Ці можна ісці на споведзь, жывучы ў несакрамэнтальных адносінах?
Адказвае кс. Алег Жураўскі
Напачатку, каб добра адказаць на гэтае пытанне, варта зазначыць дзве групы людзей: першыя – хто жыве ў сужэнстве без перашкод для заключэння касцёльнага шлюбу; другія – хто ўступае ў паўторны шлюб пасля грамадзянскага разводу, калі хаця б адзін з бакоў быў сакрамэнтальным чынам звязаны з кім-небудзь.
У абодвух выпадках такія адносіны могуць мець форму грамадзянскага або нефармальнага шлюбу (так званыя свабодныя адносіны).
У першай сітуацыі ёсць магчымасць касцёльнага шлюбу (і да гэтага павінны імкнуцца ахрышчаныя, якія лічаць сябе вернікамі). Другая катэгорыя несакрамэнтальных адносін – гэта адносіны, якія не могуць перарасці ў кананічны шлюб з-за прысутнай перашкоды, якой з’яўляецца папярэдні шлюб хаця б у аднаго з бакоў.
Немагчыма атрымаць адпушчэнне грахоў, прыступіўшы да сакрамэнту пакаяння, калі пара не мае касцёльнага шлюбу, таму што гэта будзе грэх святатацтва.
Сам Пан Езус кажа адносна сужэнства: “бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мк 10, 6-9).
Гэта аснова сакрамэнту сужэнства, які дае магчымасць, а нават абавязак дзяліцца тым, што чалавек мае найбольш важнае: сваім сэрцам і целам. Няма сапраўдных адносін, калі яны не падмацаваныя прысягай перад Касцёлам, і таму Хрыстус устанавіў сакрамэнт, які патрабуе, каб жыццё гэтых дваіх было знакам любові Езуса Хрыста да ўсіх нас (а па-за шлюбам такога знаку няма).
Аднак гэта не азначае, што няма выйсця. Ёсць два варыянты:
Першы – калі вы не можаце жыць адно з адным як брат і сястра, то не адыходзьце ад Касцёла, захоўвайце з ім сувязь, шмат маліцеся. Калі ў вас ёсць дзеці, выхоўвайце іх у духу каталіцкай веры, і з Божай ласкай аднойчы вам удасца прыняць сталае рашэнне, што вы зможаце дзяліць усё разам, акрамя ложка, – тады перашкоды у доступе да сакрамэнтаў знікнуць. Калі вы задэкларуеце сваю гатоўнасць жыць як брат і сястра перад сваім спаведніком, то можаце прыступаць да сакрамэнтаў. Гэта акурат той выхад з сітуацыі, які паказвае Касцёл. У маёй святарскай практыцы былі пары, якія прынялі такое рашэнне. Яны рэгулярна прыходзяць да споведзі, стараюцца жыць у чысціні, і ў іх гэта атрымліваецца.
У іншым выпадку, калі сакрамэнтальнае сужэнства распадаецца, варта пайсці ў дыяцэзіяльны суд і распавесці сваю гісторыю. Магчыма, пасля такой гутаркі вы зможаце атрымаць кансультацыю аб распачацці працэсу прызнання несапраўднасці шлюбу. Такія прычыны вельмі распаўсюджаныя: эмацыйная нясталасць, адсутнасць адказнасці, прымус, іншыя сітуацыі.
Людзі, якія выбіраюць шлях, прапанаваны Касцёлам, маюць сэрцы, поўныя веры, і ўлічваюць тое, што хоча Бог. Часам іх пошук адказаў на свае пытанні ідзе праз метад спроб і памылак, і гэта пошук двух людзей, якія хочуць быць разам адно з адным і з Богам.
На жаль, сёння размовы пра чысціню да шлюбу выклікаюць у маладых людзей не прыняцце, а нават жарты, тым больш цяжка ў выпадку пар, якія ствараюць сваё жыццё нанова.
Адзіны спосаб атрымаць доступ да сакрамэнтаў Касцёла для тых, хто пацярпеў няўдачу і хоча пабудаваць адносіны без сакрамэнту сужэнства, таму што яны заключылі яго раней з кімсьці іншым, – гэта пабудаваць адносіны без цялеснай блізкасці. У святле навучання Касцёла цялесная блізкасць прызначана толькі для сакрамэнтальнага сужэнства, а па-за ім – заўсёды грэх.
З памяццю ў малітве, кс. Алег
Дадатковая інфармацыя:
Што разумець пад несакрамэнтальнымі адносінамі? Святы Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі “Familiaris consortio”, аналізуючы становішча сям’і ў сучасным свеце, звярнуў увагу на адносіны, якія назваў некарэктнымі: сюды ўключаюцца шлюбы на пробу, свабодныя саюзы, жыццё ў толькі грамадзянскім шлюбе, а таксама сітуацыя, калі разведзеныя ўступілі ў новыя адносіны без касцёльнага шлюбу. Кодэкс кананічнага права зазначае: паміж мужчынам і жанчынай, калі хаця б адзін з бакоў з’яўляецца католікам, можна назваць сужэнствам перад абліччам Бога і Касцёла толькі адносіны, якія ўзніклі ў выніку згоды на сужэнства, выказанай у адпаведнасці з т. зв. кананічнай формай.