Tрадыцыйна ў Папяльцовую сераду, якая ў гэтым годзе прыпадае на 26 лютага, у Каталіцкім Касцёле пачынаецца час Вялікага посту. Гэты дзень адметны тым, што святар пасыпае галовы вернікаў попелам, кажучы пры гэтым словы: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” або: “Ты прах і ў прах вернешся”.
Попел – сімвал змярцвення і навяртання да Бога. Попел азначае знішчэнне.
Попел – гэта тое, што застаецца пасля пажару ці ад спаленага дрэва. Падчас Вялікага посту Касцёл заклікае нас спаліць усё тое, што не патрэбнае ў нашым жыцці, а менавіта грэх, каб ён не перашкаджаў у нашым духоўным развіцці i імкненні да дасканаласці.
Перыяд Вялікага посту, які працягваецца 40 дзён, – гэта час, калі перш за ўсё варта, а нават і трэба, засяродзіць увагу на месцы Бога ў сваім жыцці. Гэта час, калі трэба ўбачыць сябе ў адносінах да Бога. Нарэшце, гэта час, калі належыць убачыць іншага чалавека, які гэтак жа, як я, задумваецца аб месцы Бога ў сваім жыцці і аб самім сабе. Але час Вялікага посту – гэта найперш час успомніць пра любоў Бога да чалавека, што аб’явілася ў Езусе Хрысце, які памёр за мяне. Гэта ў Ім Бог паказаў нам сябе.
У гэты асаблівы час ласкі і збаўлення мы павінны адчуць, што Пан Бог вялікі, бо кожны раз аказвае чалавеку сваю міласэрнасць і дае ласку. Святы Айцец Францішак у сёлетнім пасланні на Вялікі пост нагадвае, што досвед міласэрнасці магчымы толькі ў кантакце “тварам у твар” з Езусам. Таму перыяд Вялікага посту – гэта нагода да сузірання і малітвы.
“Яна не столькі з’яўляецца абавязкам, колькі выражае патрэбу адказаць на любоў Бога, якая нас заўсёды апярэджвае і падтрымлівае. Бо хрысціянін моліцца, усведамляючы, што ён любімы, нягледзячы на сваю нявартасць”, – гаворыцца ў пасланні.
Папа адзначыў, што менш важная форма малітвы, а больш – тое, каб яна “руйнавала цвярдыні нашага сэрца”, каб усё больш весці да Бога і спаўнення Яго волі. “Чым больш мы дазваляем уздзейнічаць на сябе Яго Слову, тым больш у нас атрымліваецца спазнаць Яго бескарыслівую міласэрнасць да нас”, – дадае Святы Айцец.
Распачынаючы час Вялікага посту, станем у праўдзе і не будзем хаваць ад саміх сябе і ад Бога нашы грахі. Калі не прызнаем смяротнай хваробы і дыягназу ўрача, не станем здаровыя. Падобна і непрызнанне свайго граху не паспрыяе таму, што мы станем лепшыя.
Грэх – хвароба душы, таму, каб ратаваць сваё жыццё, варта не чакаць больш і вызнаць перад Богам у канфесіянале тое, што з’яўляецца грахом і што з прычыны нашай пыхі і памылак мы хаваем. Бо, як кажа Слуга Божы арцыбіскуп Фултан Шын, “быць грэшнікам – наша няшчасце, але ўсведамляць гэта – наша надзея”.
Удзельнічаючы ў набажэнствах Вялікага посту, такіх, як Песні жальбы і Крыжовы шлях, будзем глядзець на раскрытыя абдымкі ўкрыжаванага Хрыста і дазволім сябе збавіць!
Кс. Юрый Марціновіч