць нічога з пропаведзі”, то павінны ўзгадаць, што з’яўляецца грахом. Касцёл нас вучыць, што грэх – гэта свядомае і дабравольнае парушэнне Божых запаведзяў або касцёльных наказаў.
Няхай кожны падчас рахунку сумлення адкажа сабе на наступныя пытанні:
- наколькі ахвотна і дабравольна я прыходжу ў святыню, каб удзельнічаць у Імшы?
- ці стараюся ўважліва слухаць усе чытанні і спяваць рэфрэн псальма падчас Літургіі Слова?
- ці прашу я Духа Святога, каб Ён адкрыў маё сэрца на прыняцце Божага Слова?
Cэнс пропаведзяў не ў тым, каб яны падабаліся ці каб іх цалкам запаміналі, а ў тым, каб хаця б адно слова з гэтай пропаведзі трапіла ў сэрца чалавека і каб ён захацеў штосьці змяніць у сваім жыцці на лепшае. Каб гэта наблізіла яго да Бога.
Няхай Вялікі пост, які распачаўся ў Касцёле, будзе часам уважлівага слухання і прыняцця Божага Слова, а яно няхай будзе працаваць у нашых сэрцах, перамяняць іх і набліжаць кожнага з нас да Бога.
З павагай, а. Аляксандр