Ці ўплывае абранае імя на далейшы лёс дзіцяці? Як правільна выбраць імя для дзіцяці?
Адказвае кс. Андрэй Каўшук
Канечне, абранае для дзіцяці імя не ўплывае на яго лёс, бо на гэта ўплывае толькі адкрытасць чалавека на Божую ласку, але яно мае велізарнае значэнне.
Перш чым даць дзіцяці імя, варта даведацца, як гэта рабілі людзі Бога ў часы патрыярхаў і прарокаў, а таксама як было з наданнем імя Езусу і апосталам. У старажытнасці дзіця атрымлівала імя па бацьках або дзядулях і бабулях. Некаторыя імёны мелі рэлігійны характар і адносіліся да якогасьці боства, а імёны нявольнікаў часта ўказвалі на тэрыторыю, з якой яны паходзілі. Часам імёны выяўлялі якуюсьці пажаданую рысу характару, якую бацькі хацелі бачыць у свайго сына ці дачкі. Таксама не ўсе імёны даваліся пры нараджэнні. Былі імёны, якія даваліся за канкрэтныя заслугі, або звязаныя з прыняццем якогасьці важнага становішча.
У Бібліі мы знаходзім шмат тэкстаў, дзе гаворыцца пра значэнне імён, якімі бацькі называлі сваіх дзяцей, і імён, якімі Бог называў сваіх слуг з моманту іх паклікання. Напрыклад, “ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас” (Ян 1, 42), ці скала, “і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Mц 16, 18).
У Старым Запавеце акт надання імя быў формай малітвы. Мы выразна бачым гэта ў многіх фрагментах, як і ў самім значэнні імён. Юзаф азначае “няхай памножыць Бог”. Імя Ян адносіцца да Божай ласкавасці, а Ерамія – да Бога, які ўзносіць і ўзвышае. Якуб тлумачыцца ў словах “няхай Бог сцеражэ”, а Эзэхіэль – “няхай Бог учыніць моцным”.
Калі ў Ламеха нарадзіўся сын, той даў яму імя Ной, кажучы: “Гэты няхай нам будзе пацехай у нашай працы і турботах рук нашых на зямлі” (Быц 5, 29). Ной павінен быў быць суцяшальнікам для іншых у іх турботах. Упершыню прамаўляючы імя свайго сына, Ламех распачынае малітву, натуральным працягам якой будзе жыццё Ноя і яго нашчадкаў. Кожны раз, калі іншыя будуць называць яго гэтым імем, ён будзе для іх надзеяй, што Бог слухае малітвы аб суцяшэнні.
Сярод юдэяў існуе таксама погляд, што ў хвіліны надання імя ў чалавека ўваходзіць “вышэйшая душа”. Толькі тады Бог можа яго заклікаць і паслаць. Безыменныя маюць ускладненыя адносіны з Богам і людзьмі, бо як жа звярнуцца да іх, калі іх ніхто не назваў? Гэй, вы? Мідраш на Кнігу Эклезіяста кажа, што кожны мае тры імёны. Першае даюць яму бацькі (Андрэй), другім называюць яго іншыя людзі (Андрэйка), а трэцяе ён мусіць здабыць сам (ксёндз Андрэй). Каб чалавек быў шчаслівы, ён мусіць прыняць першае, прызвычаіцца да другога і адкрыць трэцяе. Імя, дадзенае пры нараджэнні, з’яўляецца словам, якое распачынае малітву, а адкрытае пазней – ключом да неба.
Даючы імя свайму дзіцяці, бацькі распачынаюць яго асабістую малітву. Кажуць “А”, каб яно магло жыццём дадаць “Б”. Гэтая малітва – таксама іх найглыбейшыя жаданні наконт яго будучыні.
Можа, яны хочуць, каб сын быў мудры, як Саламон, або так любіў стварэнне, як Францішак Асізскі, ці быў добры, як хлеб, наследуючы брата Альберта. Саламон, Францішак, Альберт – гэта тры кароткія малітвы на ўсё жыццё трох шчасліўцаў, якім дадзены імёны гэтых вядомых святых.
Даючы дзіцяці імя, трэба ўсведамляць, што вы не прыдумляеце пароль для ўваходу ці прыемную ў гучанні назву для найменшага члена сям’і. Вы распачынаеце найважнейшую малітву яго жыцця.
Як жа гэтае імя выбраць?
Згодна са старым звычаем само дзіця прыносіць сваё імя ў свет. Дзень, калі яно нарадзілася, ужо мае сваё імя, і гэта імя святога, чый успамін Касцёл у гэты дзень адзначае.
Гэта, безумоўна, не з’яўляецца нейкім догматам. Ведаю бацькоў, якія доўга перад нараджэннем дзіцяці вывучалі біяграфіі святых і доўга разважалі. Ёсць і такія, якія пакідаюць выбар імя для дзіцяці на апошнюю хвіліну. Іншыя шукаюць больш арыгінальных натхненняў у назвах кветак (Ружа) і з’явах прыроды (Аўрора).
Але спакойна. Бог справіцца з усім гэтым. Ён заўсёды спраўляўся. Біблійны Лот – гэта проста “імгла”, а Ёна – “дзікі голуб”.
Варта памятаць, што, выбіраючы дзіцяці імя, мы не толькі выбіраем яму апекуна, але і распачынаем малітву да Бога, каб учыніў нованароджанае дзіця тым, кім яно сапраўды ёсць, і каб яно не жыло толькі для сябе, а было благаслаўленнем для іншых. Каб паўсюль гэтае імя прамаўлялася з удзячнасцю Богу за яшчэ аднаго добрага чалавека.
З павагай, кс. Андрэй