Як павінны апранацца вернікі ў спякоту, прыходзячы ў касцёл на Імшу?
Адказвае Кс. Павел Бялонос
Ёсць адвечная праблема, з якой сутыкаецца чалавек – як мужчына, так і жанчына: у што апрануцца. Чалавецтва на працягу свайго існавання прыдумала рознага роду вопратку, мэта якой – захаваць чалавечы арганізм ад холаду, падкрэсліць прыналежнасць асобы да пэўнай працы, заняткаў, грамадскі статус, урэшце – прыкрыць галізну чалавечага цела. Такім чынам, ёсць вопратка хатняя, спартыўная, працоўная, форменная, святочная і інш. Збіраючыся заняцца тымі ці іншымі справамі, мы падбіраем адпаведнае адзенне. Вайсковец ці паліцэйскі апранае форму, той, хто займаецца фізічнай працай, – працоўную вопратку, офісны працаўнік захоўвае дрэс-код, прыняты ў дадзенай фірме. Не заўсёды гэта адзенне вельмі зручнае, але неабходнае. Мы былі б здзіўлены, калі б механік быў апрануты як офісны працаўнік, а ва ўрача на галаве была каска. Узнікае пытанне, што апрануць, калі ідзём у касцёл. Гэта свайго роду візіт, якіх бывае шмат. Ёсць візіты сяброўскія, сямейныя, афіцыйныя. Мы прыходзім да працадаўцы, шукаючы працу. Накіроўваючыся на такі візіт, мы хочам ушанаваць гаспадара, да якога прыходзім. Не толькі сваёй прысутнасцю, падарункам, мовай, але і сваім убраннем і паводзінамі. Этыкет, ці агульнапрынятыя правілы, кажа нам, як апрануцца, каб ушанаваць таго, да каго накіроўваемся.
Ідучы ў касцёл, мы ўсведамляем гэта, ідзём на сустрэчу не толькі з пробашчам, знаёмымі, але найперш з Панам Богам, якому належыць хвала і пашана. Таму і ўбранне павінна быць адпаведнае, годнае Гаспадара дома, у які прыходжу. Я не магу апраўдвацца тым, што занадта горача. Няхай вопратка будзе лёгкая, але адпаведная месцу, куды накіроўваемся. Нельга сабе дазволіць у касцёле выглядаць як на пляжы ці як абадранец (хоць гэта сёння вельмі модна). Наша вопратка не павінна правакаваць іншых да спакусы ці адцягваць увагу. Будзем паважаць Бога, паважаць сваіх бліжніх, паважаць сябе.
З павагай, кс. Павел