Што такое эўхарыстычны пост? Ці з’яўляецца яго незахоўванне грахом?
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD
Эўхарыстычны пост – гэта час перад прыняццем святой Камуніі, калі вернікам патрэбна ўстрымлівацца ад любой ежы і напояў. У Кодэксе кананічнага права чытаем: “Той, хто мае намер прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, павінен прынамсі на працягу гадзіны перад святой Камуніяй устрымлівацца ад усялякай ежы і пітва, за выключэннем толькі вады і лекаў” (ККП, канон 919.1).
Эўхарыстычны пост практыкавалі ў Касцёле са старажытнасці. Гэта вынікала з вялікай павагі да рэальнай прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Удзельнікі Эўхарыстыі лічылі недапушчальным, каб святая Камунія змешвалася з прынятай раней ежай. На працягу стагоддзяў тыя, хто жадаў прыняць Камунію, устрымліваліся ад усялякай ежы і пітва ўжо з поўначы. Трэба адзначыць, што святая Імша цэлебравалася пераважна раніцай.
У ХХ стагоддзі Касцёл змякчыў правілы. Згодна з актуальнымі нормамі, эўхарыстычны пост трэба захоўваць прынамсі гадзіну да прыняцця святой Камуніі. Гэта мінімум, і ў гэтых правілах ёсць выключэнні. Змякчэнне патрабаванняў посту вынікала з жадання, каб як мага больш вернікаў прыступала да Эўхарыстычнага стала. Устрыманне ад ежы і пітва на працягу пэўнага часу дапамагае годна прыняць Праўдзівыя і Найсвяцейшыя Цела і Кроў Хрыста. Такім чынам, адчуванне голаду і смагі таксама павінна абуджаць духоўнае прагненне Езуса ў Эўхарыстыі. Пост ад ежы і напояў, якія падтрымліваюць біялагічнае жыццё, дапамагае зразумець, што святая Камунія дае духоўнае і вечнае жыццё.
Эўхарыстычны пост абавязвае не ўсіх і не ва ўсіх абставінах. Кодэкс кананічнага права ўдакладняе, што “састарэлыя і хворыя асобы, а таксама тыя, хто імі апякуецца, могуць прымаць Найсвяцейшую Эўхарыстыю нават тады, калі яны спажывалі якую-небудзь ежу на працягу папярэдняй гадзіны” (ККП, канон 919.3). Эўхарыстычны пост абавязвае ўсіх вернікаў, акрамя пералічаных вышэй асобаў, незалежна ад таго, прымаюць яны святую Камунію на Імшы ці па-за ёй. Варта таксама памятаць, што час посту лічыцца да прыняцця Камуніі, а не да пачатку Імшы.
Свядомае і дабравольнае парушэнне правілаў эўхарыстычнага посту – гэта грэх. Трэба ўсведамляць каштоўнасць сустрэчы з жывым Богам, прысутным у святой Камуніі. Менавіта эўхарыстычны пост, загадзя запланаваны, дапамагае годна перажыць гэтую выключную сустрэчу.
З малітвай, а. Аркадзь