Як пераадолець панічны страх перад споведдзю? Я не быў на споведзі 3,5 гады і кожны раз, калі я ў Касцёле і хачу паспавядацца, мяне паралізуе страх перад гэтым. Ці ёсць спосаб трохі паменшыць гэты страх?
Адказвае а. Аляксандр Стока OCD
Гэтае пытанне вельмі актуальнае для многіх людзей...
Ёсць людзі, якія падчас споведзі ў страху гавораць шмат, нават, можна сказаць, філасофствуюць, гавораць пра ўсё навокал, а пра свае грахі – павярхоўна, або, назваўшы грэх, адначасова апраўдваюць яго, напрыклад: а што рабіць, такое жыццё нялёгкае, немагчыма не грашыць...
Ёсць людзі, якія падчас споведзі ў страху проста маўчаць і не могуць выціснуць з сябе нічога...
Нічога дзіўнага, калі чалавек сустракаецца сам-насам у сакрамэнце пакаяння з праўдай пра сябе самога, калі трэба вызнаць Міласэрнаму Богу свае грахі, назваць іх канкрэтна па імені і сказаць усё празрыста і зразумела, вызнаць Езусу праз паслугу святара.
Сакрамэнт пакаяння – гэта сакрамэнт бязмежнай Божай любові і міласэрнасці.
Чалавек часам думае: “я спавядаюся святару, святар мяне ведае добра, і што ён пра мяне пазней будзе думаць...” Таму гэта таксама можа паралізаваць чалавека. На гэта адказваю, што ў мяне сваіх грахоў хапае. А на самой справе святар падчас пасвячэння атрымлівае вялікі Божы дар: ён не памятае грахоў і не носіць іх у сваім сэрцы, бо, калі б памятаў грахі іншых, то звар’яцеў бы...
Мы спавядаемся Богу, а не святару як чалавеку... Святар – гэта чалавек, які ў канфесіянале ператвараецца ў Міласэрнага Езуса, што чакае навяртання грэшніка і прагне прабачыць грахі кожнаму, хто шкадуе і хоча выправіцца з іх.
Страх – гэта д’ябальская справа, страх паралізуе чалавека... З гэтым трэба змагацца. Адзіным страхам веруючага чалавека павінна быць тое, каб не адысці з зямнога свету ў стане смяротных грахоў, менавіта гэта павінна нас палохаць, а не сакрамэнт пакаяння і паяднання.
Страх можа быць і з нядобрага вопыту споведзі. Раскажу прыклад майго дзядулі. У маладосці, калі ён спавядаўся і святар штосьці моцна і рэзка сказаў яму, дзед успрыняў гэта так, быццам святар накрычаў на яго... Пасля гэтага ён да глыбокай старасці не хадзіў на споведзь, проста баяўся, хоць быў веруючым і практыкуючым католікам, але не прымаў святую Камунію. Перад смерцю ён, адчуваючы свой адыход з гэтага свету, паяднаўся з Богам, запрасіў святара на споведзь.
Можа быць розны досвед з сакрамэнту пакаяння. Мы можам пакрыўдзіцца на нешта, нам можа здавацца, што святар накрычаў на нас, мы можам абразіцца і больш не пайсці да споведзі. Дзякуй Богу, цяпер хапае святароў, у нас ёсць вялікі выбар, можна выбраць таго, які нам адпавядае. Нельга закрывацца на споведзь і баяцца яе, трэба ўсвядоміць, што гэтым мы прыносім вялікую шкоду сваёй душы...
Трэба няспынна змагацца са страхам. Я заўсёды прапаную чалавеку, які баіцца споведзі і страх яго паралізуе так, што ён не можа гаварыць, каб ён, робячы рахунак сумлення, запісваў свае грахі на паперцы коратка і ясна і падчас споведзі зачытваў іх, або каб шукаў іншых сродкаў пераадолення страху.
Заўсёды трэба памятаць, што больш за ўсё трэба баяцца граху і смерці ў грахах без паяднання з Езусам Міласэрным.
Дарагі чытач, спадзяюся, што адказаў на Вашае пытанне са свайго асабістага досведу. Бойцеся больш за ўсё рабіць грэх і трываць у ім! Не бойцеся яднацца з Богам у споведзі! Ён заўсёды чакае вас і хоча вам прабачыць! Прыйдзіце да Яго і паяднайцеся з Ім, пераадольваючы ўсе страхі!
З малітвай, а. Аляксандр