Як зразумець, што ў табе жыве злы дух? Ці дапамагае абрад экзарцызму кожнаму? Хто яго праводзіць у Гродзенскай дыяцэзіі? І як праходзіць гэтая малітва?
Адказвае кс. Віктар Ханька
Перш чым адказаць на першае пытанне, а менавіта як зразумець, што ў табе жыве злы дух, трэба крыху прыгадаць дзеянні злога духа.
Першае – гэта спакуса. Спакусы бываюць у кожнага, ёсць спакусы натуральныя і ёсць тыя, якія паходзяць ад д’ябла. Натуральныя звязаны з нашай слабасцю, калі, напрыклад, парушаем пост, але пры гэтым разумеем, што паступаем дрэнна. Калі ж мы не змагаемся са слабасцямі, не каемся і пастаянна жывём у такім стане, то рызыкуем упусціць злога духа ў сваю душу.
Спакусы, якія паходзяць ад д’ябла, накіраваны на тое, каб збіць нас у адрозніванні дабра і зла. Ён узбуджае нашу пыху і стараецца пераканаць нас у тым, што мы самі, без Бога, можам вызначаць, што такое дабро і што такое зло. Інакш кажучы, ён прапаноўвае нам стаць багамі, выцесніўшы пры гэтым рэальнага Бога. Так, напрыклад, аборт называецца сёння дабром для многіх людзей.
Другое – фізічнае ўздзеянне, калі ў чалавека ёсць праблемы са здароўем, невытлумачальныя з медыцынскага пункту гледжання. У гэтым выпадку ўжо экзарцысту трэба даследаваць мінулае чалавека, паглядзець, калі, дзе і пры якіх абставінах злы дух мог паўплываць на яго. Магчыма, праводзіліся акультныя дзеянні, можа, сам чалавек звяртаўся да кагосьці або здзяйсняў абрады, рытуалы ці час ад часу гэта робіць або пастаянна жыве ў цяжкіх грахах і няма пакаяння.
Трэцяе – насланнё, калі д’ябал уздзейнічае на чалавека не толькі на фізічным, але і на псіхічным узроўні. Напрыклад, у яго з’яўляюцца неадчэпныя ідэі самагубства, ён упадае ў дэпрэсію або ў яго ўзнікаюць невытлумачальныя выбухі гневы ці ён не можа ўвайсці ў святыню. Пакуль гэта знешні ўплыў злога духа, але ўжо вельмі моцны. Важна сказаць, што бывае вельмі цяжка вызначыць, гэта псіхічная хвароба або духоўная праблема. Таму вельмі важнае даследаванне ўрачоў-спецыялістаў і іх заключэнне.
Чацвёртая, самая цяжкая ступень уплыву злога духа – гэта апантанасць. У гэтым выпадку д’ябал прысутнічае ў целе чалавека. Тады праводзіцца экзарцызм. Экзарцызм у Каталіцкім Касцёле – гэта літургічнае дзеянне, якое праводзіцца, каб вызваліць чалавека ад уплыву д’ябла. Трэба заўважыць, што спачатку святар-экзарцыст гутарыць з чалавекам, з яго роднымі, каб лепш азнаёміцца з біяграфіяй не толькі самога чалавека, але і яго сям’і. Канечне, акцэнт робіцца ў гэтых гутарках на тым, ці звярталіся да акультных практык, рытуалаў, абрадаў, магіі, чараўніцтва, праклёну, забойстваў, суіцыдаў, абортаў, прымхаў і забабонаў, сатанізму. Вядома, разглядаецца рэлігійнае жыццё чалавека. Мы павінны разумець, наколькі я жыву без Бога, наколькі злы дух можа дакрануцца да мяне або маёй сям’і.
Акрамя таго, Касцёл заўсёды патрабуе, каб перад экзарцызмам была псіхалагічная або псіхіятрычная праверка: каб чалавека агледзеў псіхолаг або псіхатэрапеўт. Гэта не заўсёды проста, таму што знайсці спецыялістаў, якія былі б веруючымі і ў прынцыпе прызнавалі існаванне д’ябла і злых духаў, даволі цяжка.
Святар заўсёды звяртаецца да кансультацыі спецыялістаў-медыкаў.
Хацелася б дадаць важную рэч. Часта нехта кажа: “а я вось у гэта не веру, у праклён, варажбу і г.д., галоўнае верыць у Бога”. Але што азначае твая вера? Адзін раз у нядзелю прыйсці ў святыню? Прамовіць малітвы? І быць добрым чалавекам?
Злыя духі могуць нам сказаць: “ну і не вер”. І гэта іх тактыка, каб мы не верылі, але ўсе пералічаныя вышэй грахоўныя дзеянні маюць свае наступствы незалежна ад нашай веры.
Я заўсёды жартаўліва прыводжу прыклад: вось я табе дам грыбы, але яны атрутныя, а чалавек скажа: “а я не веру”, на што я адкажу: “не вер, але ў шпіталь ты дакладна трапіш”. Тактыка злога духа – не толькі каб мы ўсе былі забойцамі і маньякамі, але ён можа дапускаць мяне і да Камуніі, і да малітвы, і ў святыню, але мая душа, сэрца, цела можа знаходзіцца ў яго залежнасці, і ў вызначаныя для яго, патрэбныя моманты ён можа атакаваць мяне, маю сям’ю, грамадства.
Ці дапамагае экзарцызм? Канечне, так, але тут заўсёды два бакі: Божы і чалавечы. Бог заўсёды ідзе насустрач, але вось чалавек не заўсёды. Тут важная паслухмянасць Касцёлу і святару, які праводзіць экзарцызм.
Усё вельмі індывідуальна, сам працэс выгнання можа доўжыцца гадамі.
У нашай дыяцэзіі афіцыйна экзарцыстам з’яўляецца кс. Чэслаў Паўлюкевіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі.
З малітвай, кс. Віктар