Што трэба рабіць, каб падрыхтавацца да шлюбу, і колькі часу спатрэбіцца на гэта, калі будучы муж жыве ў іншай краіне? Ці магчыма прайсці падрыхтоўку па скайпе?
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD
Добрая і паглыбленая падрыхтоўка да заключэння сужэнскага саюзу можа ў значнай меры прычыніцца да трываласці і большай плённасці жыцця ў сужэнстве і сям’і. Таму маладым людзям варта перад заключэннем сужэнства прысвяціць адпаведны час з мэтай паглыблення ведаў і свядомасці, якія датычацца сужэнства і сям’і, бо гэта будаўніцтва шчаслівай уласнай будучыні на аснове выбару правільнай іерархіі каштоўнасцяў. Святы Ян Павел ІІ пісаў: “Больш, чым калісьці, у нашы часы неабходная падрыхтоўка маладых людзей да сужэнства і сямейнага жыцця” (Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 66).
У традыцыі Касцёла падрыхтоўка да сужэнства пачынаецца ўжо ў дзяцінстве, калі дзеці ва ўласнай сям’і адкрываюць феномен чалавека як жанчыны і мужчыны, адораных складанай і багатай фізічнай, псіхічнай і духоўнай сферай, а таксама ўласнай асабовасцю з яе магчымасцямі і абмежаваннямі. Важную ролю адыгрывае тут катэхеза, якой, на жаль, ахоплены не ўсе каталіцкія дзеці і моладзь у нашай краіне. Калі маладыя людзі рашаюцца на заключэнне сужэнскага саюзу, то павінны звярнуцца ў парафію, да якой належаць, прычым не мае значэння, будзе гэта парафія заручанай або заручанага. Гэта трэба зрабіць своечасова. На Беларусі няма адзіных правіл перадшлюбнай падрыхтоўкі, таму часовыя патрабаванні, якія датычаць шлюбу, могуць адрознівацца ў залежнасці ад парафіі. Таксама мае значэнне ўзровень рэлігійных ведаў і ступень уключанасці асобаў у касцёльнае жыццё ўласнай парафіі. З практыкі мы ведаем, што сур’ёзнае рашэнне аб шлюбе прымаецца вельмі загадзя. Асабіста параіў бы звярнуцца да святара парафіі свайго пражывання адразу пасля прыняцця супольнага рашэння аб шлюбе.
Пробашч ці іншы ўпаўнаважаны святар праінфармуе заручаных аб неабходных дакументах і этапах падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства ў касцёле. Спатрэбяцца пасведчанні аб хросце, канфірмацыі, Першай Камуніі (калі прымалі гэтыя сакрамэнты ў іншай парафіі, чым тая, дзе хочам заключыць шлюб) і дакумент ідэнтыфікацыі асобы. Найважнейшыя пытанні – перадшлюбныя заняткі, перадшлюбныя паведамленні і перадшлюбны пратакол. Пачынаць трэба з перадшлюбных заняткаў, якія арганізоўваюцца ў вялікіх парафіях цыклічна для некалькіх пар адначасова, а ў меншых – для кожнай пары асобна. Мэта заняткаў, якія могуць мець форму лекцыі або катэхезы, – абмеркаванне пытанняў, звязаных з заключэннем шлюбу, супольным жыццём, правамі і абавязкамі сужэнцаў, іх духоўным жыццём, а таксама стварэннем сям’і і адкрытасцю на прыняцце і выхаванне патомства. Дзе гэта магчыма, у межах курсу праводзяцца сустрэчы са спецыялістамі ў сферы медыцыны і псіхалогіі. Такі курс лепш прайсці ў парафіі пражывання, але можна таксама запісацца ў іншым месцы, дзе пры касцёле арганізаваны заняткі. Калі хтосьці жыве за межамі Беларусі, можна скарыстацца перадшлюбным курсам у парафіі ў месцы пражывання на дадзены момант, a пасля яго заканчэння прадставіць адпаведныя пасведчанні ў касцёле, дзе заручаныя будуць заключаць шлюб. Безумоўна, лепш паразмаўляць аб гэтым з пробашчам у Беларусі, хоць у прынцыпе ён не павінен быць супраць такога рашэння. Я не ведаю нічога пра анлайн-курсы ў нашай краіне. За мяжой можна сустрэць такія прапановы, асабліва сёння, у час пандэміі. У любым выпадку, варта абмеркаваць справы падрыхтоўкі да шлюбу ў парафіі, дзе ён адбудзецца.
У падрыхтоўку да сужэнства належыць уключыць таксама кананічна-душпастырскую размову, якая называецца перадшлюбным пратаколам і якую святар праводзіць з заручанымі. На такую размову будучыя сужэнцы павінны прыйсці разам, найлепш пасля праходжання перадшлюбных заняткаў. Сама размова можа заняць больш за гадзіну і датычыць, акрамя асабовых дадзеных, здольнасці да сужэнства, перашкодаў, таго, што супярэчыць волевыяўленню заключэння шлюбу, а таксама іншых пытанняў.
Папа Францішак нагадвае, што сужэнства працягваецца да самай смерці, таму нельга рабіць такі важны крок спяшаючыся, напрыклад, таму, што заручаная цяжарная. Гэтае рашэнне патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, таксама працяглай па часе. У сваю чаргу, перыяд заручынаў – цудоўны час, які варта належным чынам пражыць і добра выкарыстаць. Касцёльныя душпастыры, усведамляючы непарыўнасць сакрамэнтальнага сужэнства, жадаюць дапамагчы заручаным свядома і з усёй адказнасцю падрыхтавацца заключыць шлюб перад алтаром “да самай смерці”. Таму не трэба здзіўляцца, што перыяд падрыхтоўкі да сужэнства можа доўжыцца ад некалькіх месяцаў да года.
Сакрамэнтальнае сужэнства – справа Бога і чалавека, таму важным элементам падрыхтоўкі з’яўляецца асабістая і ўзаемная малітва тых, якія хочуць стаць перад алтаром, каб перад абліччам Богам прынесці сужэнскую прысягу, аддаючы сябе іншай асобе і прымаючы яе як дар. Варта таксама з наймалодшых гадоў маліцца аб добрым мужы і добрай жонцы. Малітвай могуць падтрымліваць бацькі, хросныя, родныя і блізкія, а таксама ўся парафіяльная супольнасць.
Усім, хто рыхтуецца да сужэнства, жадаю, каб дзякуючы Божай ласцы яны з энтузіязмам і надзеяй, уласцівымі маладым, узялі на сябе адказную задачу ствараць сапраўдную камунію асобаў, з’яднаных любоўю, якая ніколі не заканчваецца.
З Богам!