Як у касцёле неабходна сябе паводзіць перад крыжам і абразамі? Ці трэба абавязкова станавіцца на калені або дастаткова зрабіць знак крыжа і схіліць галаву? Або нахіленне галавы ў католікаў не прынята?
Адказвае кс. Аляксандр Вараб’ёў
Касцёл – гэта дом Божы, у якім прысутнічае жывы і праўдзівы Бог. Калі ўваходзім у святыню, належыць найперш прывітацца з Езусам Хрыстом, схаваным пад выглядам хлеба, у табэрнакулюме.
Акрамя гэтага, мы сустракаем у нашых святынях іншыя сімвалы, якія служаць нам дапамогай у развіцці нашай веры і нагадваюць, якім чынам мы атрымалі збаўленне. Адной і найважнейшай з гэтых рэчаў з’яўляецца крыж. Ён нагадвае нам праўду пра тое, што на ім памёр Бог!
Калі ў дачыненні да Найсвяцейшага Сакрамэнту мы дакладна ведаем, як сябе паводзіць, то ў дачыненні да крыжа ёсць няпэўнасць, асабліва зараз, падчас пандэміі COVID-19.
Крыж – найвялікшы сімвал любові, бо на ім знаходзіцца наша Збаўленне.
Згодна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, мы аддаём пашану крыжу праз уцалаванне. Пацалунак – вельмі інтымны знак любові. Але, акрамя гэтага, існуюць і іншыя формы паводзінаў перад крыжам у касцёле і перад касцёлам. Гэта паклон альбо простае прыпыненне і ўзіранне з падзякай у гэты знак збаўлення на працягу хаця б секунды.
Акрамя крыжоў, у нашых касцёлах ёсць абразы, на якіх прадстаўлены святыя, што ў часы свайго жыцця на зямлі вельмі палюбілі Бога і прысвяцілі жыццё Яму. Прыходзячы ў святыню, мы просім у нашых апекуноў і ўлюбёных святых дапамагаць нам прасіць у Бога ласкі, патрэбныя для нас або для іншых. І тут узнікае пытанне, якой павінна быць пастава нашага цела. Яны таксама могуць быць розныя, самыя папулярныя з іх (з таго, што бачу, гледзячы на іншых і сам так робячы) – гэта ўкленчванне са складзенымі рукамі.
Укленчванне выражае знешне волю і жаданне чалавека аддаць Богу пашану, а таксама прасіць у малітве аб патрэбных ласках.
З малітвай, кс. Аляксандр