Наступіў Вялікі пост. На працягу стагоддзяў перажыванне гэтага часу мела розныя формы, але заўсёды тую ж самую мэту – пакаянне за грахі і з’яднанне з Панам.
Сёння некаторыя з велікапосных практык святых могуць нас шакіраваць. Пэўныя з прымяняемых імі спосабаў утаймавання душы і цела не абмяжоўваліся перыядам Вялікага посту і суправаджалі святых штодня. Разглядзім некалькі такіх прыкладаў, каб натхніцца ўзорам любові і адданасці Езусу.
Жыццё на слупе
Св. Сымон Слупнік нарадзіўся ў канцы IV стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Жадаючы прысвяціць жыццё Богу, раздаў маёмасць убогім і ўступіў у ордэн эрэмітаў. Але хутка пакінуў кляштар, прагнучы жыць як пустэльнік. Стаў практыкаваць аскезу. Абмежаваў свой пасілак да мінімуму не толькі падчас Вялікага посту, але на і кожны дзень. Звязваў цела вяроўкай з пальмавага лубу, густа пераплеценай з калючкамі. Аднойчы папрасіў закрыць яго ў каменным баку для вады. І жыў у такой цеснай пячоры, што не мог выцягнуць ногі.
Праз нейкі час Сымон пасяліўся паблізу Антыёхіі – цэнтра тагачаснага хрысціянскага жыцця. Там пабудаваў каменны слуп з невялікай платформай, на якой знаходзіўся на працягу 40-ка наступных гадоў. Ад дажджу і гарачага сонца яго абараняў толькі плашч з капюшонам. Большую частку жыцця святы прысвяціў малітве, стоячы на слупе. Многія гадзіны праводзіў за сузіраннем.
Каменны слуп першапачаткова меў 3 метры ў вышыню. З цягам часу ён быў узняты прыблізна да 18-ці.
З гэтай вышыні Сымон прапаведаваў людзям, якія ў вялікай колькасці прыбывалі сюды маліцца. Такім чынам навярнуў тысячы язычнікаў з паганскай Аравіі і Персіі. Многія прыходзілі да яго па параду і прасілі аб хадайніцтве перад Богам у прыватных і грамадскіх справах.
Пасля смерці Сымона на месцы, дзе стаяў слуп, пабудавалі святыню. Пазней яна была разбурана. Сёння там стаіць алтар.
40 дзён – 40 арэхаў
Св. Андрэй Сверад з Польшчы жыў у часы, калі хрысціянізацыя грамадства была яшчэ павярхоўнай і тычылася пераважна вышэйшых класаў (Х стагоддзе). Адной з заслуг святога было распаўсюджванне веры менавіта сярод простага люду.
Пасля ўступлення ў ордэн бенедэкцінцаў Андрэй Сверад вёў жыццё, поўнае цяжкасцей і нягод, здзіўляючы людзей сваёй пакорнасцю.
Тры дні на тыдзень ён наогул нічога не еў: у панядзелак, сераду і пятніцу. А на Вялікі пост браў у абата толькі 40 грэцкіх арэхаў, якія былі адзінай ежай на працягу 8-мі тыдняў, за выключэннем субот і нядзель, калі прымаў супольны пасілак з братамі.
Пасля дасягнення 40-ка гадоў манах атрымаў дазвол на пустэльніцкае жыццё. Згодна з правіламі ордэна, разам з вучнем, св. Бенедыктам, яны кожны тыдзень накіроўваліся ў пустэльню, да якой было паўдня дарогі, і вярталіся ў супольнасць на суботні вечар і ўсю нядзелю. У адасобленасці займаліся карчаваннем лесу.
Працуючы ўвесь дзень, ноч манах стараўся праводзіць у малітве, пакінуўшы трохі часу для сну. Аднак каб нават сон зрабіць нязручным, ён сядаў на пень, акружаны вострымі прутамі, і надзяваў на галаву драўляны вянец з павешанымі на ім 4-ма камянямі, аб якія ўдараўся пры кожным кіўку. Акрамя таго, пустэльнік насіў латунны ланцужок, які праз некаторы час урос у цела. Менавіта гэта стала непасрэднай прычынай яго смерці, таму што пасля разрыву скуры развілася інфекцыя. Браты даведалася пра гэты ланцужок, калі мылі цела перад пахаваннем і ўбачылі на жываце спражку.
Убор, які мучыць цела
Св. Фаўстына Кавальская (1905–1938) з Польшчы, манахіня, аўтар вядомага “Дзённіка” таксама практыкавала сталыя ўтаймаванні цела. У яе выпадку гэта была валасяніца. Па-лацінску яна называецца “кілікум” (ад Кілікіі – краіны, з якой паходзіў св. Павел). Валасяніца прадстаўляла сабой пастухоўскую шату строгай формы, зробленую з грубай казінай або вярблюджай поўсці. Пра яе ў Бібліі згадвае прарок Ісая (Іс 50, 3), называючы мяшком, таму што “кілікум” сапраўды быў падобны на адвернуты мех з выразам для галавы.
