Як пазбегнуць забабонаў і пераканаць у іх шкодзе навакольных? Ці можна прыраўнаваць выкананне забабонаў да службы злым сілам?
Адказвае кс. Віктар Ханько
Прымхі, ці, як мы ў гутарковай мове кажам, забабоны – гэта, на жаль, адхіленні ад Божай праўды.
Хацелася б, адказваючы на гэтае пытанне, канешне, звярнуць увагу на першую Божую запаведзь – не мець іншых багоў. У ёй знаходзяцца і адказ, і падказка.
Калі я шукаю блізкасці з Панам і стараюся паглыбіць адносіны з Ім, то гэта і ёсць сама па сабе абарона ад усялякага зла.
Калі збліжэнне з Панам шчырае, то чалавек змяняе сваё мысленне, свой унутраны свет. Ён пачынае глядзець праз Езуса, як піша св. Павел: “Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус” (Гал 2, 20).
І блізкія адносіны з Богам – гэта і ёсць абарона ад таго скажонага свету, мыслення, грахоўнасці, аслабленай натуры чалавека, якія выклікаў першародны грэх ва ўсім чалавецтве. Ад грэхападзення Адама і Ева прыйшло ўсё гэта, а менавіта пошук боскасці ў кімсьці або чымсьці, толькі не ў праўдзівым Богу.
Прывяду такі прыклад. Спадзяюся, многія ведаюць, што 25 снежня – гэта не дакладная дата нараджэння Езуса Хрыста. Гэта было свята язычніцкага бога Сонца. І хрысціянства сустрэлася з гэтым, калі распаўсюджвала Евангелле сярод многіх народаў. Гэты дзень быў узяты як замена той язычніцкай культуры, веры, традыцыі. Здавалася б, прайшло столькі стагоддзяў, але як шмат яшчэ прымхаў, забабонаў існуе наконт Божага Нараджэння. Шатан усімі сіламі стараецца забрудзіць чалавечыя, хрысціянскія сэрцы, здавалася б, даўнім язычніцтвам.
Вяртаючыся да пытання, як казаць іншым людзям пра небяспеку гульні ў забабоны, магію і г.д., адкажу, зноў робячы акцэнт на блізкіх адносінах з Езусам.
Калі я малюся, услухоўваючыся ў Яго слова, калі ёсць разважанні над Бібліяй, адарацыі і сакрамэнты, калі я дазваляю Пану дзейнічаць у маім жыцці, шукаю Яго волю, то маё жыццё і будзе падказкай для іншых. Мой асабісты прыклад адносін з Богам – гэта самая лепшая падказка.
Як, напрыклад, было ў св. Пятра. Аднойчы ён лавіў рыбу ўсю ноч, але нічога не было злоўлена. Езус, пасля таго як вучыў людзей, папрасіў Пятра выплысці на глыбіню, і яны злавілі мноства рыбы. Гэта быў адзін з цудаў у жыцці Пятра. І гэты досвед – слуханне Бога, Яго навукі, паслухмянасць Яго слову, калі Пётр сказаў: “На Тваё слова я закіну сетку яшчэ раз”. Гэтым досведам Пётр, думаю, дзяліўся з многімі людзьмі пасля Спаслання Духа Святога, калі апосталы пайшлі і сталі абвяшчаць Божае Валадарства.
Мы павінны разумець: не мы змяняем людзей, а Пан. Так, часам праз розныя знакі і сітуацыі, але менавіта Бог, а не мы, адкрывае і лечыць чалавечыя сэрцы. Мы сведчым і кажам пра тое, што Бог робіць у нашым жыцці. Трэба казаць пра шкоду і наступствы грахоў, такіх, як забабоны, а вось як прыме гэта іншы чалавек – ужо яго справа. Ну і, вядома, важнай з’яўляецца шчырая малітва за яго.
Я часта, распавядаючы пра гэтыя грахі, прыводжу прыклады са свайго жыцця, з жыцця іншых сем’яў, кажучы, што грэх мае наступствы, яны вельмі цяжкія і сядзяць вельмі глыбока ў нашых сем’ях.
Любы грэх, няважна, лёгкі ці цяжкі, – сувязь са злом. Ад цяжкіх грахоў цяжэйшыя і страшнейшыя наступствы. Мы часам занадта вузка і павярхоўна глядзім на любы грэх, кажучы: ну нічога ж не здарылася, сонца далей свеціць, зямля круціцца. Але мы не бачым свет духоўны, тое, што адбываецца там.
Чаму чалавек больш верыць у забабоны? Таму што не адкрыў у паўнаце Праўдзівага Пана. У яго жыцці няма першай запаведзі, у сэрцы шмат страхаў і сумненняў. Тады ён пачынае чапляцца за ўсё, што заўгодна, а шатану, канешне, не праблема падкінуць сваю навуку.
З малітвай, кс. Віктар