Ці можна займацца творчасцю (вышываць, вязаць) у нядзелю,калі гэта ў задавальненне і з’яўляецца адпачынкам?
Адказвае кс. Юрый Бяганскі
Каб адказаць на пастаўленае пытанне, успомнім спачатку, як гучыць трэцяя запаведзь Божая: “Памятай дзень святы святкаваць”. Святкаванне ў людзей – важны элемент. Няма ніякай рэлігійнай традыцыі, у якой не было б святкавання святаў. Для кожнага хрысціяніна асноўным святам з’яўляецца нядзеля.
Нядзеля – першы дзень тыдня. Дзень Панскі, у які ўваскрос Хрыстус. У жыцці чалавека такі вялікі дзень павінен ушаноўвацца праз адпачынак ад звычайных абавязкаў: працы, школы, паўсядзённых заняткаў. Але гэта не значыць, што мы можам паленавацца і даўжэй паспаць. Гэта не дзень гандлёвых цэнтраў або рынку. Кажуць, што замест таго, каб быць на нядзельнай Эўхарыстыі, хрысціяне ідуць на калектыўнае святкаванне, прысвечанае богу Мамоне, гэта значыць на нядзельныя закупкі. Яны замяняюць свой абавязак і неабходнасць на забавы. Гэтак жа, як, напрыклад, ежа “па-за домам” калісьці лічылася неабходнасцю (напр. падчас падарожжа), а сёння гэта спосаб сысці ад паўсядзённага жыцця. Кардынал Караль Вайтыла вучыў: “Калі на глебе якіх-небудзь дзеянняў чалавек дэмаралізуецца, калі распадаюцца шлюбы, калі сям’я перастае быць асноўным чалавечым асяроддзем па догляду за дзіцем, то такія дзеянні з’яўляюцца няправільнымі! Іх трэба адмяніць! Калі на глебе нейкіх дзеянняў (...) моладзь губляе ідэалы, усё бачыць у спажывецкім ключы, то такія дзеянні з’яўляюцца памылковымі! Яны не належаць да праграмы жыцця нацыі!” (“Вось Маці Твая. Гаміліі і прамовы, звязаныя з Божай Маці Яснагурскай”, Ясная Гура – Рым 1979, с. 308-314).
Нядзеля павінна быць днём, калі мы ўдзяляем больш часу Богу (быць на нядзельнай Імшы і па магчымасці прыступіць да святых сакрамэнтаў, больш часу надаваць асабістай малітве, рэлігійным разважанням і ўпарадкаванню сваіх духоўных спраў). Святочны дзень таксама не дае магчымасці думаць аб штодзённасці, трагічных праблемах і рабіць свае справы. Гаворка ідзе пра абавязкі і працу, што выконваюцца дзеля нажывы ці ўзбагачэння, пра заняткі, якія абцяжарваюць або аддаляюць ад пакланення Богу. Яны перашкаджаюць святкаванню нядзелі. Такі грэх здзяйсняе не толькі той, хто выконвае гэтую працу, але і той, хто прымушае яе выконваць. Неабавязковая праца – гэта тая, якая не павінна выконвацца ў нядзелю і вынік якой вымяраецца прыкладзенымі намаганнямі або фізічнай стомленасцю. Язда на ровары, як правіла, з’яўляецца не працай, а адной з формаў актыўнага адпачынку, але можа стаць працай, калі яе мэта – заробак, напрыклад, дастаўка газет ці пакупак. Гэтак жа трэба разглядаць і іншыя фізічныя намаганні, напрыклад, вышываць і вязаць як хобі і як спосаб заробку, калі гэта робіцца для продажу. Мы павінны засяродзіцца на тым, што самае галоўнае ў жыцці.
Нядзеля – дзень, каб аднавіць нашу сувязь з Богам, клапаціцца пра сваіх блізкіх і быць разам са сваёй сям’ёй. У гэты святочны дзень не варта забываць і аб справах міласэрнасці, служэнні хворым, бедным і старэйшым. Добра пражытая нядзеля дасць нам сіл, каб пераадолець усе нягоды цэлага тыдня. Чэрпаючы сілы з духоўнай крыніцы, мы будзем лепшымі, мудрэйшымі, мацнейшымі, а наша жыццё здабудзе сэнс.
З павагай, кс. Юрый Бяганскі