Як вярнуцца да жыцця ў веры ў Хрыста пасля захаплення эзатэрыкай?
Адказвае кс. Віктар Ханька
Адказваючы на пытанне пра эзатэрыку, хацелася б забегчы наперад, а менавіта, зыходзячы з любога граху, як увайсці ў асабістыя адносіны з Панам.
Эзатэрыка сыходзіць сваімі каранямі ў антычнасць. Прайшоўшы праз стагоддзі, гэтая згуба атруціла многія чалавечыя душы і працягвае гэта рабіць да гэтага часу.
Эзатэрыка ўключае ў сябе астралогію, ёгу, магію, тэасофію і многія іншыя ілжэвучэнні. Акультызм і акультныя практыкі з’яўляюцца неад’емнымі складнікамі эзатэрыкі. Лічыцца, што эзатэрычныя “веды” заўсёды былі таемнымі, і валодалі імі толькі асаблівым чынам пасвячаныя ў іх “тонкасці” людзі. Некаторыя з тых, хто займаецца эзатэрыкай, запэўніваюць, што іх вучэнні і практыкі дапушчальныя і карысныя для прадстаўнікоў усіх веравызнанняў, бо яны быццам бы спрыяюць больш высокаму духоўнаму развіццю.
Эзатэрыка – гэта парушэнне першай запаведзі, у якой гаворыцца пра ўшанаванне Адзінага Бога, пра тое, каб толькі з Ім мець адносіны.
Першае, з чаго трэба пачаць свой шлях пакаяння, – гэта, вядома, споведзь.
Асабіста маё меркаванне, хоць яно і заснавана на адносна невялікім досведзе малітваў аб вызваленні, унутраным аздараўленні, – што лепш за ўсё прыступаць да споведзі з усяго жыцця. Чаму так?
Бо інтарэс і прывязанасць да эзатэрыкі мае свае карані, і яны схаваны ў маім мінулым, маім выхаванні, маёй сям’і, маіх ранах… шатан умее спрытна навязваць людзям свае планы. Таму было б добра паадракацца ад усіх грахоў і іх наступстваў у маім жыцці.
Вяртанне да Пана – гэта шлях, які прасякнуты, вядома, малітвай, размовамі са спаведніком, духоўнікам.
Можна было б параіць прайсці хрысціянскія курсы, на якіх у першую чаргу чалавек пазнае Святое Пісанне, біяграфіі святых, гісторыю і традыцыю Касцёла.
Жыць сакрамэнтамі Касцёла, такімі, як, напрыклад, Эўхарыстыя, – гэта адзін з важных фундаментаў духоўнага жыцця.
Таксама парада – мець побач чалавека, які больш дасведчаны ў духоўным жыцці і які б падказваў мне многія моманты рэлігійнага жыцця.
З павагай, кс. Віктар