Мы перажываем тыдзень, сапраўды выключны ва ўсім каляндарным годзе. На гэтым тыдні асаблівая серада падзяляе яго напалову так рэзка, як ніякая іншая. Да яе – карнавал, забавы, нават свавольствы, а пасля яе – пакаянне, адмаўленне ад алкагольных напояў, цыгарэт, слодычаў: з’яўляюцца пастановы, адрачэнні і абяцанні.
У гэтым годзе Папяльцовая серада, якая распачынае час Вялікага посту, прыпадае 22 лютага. Гэты пост Вялікі не таму, што трывае доўга – ажно 40 дзён, – а таму, што рыхтуе нас да нечага вялікага: да ўрачыстасці Уваскрасення Пана. Вялікі пост варта перажываць менавіта ў духу ўваскрасення.
У Папяльцовую сераду – першы дзень Вялікага посту – вернікі, якія наведваюць святыню, прымаюць на свае галовы попел. Попел з’яўляецца сімвалам змярцвення і навяртання да Бога. Ён нагадвае нам крохкасць нашай чалавечай прыроды, асабліва калі мы не хочам навяртання, калі не чынім пакаяння, якое нам набліжае навяртанне.
Таксама Папяльцовая серада, разам з абрадам пасыпання попелам, – гэта час нагадвання аб вялікай моцы чалавека навернутага; чалавека, які жыве адкупленнем, які ідзе сцежкай збаўлення; чалавека, з’яднанага нейкім чынам з Езусам Хрыстом.
У гэты час Вялікага посту мы хочам быць добрымі. Езус Хрыстус заахвочвае нас, каб усё, што мы робім, было добрым, бо Айцец, “які ўсё бачыць”, таксама бачыць і судзіць нашы ўчынкі. Акрамя таго, мы хочам на пачатку гэтага Вялікага посту скіраваць сваю думку найперш да Бога і лічыцца з Богам, які любіць нас і кожнага чалавека і вельмі заклікае нас, каб мы ў гэты святы пост актыўна ўключыліся ў Яго любоў да ўсіх, значыць да кожнага.
Мы павінны шукаць у гэты Вялікі пост нагоды дапамагчы патрабуючаму, бяднейшаму за нас, бедным таксама і матэрыяльна, але і – а можа, і найперш, – бедным духоўна, каб іх прывесці да вяршыні навяртання.
Пажадаем жа глядзець на Таго, чыё сэрца было прабіта на крыжы за нашы грахі, пажадаем у Яго абліччы ўбачыць аблічча любячага Айца. І пажадаем у абліччы ўкрыжаванага Езуса ўбачыць сябе, а таксама кожнага чалавека, які з’яўляецца на сцежках нашага жыцця.
Будзем прасіць Пана, каб для кожнага з нас сёлетні Вялікі пост прынёс як мага больш багатыя плёны ласкі. Няхай ён будзе нашай асабістай сустрэчай з церпячым Збаўцам, няхай нам дапаможа нанова адкрыць Яго любоў і ёй паверыць.
Кс. Юрый Марціновіч