У народнай традыцыі Маці Божая, свята нараджэння якой мы адзначаем 8 верасня, успрымалася як апякунка восеньскага севу і таму была названа Маці Божая Сеўная.
Святое Пісанне маўчыць пра нараджэнне Марыі. На аснове апакрыфічных твораў, асабліва “протаевангелля Якуба” ІІ стагоддзя (якое паўстала ў невялікім адрэзку часу ад Евангелля паводле Яна), што апісвае нараджэнне і маладыя гады Марыі, мы даведваемся, што Яе бацькамі былі святыя Ганна і Яўхім.
Вельмі пабожнае сужэнства, але, на жаль, бяздзетнае. Адсутнасць дзяцей у тыя часы лічылася Божай карай за грахі продкаў.
Ужо сталыя па ўзросце сужэнцы не гублялі, аднак, надзею, нягледзячы на, напэўна, асуджэнні і дакучлівыя заўвагі суседзяў і дарэмныя малітвы і просьбы да Бога аб дары мацярынства. Глыбока веруючыя, вельмі пабожныя, а Бог быццам бы не бачыў іх цярпення, нібыта пакінуў іх ва ўладу злых языкоў суседзяў. Але Бог паступае паводле сваіх прынцыпаў, незразумелых для чалавека, часам як бы насуперак чалавеку.
І з гэтага бясплоднага сужэнства прыходзіць на свет Заранка збаўлення, новая Ева, выбраная, якую палюбіў Бог, які Ёй давяраў бязмежна і якая Бога ніколі не падвяла. Вымаленае, так доўга чаканае дзіця нарэшце было ім дадзена, падобна як гэта было з Абрагамам і Сарай.
Бог не глухі на просьбы сваіх верных, але адказвае, дзейнічае ў свой час. Яны былі бяздзетныя, асуджаныя – па-чалавечы – на забыццё, на выміранне, а Бог упісвае іх у доўгі ліст пакаленняў, якія далі свету Збаўцу. Гэта яны, нібы без будучыні, становяцца прыладамі збаўлення, будучыняй для ўсіх людзей.
Мы не ведаем ні месца, ні даты нараджэння Марыі. Дапускаецца, што гэта можа быць Бэтлеем, Назарэт або нават Ерузалем. Дзень нараджэння Марыі не толькі прынёс радасць Яе бацькам, але і стаў радасцю ўсяго чалавецтва, бо народжаны з Яе Хрыстус паяднае нас з Богам і ахвяруе нам супакой, якога свет даць не можа (пар. Ян 14,27).
Бацькі, удзячныя за такі цудоўны дар, аддаюць маленькую Марыю ў святыню, дзе Яна вучылася маліцца, пазнавала Святое Пісанне, расла ў веры і з самага пачатку вучылася быць з Богам, Яму служыць.
Бацькі далі Ёй тое, што лічылі найлепшым для свайго дзіцяці: рэлігійнае выхаванне – жыццё ў блізкасці з Богам, служэнне Яму, распазнаванне і спаўненне Яго волі, станаўленне “слугой Панскай”. Бацькі Марыі, праз іх глыбокую веру, бязмежны давер Богу, падрыхтавалі грунт для нараджэння Той, якая стане Маці самога Збаўцы.
Яўхім і Ганна далі свайму нованароджанаму дзіцяці імя Марыя. Яно азначае “пані”. Хрыстус з’яўляецца нашым Панам, Марыя – нашай Пані, Каралевай неба і зямлі. “Марыя” – значыць прыгожая, не толькі целам, але найперш Божай ласкай, прывілеем беззаганнага зачацця, сваім адухаўленнем.
Імя “Марыя” азначае таксама “святло”, бо яна была асвечана больш за ўсіх святых. “Марыя” – паводле традыцыі азначае “зорка мора”, паколькі Маці Пана і нас, людзей, апякуецца намі, згубленымі ў вялікім моры жыццёвых няпэўнасцяў.
Згодна з традыцыяй 8 верасня благаслаўляецца зерне, прызначанае для севу. Гаспадары звяртаюцца да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, каб захаваў свет ад голаду, наваднення, засухі і ўсялякай шкоды.
Няхай Марыя дапаможа кожнаму чалавеку распазнаваць Божы план на сваё жыццё. Кожны чалавек мае сваё месца ў плане збаўлення, кожнае чалавечае нараджэнне ўпісана ў доўгую літанію імёнаў у кнізе жыцця.
Няхай Яна дапаможа кожнаму жыць і працаваць так, каб жыццё прынесла шчодры плён, як гэтае благаслаўлёнае ў дзень Яе нараджэння зерне, якое з верай і надзеяй гаспадары кладуць у падрыхтаваную раней глебу, чакаючы багатага ўраджаю, які дасць людзям хлеб, неабходны для жыцця.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч