Сёлетні перыяд Вялікага посту перажываем у Год св. Яна Паўла ІІ.
Нельга не звярнуцца да спадчыны Папы і не “падсілкавацца” пасланнямі, якія ён кіраваў да вернікаў на працягу ўсяго пантыфікату, так, каб умацаваць свае сэрцы.
Навяртацца да Бога праз Езуса Хрыста
Падчас Вялікага посту нам усім трэба з асаблівай увагай глядзець на Крыж, каб нанова зразумець яго прамову. Не можам бачыць у ім толькі напамін аб падзеях, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму. Павінны разумець вучэнне Крыжа так, як ён прамаўляе для нашых часоў, для сённяшняга чалавека: “Езус Хрыстус той самы ўчора і сёння, і навекі” (Гбр 13, 8). У крыжы Збаўцы выражаецца моцны заклік да навяртання: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). І гэты заклік неабходна ўспрымаць як накіраваны да кожнага з нас і да ўсіх увогуле, асаблівым чынам з нагоды Вялікага посту. Памятайма таксама, што ў літургіі велікапосных стацый, як і ў набажэнстве Крыжовага шляху, сузіральная малітва вядзе да яднання з таямніцай Таго, хто быў пасланы Богам перамагчы грэх, хоць сам не ведаў яго.
Па прыкладзе святых кожны ахрышчаны пакліканы верна пераймаць Езуса, які, накіроўваючыся ў Іерусалім, усведамляючы хуткую муку, вызнае вучням: “Я павінен прыняць хрост”. Такім чынам, велікапосны шлях з’яўляецца для нас паслухмяным перайманнем Божага Сына, які стаў пакорлівым Слугой.
Быць нястомнымі працаўнікамі Хрыстовай Любові
Вялікі пост – гэта сапраўдны і неадкладны заклік Пана да ўнутранага абнаўлення: як асабістага, так і супольнаснага – праз малітву і вяртанне да сакрамантаў, а таксама праз праяўленне любові, праз асабістую і калектыўную ахвяру часу, матэрыяльных сродкаў і разнастайных даброт, каб задаволіць патрэбы і прадухіліць беды нашых братоў па ўсім свеце.
Дзяленне з’яўляецца абавязкам, ад якога не могуць ухіляцца людзі добрай волі, а асабліва вучні Хрыста. Формы гэтага дзялення розныя: ад добраахвотнага служэння з годнай Евангелля спантаннасцю, ад шчодрых і не толькі аднаразовых дароў з таго, чаго ў нас зашмат, а часам і з таго, што нам самім патрэбна, да працы, прапанаванай беспрацоўнаму ці таму, хто вось-вось страціць надзею.
Чыніць так, як наказвае ўласнае сэрца
Гэты заклік надзвычай актуальны. Каб кожны мог адчуць глыбокую радасць ад падзеленага з іншым пасілку, ад гасціннасці, аказанай падарожнаму, ад дапамогі бедным, ад прадастаўленай беспрацоўным працы, ад сумленнага і мужнага выканання сваіх грамадзянскіх і сацыяльна-прафесійных абавязкаў, ад міру, які пануе ў сямейным “санктуарыі” і ў міжасобасных адносінах. Усё гэта Божая любоў, да якой павінны навярнуцца.
Любоў, неразрыўна звязаная са служэннем, часта так моцна неабходным нашаму бліжняму. Стараймася заслужыць, каб у апошні дзень маглі пачуць ад Хрыста, што дабро, якое зрабілі аднаму з найменшых сярод Яго братоў, мы зрабілі Яму!
Правесці дбайную рэвізію жыцця
У сучасным свеце акрамя самаахвярных сведкаў Евангелля хапае таксама ахрышчаных людзей, якія, пачуўшы няпросты заклік выправіцца “ў дарогу ў Іерусалім”, прымаюць пазіцыю маўклівага супраціву, а часам нават адкрытага бунту. Гэта бывае тады, калі малітва перажываецца імі, хутчэй, павярхоўна, а Божае слова не ўплывае на жыццё. Нават сакрамант пакаяння многія лічаць малаважным, а нядзельную Эўхарыстыю ўспрымаюць толькі як абавязак, які трэба выконваць. Як здзейсніць глыбокую перамену жыцця? Трэба адкрыць сваё сэрца на пранізлівае пасланне літургіі. Перыяд падрыхтоўкі да Пасхі з’яўляецца правідэнцыяльным Божым дарам і каштоўнай магчымасцю наблізіцца да Яго, уваходзячы ў сябе і прыслухоўваючыся да голасу ўнутраных указанняў.
Памятаць, што [...] у прах вернешся
У рэзультаце першароднага граху жыццё на зямлі было з самага пачатку ўпісана ў перспектыву смерці. Нашы целы смяротныя, г. зн. яны адзначаны немінучасцю смерці. Мы жывём, заўсёды маючы перад вачыма мяжу: кожны пражыты дзень непазбежна набліжае да яе. А смерць мае ў сабе штосьці ад знішчэння. Здаецца, што разам са смерцю ўсё заканчваецца. І менавіта перад такой прыгнятаючай перспектывай чалавек, усведамляючы свой грэх, узносіць да Неба вокліч надзеі: “Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух. Не адкінь мяне ад свайго аблічча і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога” (Пс 51 (50), 12–13).
Таксама сёння веруючы чалавек, які адчувае пагрозу зла і смерці, заклікае гэтымі словамі Бога, ведаючы, што яму наканавана вечнае жыццё. Усведамляе, што ён не толькі цела, асуджанае на смферць пасля граху, але і душа, якая не памірае. Таму звяртаецца да Бога, які здольны тварыць з небыцця; да Бога, Адзінароднага Сына, які, стаўшы чалавекам для нашага збаўлення, памёр за нас і ўваскрос з мёртвых, а цяпер жыве ў хвале; да Бога, бессмяротнага Духа, які ажыўляе і вяртае жыццё.
Кінга Красцікая, паводле "Слова Жыцця"