Ці можна на хрысціянскіх знаках (крыжыках/медальёнах) з адваротнага боку рабіць гравіроўку, якая не мае дачынення да хрысціянства, напрыклад: “Дарагому N у юбілей 60-годдзя ад ...”? Ці гэта будзе блюзнерствам?
Адказвае кусташ санктуарыя ў Тракелях кс. Юрый Бяганскі
Прысвячэнне – кароткая форма маўлення, скіраваная да таго, каму штосьці дораць, тым, хто дорыць, паведамленне пра прысвячэнне новай святыні ці місійнага крыжа, а таксама інфармацыя пра асобу, якой аўтар прысвячае свой твор. Што датычыцца людзей, гэта выраз памяці, прынясенне задавальнення або выяўленне пачуццяў. Гэта словы, уласнаручна напісаныя і падпісаныя аўтарам твора або ўладальнікам прадмета. Прысвячэнне – найвышэйшая ўдзячнасць, выраз любові або павагі да асобы, узгадванне пра яе высокімі словамі часам нават у маленькай працы. Першапачаткова такую ўдзячнасць атрымлівалі касцёлы, місійныя крыжы і іншыя рэлігійныя рэчы, а таксама асобы, якія займалі высокае становішча ў грамадскай іерархіі, а пазней з’явіліся сямейныя і сяброўскія прысвячэнні ў вершаванай форме, цытаты з Бібліі і іншыя.
Прысвячэнні і запісы ў падараваных кнігах ці іншых рэчах – паўсюдная практыка, аднак трэба прызнаць, што рэлігійныя кнігі і прадметы займаюць у гэтым кантэксце асаблівае месца. Пэўны запіс павінен адпавядаць пэўнай нагодзе і мець сувязь з адпаведнымі вартасцямі (напрыклад, з нагоды прыняцця сакрамэнтаў ці якогасьці юбілею). Бо гэта не звычайнае чытанне ці рэчы. Прысвячэнне ў гэтым месцы таксама займае высокую ступень і ўказвае на шлях, які дзіцяці або юбіляру жадае аўтар.
Чаму прысвячэнне настолькі важнае, асабліва ў дачыненні да касцёла, Бібліі і рэлігійных прадметаў? Бо запіс застаецца там назаўсёды, будзе пастаянна нагадваць пра асобаў і пра моманты, з якімі было звязана іх стварэнне. Гэта не выключная нагода да ўспаміну, але гэта будзе своеасаблівай нагодай да разважання і роздуму ў штодзённым рытме жыцця. І гэта незвычайна важна і істотна, бо такі запіс ці прысвячэнне да Святога Пісання ці на рэлігійных прадметах можа стаць вельмі важным для той асобы, якой іх дораць, і ніякага граху ў гэтым няма.
Калі змяшчаем прысвячэнне ў Святым Пісанні ці іншых кнігах (найчасцей на трэцяй старонцы, але калі яна цалкам занятая друкаваным тэкстам, то пераходзім да наступнай), можа быць просты запіс, у якім узгадваецца нагода і змяшчаецца подпіс (або подпісы) аўтара (аўтараў). Калі хочам зрабіць сваё прысвячэнне больш арыгінальным, можам далучыць пажаданні шчасця, радасці, любові ці, напрыклад, шматлікіх Божых ласкаў і апекі Маці Божай. Усё гэта залежыць ад нашага ўяўлення. Самае важнае – каб нашыя пажаданні паходзілі з сэрца і былі цалкам шчырыя, якія павінны надоўга застацца ў памяці і выклікаць прыемныя ўспаміны.
З малітвай, кс. Юрый