Як часта біскуп павінен мяняць пробашчаў у парафіях, ці дапушчальна, каб быў адзін пробашч, напрыклад, 23 гады?
Адказвае кс. Павел Урбан
Іерархічны Касцёл выконвае сваю патройную місію ў свеце, арганізуючы сваю дзейнасць паводле нормаў кананічнага права, якое гарантуе кожнаму члену каталіцкай супольнасці ўсе неабходныя сродкі для збаўлення. Як Святы Айцец з’яўляецца абсалютным суверэнам у свеце, улада якога абмежавана толькі Божым законам, падобна і дыяцэзіяльны біскуп на тэрыторыі даверанай яму дыяцэзіі рэалізуе ўласную, звычайную і непасрэдную ўладу, будучы абмежаваным выключна кананічным правам альбо дэкрэтам Святога Айца (кан. 381). Пробашч жа выконвае сваё пастырскае служэнне пад кіраўніцтвам біскупа дыяцэзіі (кан. 519). Менавіта ён, біскуп, мае права самастойна, незалежна ні ад каго, прызначаць пробашча той ці іншай парафіі (кан. 523).
Як надоўга павінен прызначацца пробашч? Канон 522 абавязвае біскупа прызначыць пробашча на неакрэслены, неабмежаваны час, таму што пробашч, як кажа гэты канон, павінен мець стабільнасць на пасадзе. Толькі дэкрэт Канферэнцыі Біскупаў (зацверджаны Святым Айцом) дае біскупу дыяцэзіі права – ні ў якім выпадку не абавязак – прызначыць пробашча ў парафію на канкрэтна акрэслены час.
Прызначаны на парафію пробашч бесперашкодна выконвае сваё пастырскае служэнне для духоўнай карысці вернікаў, пакуль яму не споўніцца 75 гадоў. Дасягнуўшы гэтага ўзросту, ён мае абавязак звярнуцца да біскупа з прашэннем аб адстаўцы (кан. 538). Біскуп мае права або прыняць адстаўку, або прасіць пробашча і далей выконваць сваё служэнне ў парафіі.
Выключна біскуп дыяцэзіі мае права ацэньваць якасць і карысць для вернікаў пастырскага служэння пробашча ў парафіі (канн. 1740, 1742, 1748). Кіруючыся ўзгаданай ацэнкай, біскуп мае права вызваляць пробашча ад абавязкаў у парафіі для даручэння яму іншых абавязкаў. Маючы на ўвазе стабільнасць пасады пробашча ў канкрэтнай парафіі, кананічнае права вельмі дакладна акрэслівае працэдуру на той выпадак, калі біскуп дыяцэзіі захоча змяніць пробашча ў парафіі.
З малітвай, кс. Павел