Падкажыце, калі ласка, што зрабіць са старымі абразамі? Сабралася іх шмат, усе павесіць немагчыма.
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD.
У жыцці веруючага чалавека важнае месца займаюць матэрыяльныя знакі, якія накіроўваюць да Пана Бога. Тут маюцца на ўвазе розныя прадметы рэлігійнага культу, якія дапамагаюць лепш дасягнуць засяроджанасці, маліцца, сведчаць аб прыналежнасці да рэлігійнай супольнасці. Імі з’яўляюцца, напрыклад, Святое Пісанне, абразы, выявы святых, ружанцы, малітоўнікі, шкаплеры, свечкі, крыжыкі, медалікі, пярсцёнкі, пальмовыя галінкі, старонкі з рознымі малітвамі і інш.
Асаблівае месца ў народнай пабожнасці нашай Радзімы займаюць абразы, якія часта называюць святымі абразамі і якія змяшчаюцца навідавоку дома і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Многія з іх маюць не толькі рэлігійную, але і мастацкую каштоўнасць. Абразы і іншыя культавыя прадметы асвячаюцца, дзякуючы чаму перастаюць быць звычайнымі рэчамі і набываюць новае значэнне – указваюць на Бога, прысутнага ў свеце і ў жыцці хрысціяніна. Менавіта таму да асвячаных рэчаў трэба ставіцца з пашанай, іх нельга прадаваць, выкідваць, класці дзе папала ці спецыяльна знішчаць. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў артыкуле, прысвечаным першай запаведзі, кажучы пра бязбожнасць, перасцерагае перад грахом блюзнерства, што заключаецца ў “прафанацыі сакрамэнтаў і іншых літургічных дзеянняў ці нягодным стаўленні да іх, як і да асобаў, рэчаў і месцаў, прысвечаных Богу” (KKK 2120).
Вядома, асвячаныя рэчы таксама старэюць, псуюцца. Ёсць і такія сітуацыі, як кажа аўтар пытання, калі проста фізічна дастаткова цяжка захаваць усё, што засталося ад продкаў. Асвячаныя рэчы нельга кінуць у кошык, а потым у кантэйнер на сметніцы. Калі яны былі неяк пашкоджаныя і іх нельга абнавіць, трэба іх спаліць, а зробленыя з негаручага матэрыялу трэба разабраць і вывесці з ужывання іншым чынам – напрыклад, закапаць у зямлю (асабіста я лічу прыдатным месцам для гэтага могілкі, дзе пахаваны нашы блізкія). Падобным чынам можна зрабіць з рэчамі, якія засталіся ад нашых продкаў. Калі мы не будзем імі карыстацца, можна спачатку спытаць родных і знаёмых, ці хацелі б яны іх узяць, а калі гэтыя рэчы будуць сапраўды непатрэбныя – спаліць іх ці іншым годным спосабам вывесці з ужывання. Трэба таксама памятаць, што асвячаныя рэчы нельга прадаваць, у тым ліку праз інтэрнэт, ці аддаваць у актыкварную краму. Дапушчальнай мне здаецца перадача каштоўных рэлігійных прадметаў у парафіяльны ці іншы музей.
Хачу дадаць, што абразы і іншыя культавыя прадметы мы набываем ці атрымліваем для таго, каб яны дапамагалі нам у адносінах з Панам Богам. Ні ў якім выпадку яны не павінны стаць толькі формай упрыгожання памяшкання ці чалавека. Варта памятаць і пра тое, што не ўсе рэлігійныя прадметы маюць мастацкую каштоўнасць, бываюць і безгустоўныя, якія сваёй формай і выглядам хутчэй абражаюць Бога. У гэтай сферы патрабуецца адчувальнасць як мастака, вытворцы, прадаўца, так і пакупніка.
З малітвай, а. Аркадзь