Ці трэба пры смерці блізкага чалавека ў доме завешваць люстэркі тканінай? Гэта штосьці азначае ці гэта забабоны?
Адказвае кс. Віктар Ханька
На жаль, завешванне люстэрак, калі памірае нехта з блізкіх, мае свой пачатак у язычніцтве і забабонах. Нічога агульнага з нашай хрысціянскай верай гэта не мае.
Існуюць некалькі версій гэтых прымхаў. Часцей за ўсё людзі вераць, што душа яшчэ блукае на зямлі некаторы час, і яна можа зазірнуць у люстэрка і пажадаць застацца.
Ёсць яшчэ версія, што люстэрка як быццам падвойвае прадметы і таму можа падвоіць смяротнасць дома.
Ёсць таксама забабоны, што люстэрка адкрывае партал у іншы свет, гэтыя прымхі вельмі часта маюць карані ў фільмах, літаратуры пра магію, чараўніцтва, акультныя рытуалы і абрады. І часта ў людзей з’яўляецца страх, таму яны завешваюць люстэркі.
Адказ, чаму людзі так робяць, ляжыць у першай запаведзі, дакладней у яе незахаванні. Калі чалавек мае з Панам Богам жывыя і сапраўдныя адносіны, значыць моліцца, жыве ў сакрамэнтах Касцёла і яго вучэнні, то ён разумее і ведае, што Бог з’яўляецца гаспадаром жыцця і смерці. А ўсе забабоны з’яўляюцца таму, што чалавек не верыць і не давярае Пану, а праз свае страхі шукае знакаў, падтрымкі, адказаў у чымсьці або кімсьці.
Самае важнае, чым павінны займацца родныя памерлага, – гэта малітва. У гэтым больш за ўсё мае патрэбу душа памерлага. А ўсе рытуалы і абрады, заснаваныя на страху, сумненнях, нявер’і, бязбожнасці, лепш прыбраць са свайго жыцця.
З малітвай, кс. Віктар