Як патлумачыць малому дзіцяці, навошта ў нядзелю хaдзіць у касцёл на святую Імшу?
Адказвае кс. канонік Юрый Бяганскі
Спачатку варта адзначыць, што прабыванне ў касцёле, у доме Божым – гэта вялікі гонар і высокая ўзнагарода. Касцёл – гэта месца сустрэчы з лепшым, самым верным і любячым сябрам, сустрэча з уваскрослым Панам.
Нядзельная святая Імша мае вялікае значэнне ў жыцці кожнага хрысціяніна, кожнага верніка. Мы прыходзім не толькі каб сустрэцца з Ім у Яго доме, але і каб умацаваць наш духоўны кантакт, глыбіню ўласнага сэрца. Мы пашыраем сваю святасць, слухаючы Яго Слова, кормячыся за Яго сталом і такім чынам становячыся Касцёлам. А прыходзім менавіта ў нядзелю, таму што, паводле гісторыі, першыя хрысціяне заўсёды збіраліся ў нядзелю, бо ў гэты дзень Езус уваскрос з мёртвых і з’явіўся сваім вучням, размаўляў і еў з імі, удзяляючы ім Святога Духа. Таму нядзеля з’яўляецца для нас святым днём, яго мы асвячаем праз удзел у святой Імшы. Менавіта хрысціянская нядзеля вучыць нас святкаваць, развівае пачуццё радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які аднаўляе душу і цела. А адпачынак ад працы ў гэты дзень нагадвае нам, што мы дзеці Божыя, а не рабы. Нядзельная сустрэча з Панам дадае нам сіл пражыць тыдзень з упэўненасцю і мужнасцю і ісці наперад з надзеяй. Мы прыходзім у Касцёл, каб добра жыць і любіць іншых.
Бывае, чуем ад іншых, што маліцца можна ўсюды: дома, у дарозе, на дыскатэцы. Але трэба памятаць аб тым, што мы цэлебруем Эўхарыстыю не ў глыбіні свайго сэрца, але ў супольнасці вернікаў, якія збіраюцца ў “імя Пана”. Эўхарыстыя дазваляе не толькі з’яднацца з Богам, але і ўсталяваць цесную сувязь з Хрыстом, які дае нам уласнае Цела пад постаццю хлеба і сваю Кроў пад постаццю віна. Падчас кожнай святой Імшы Хрыстус стаіць сярод яе ўдзельнікаў, аддаючы сябе з любові людзям, і тым самым робіць іх братамі. Хрысціяне становяцца тым, што атрымліваюць: целам Хрыста.
Будзем памятаць, што святая Імша з’яўляецца цэнтрам хрысціянскай нядзелі! Папа Францішак сказаў: “Якая ж гэта для хрысціяніна нядзеля, калі ён не сустрэўся са сваім Панам?”
З малітвай, кс. Юрый