У каталіцкіх манастырах звычай нашэння валасяніцы даволі распаўсюджаны.
Яе надзявалі пад хабіт ці сутану, таму ніхто, акрамя непасрэднага акружэння манаха ці манахіні, не ведаў пра ўтаймаванне асобы. У больш пазнейшы час назву “валасяніца” сталі адносіць таксама да калючай металічнай стужкі або ланцужка з шыпамі, якія носяць на сцягне.
Кожная манаская асоба, якая жадала ўтаймоўвацца, носячы валасяніцу, павінна была атрымаць на гэта дазвол ад свайго настаяцеля, духоўнага кіраўніка альбо спаведніка. Так было і з с. Фаўстынай. З “Дзённіка” даведваемся, што манахіні дазвалялі надзяваць валасяніцу, напрыклад, на адну Імшу на працягу некаторага часу. Парой яе настаяцельніца давала дазвол на нашэнне валасяніцы больш за 2 гадзіны ў дзень.
Св. Фаўстына цярпела, каб выпрасіць ласкі для душ грэшнікаў, вымаліць для іх вечнае збаўленне ў Небе. Манахіня запісала ў сваім “Дзённіку”: “Сёння я на працягу 7-мі гадзін насіла ланцужковы пояс, каб папрасіць аб ласцы раскаяння для гэтай душы; у сёмую гадзіну адчула палёгку, бо гэтая душа ва ўласным нутры спазнала прабачэнне, хаця яшчэ не спавядалася” (Дз. 1247–1248).
Каментар святара
Што датычыць сучаснага разумення і перажывання посту, я б не адважыўся сказаць, што ў Касцёле наступілі нейкія радыкальныя змены. Пост, як і многія стагоддзі таму, з’яўляецца дзейснай аскетычнай практыкай, што дапамагае хрысціяніну аднавіць сваю духоўнасць, ажывіць адносіны з Госпадам, а таксама звярнуць увагу на дапамогу бліжняму. З іншага ж боку, кожная эпоха і нават кожнае пакаленне вернікаў прыўносіць у касцёльную рэчаіснасць нешта сваё, адметнае. І мы таксама не выключэнне.
Паспрабуем вылучыць некалькі “розніц” у перажыванні посту паміж намі і продкамі ў веры.
Першая, і, можа, найбольш распаўсюджаная – гэта абмежаванне ў ежы. Такая практыка вядома ўжо з часоў зараджэння хрысціянства. Варта ўсведамляць, што адмова ад некаторых няпостных страў католіку сярэднявечча каштавала нашмат больш, чым нам. У яго штодзённым рацыёне і так не часта прысутнічала мяса, не кажучы ўжо пра разнастайныя віды каўбас, кандытарскіх вырабаў і г. д.
Другая рэч – залежнасць ад масавай культуры, перадусім індустрыі адпачынку. Адмова ад публічных забаў, фэстаў некалькі стагоддзяў таму была не такім цяжкім выпрабаваннем – іх і так было няшмат. Сучаснаму ж чалавеку часам вельмі складана адмовіцца падчас посту ад прагляду любімага серыяла ці тэлеперадачы, абмежаваць доступ у інтэрнэт ці праслухоўванне любімай музыкі.
Трэцяя справа, практычна немагчымая для мінулага, – гэта канкурэнцыя посту з дыетай.
Даступнасць таннай і каларыйнай ежы і злоўжыванне ёю прывяло да паўстання рознага роду методык і форм здаровага ладу жыцця. Тэндэнцыя атаясамлення аднаго з другім прыводзіць да неадпаведнага разумення таго, што такое пост. Часта гэты час ператвараецца ў яшчэ адну аказію, каб палепшыць сваю фізічную кандыцыю і пры нагодзе падрыхтавацца да летняга адпачынку.
Варта разумець, пост – не толькі чарговая нагода, каб адмовіцца ад чагосьці ці абмежаваць сябе ў нечым, але каб прыглядзецца да сваёй хрысціянскай штодзённасці: да якасці сакраментальнага жыцця, да рэгулярнасці чытання Святога Пісання, рэлігійнай літаратуры і да т. п. Як у мінулыя часы, так і цяпер, пост з’яўляецца эфектыўным сродкам, які дазваляе чалавеку абудзіць сваю веру, навязаць больш блізкія адносіны з Панам. Гэта таксама добрая магчымасць, каб направіць “спаленыя масты” з іншым чалавекам праз прабачэнне, навязанне дыялогу, аказанне міласціны (кс. Віталь Сідорка).
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"