Як дапамагчы чалавеку, які п’е алкаголь вельмі часта, але сябе алкаголікам не лічыць?
Адказвае кс. Юрый Бяганскі
Чалавек, які злоўжывае алкаголем і не змяняе свайго меркавання ў спыненні яго ўжывання, прыцягвае да сябе смяротную хваробу. Алкаголь – гэта не магчымасць вырашаць уласныя жыццёвыя цяжкасці. Злоўжыванне ім з’яўляецца хваробай, якая кардынальна змяняе становішча чалавека. Падчас захворвання такія людзі сутыкаюцца з дзвюма істотнымі праблемамі: з негатыўнай, крызіснай жыццёвай сітуацыяй і з жаданнем справіцца з усімі наступствамі алкагольнай хваробы.
Адзіная магчымасць справіцца з залежнасцю – поўнае ўстрыманне на ўсё астатняе жыццё. Большасць алкаголікаў не могуць прыняць рашэнне адмовіцца ад спіртных напояў назаўжды. Таму неабходна духоўная дапамога спецыяліста. Гэтай праблемай займаюцца разнастайныя арганізацыі і клубы ананімных алкаголікаў.
У пераадоленні сваёй хваробы такія людзі маюць патрэбу ў дапамозе з боку родных і сяброў. У такіх сітуацыях іншы бок павінен спачатку ўважліва азнаёміцца з генезісам злоўжывання алкаголем, механізмамі залежнасці і ўсімі наступствамі захворвання.
У лячэнні алкагалізму ёсць тры асновы. Па-першае, бяспечным прытулкам у выратаванні для алкаголіка з’яўляецца сям’я, дзе залежны мае свае абавязкі, хобі або штосьці іншае. Па-другое, алкаголік павінен адарвацца ад асяроддзя, якое падахвочвае яго піць: калі гэта працоўнае асяроддзе, то трэба змяняць працу, калі суседства – пераязджаць. І, нарэшце, апошні падмурак – гэта духоўнае жыццё, дзе больш часу трэба надаваць малітве, быць на Імшы і прыступаць да святой Камуніі, а таксама часта спавядацца. Для такіх людзей асабліва неабходна ўмацаванне духоўнага жыцця, якое дае сілы для ўмацавання свайго “я”. Гэта цяжкі і доўгі шлях, але іншага выйсця няма.
Дапамогай алкаголіку можа быць і клінічная рэабілітацыі або, калі яе няма па месцы жыхарства, агульная клініка. У Гродне і іншых гарадах Гродзеншчыны дзейнічаюць групы АА, што азначае “Ананімныя Алкаголікі”. Дапамогай і парадай, духоўнай і малітоўнай падтрымкай служыць і Каталіцкі Касцёл, ствараючы арганізацыі і асацыяцыі, дзе галоўнай мэтай з’яўляецца дапамога алкаголікам, падтрымка іх у цвярозасці.
Асаблівая нагода для малітвы аб цвярозасці нацыі – жнівень, а таксама перыяд Адвэнту і Вялікага посту. Выхаванне ў цвярозасці вельмі важна, таму што алкаголь і алкагалізм руйнуюць асобу чалавека і яго сям’ю, прыводзяць да грахоў, злачынстваў, няшчасных выпадкаў і іншай небяспекі. Балюча, калі на вуліцах мы бачым, як маладыя людзі хістаюцца ў розныя бакі, кідаюць бутэлькі з алкаголем у парках і лясах.
Ян Павел II падчас Яснагорскага Апэлю ў 1987 годзе падкрэсліваў, што ў барацьбе за цвярозасць трэба смела ісці супраць плыні: супраць плыні сацыяльнай звычкі і неглыбокага меркавання, супраць плыні чалавечай слабасці, супраць плыні памылковага разумення “свабоды”! Няхай гэтыя словы стануць для нас арыенцірам!
Малітва да Маці Божай Тракельскай аб цвярозасці
Святая Маці! Маці прыгожай Любові! Я ведаю, што Ты не пакінеш нікога без Сваёй дапамогі. Прашу Цябе аб навяртанні (майго мужа, жонкі, сына, дачкі) да веры, і асабліва аб ацаленні ад п’янства. Хачу падзякаваць за кожны дзень, калі не быў (была) п’яны(ая). Прашу Цябе, дадай нам сіл, каб не бянтэжыліся перад цяжкасцямі і не гублялі настрой у гэтай барацьбе з залежнасцю. Езус сказаў: “Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя” (Лк 21, 19). Дай нам ласку трываласці да канца і Тваёй матчынай апекі над тымі, хто ад гэтага пакутуе. Амэн.
З павагай, кс. Юрый Бяганскі