Першая асацыяцыя з Вялікім постам, якая ў нас узнікае, – гэта тэма навяртання. “Навяртанне грэшнікаў” – а гэтым грэшнікам можа быць сусед-п’яніца, які перашкаджае нашаму “святому” спакою; забойца, які не прызнае сваёй віны; шэф на працы, які ставіцца да нас несправядліва, мала плаціць і наогул не думае так, як мы. Але, напэўна, не я.
Аднак мы задаем сабе пытанне: “Ці я бязвінны? Ці мне не патрабуецца навяртанне?”
Святы апостал Ян піша: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1, 8). A можа, тыя грэшнікі, якіх мы пераследуем, таксама думалі, што яны без граху і ім не патрабуецца навяртанне? Мы стаім перад абліччам пагрозы хлусні і ашуквання сябе, чаго так шукае злы.
Навяртанне – гэта тое, ў чым мае патрэбу кожны з нас без выключэння, але на што ў нас так мала часу, і мы адкладваем яго на пазней. Але Пан Бог міласэрны выходзіць першы насустрач слабому і ляніваму чалавеку. Пан дае нам асаблівы час разважання над сваім жыццём. Мы павінны толькі “сысці з нябёсаў” і ўсвядоміць, што мы слабыя людзі, якія патрабуюць Божай міласэрнасці і ласкі.
Незвычайна важнае ў навяртанні пакорнае стаўленне, прыклад якога мы можам знайсці ў Евангеллі паводле Лукі, дзе апісваецца, як у святыню прыйшлі двое людзей – фарысей і мытнік.
Першы апраўдваў сябе і дзякаваў Богу, што ён не такі, як іншыя, як гэты мытнік. А мытнік у сваю чаргу стаў у пакоры перад Богам і са скрухай прамаўляў словы: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага” (пар. Лк 18, 9-14). Гэты фрагмент Евангелля вучыць стаўленню, што як хрысціянін я не павінен пагарджаць грэшнікам, думаючы: “Дзякуй Богу, я не такі дрэнны, як іншыя. Добра, што я нарадзіўся такім добрым”. Трэба прызнаць факт, што я таксама мог бы быць на яго месцы. Замест таго, каб асуджаць, лепш памаліцца за грэшніка. Такое стаўленне прынясе добры плён для абодвух бакоў.
Наш Пан запрашае нас усіх без выключэння перажыць апошнія дні Вялікага посту разам з Ім. Заахвочвае нас пайсці з Ім у пустыннае месца, каб утаймаваць сваё цела і ачысціць душу. Езус хоча сфармаваць нас як сваіх вучняў. Ён запрашае нас разам з Ім перажыць урачысты ўваход у Ерузалем, спажыць Апошнюю вячэру, спазнаўшы горыч здрады. Пан запрашае нас да чування ў Садзе, запрашае спадарожнічаць Яму падчас несправядлівага асуджэння, бічавання і Крыжовага шляху. І ў канцы Ён чакае нас пад крыжам – на месцы, дзе чалавек становіцца ў праўдзе і пазнае Бога ў Яго міласэрнасці.
Будзем памятаць, што пост, малітва, міласціна, Эўхарыстыя, споведзь, рэкалекцыі, разважанні Крыжовага шляху, дапамога іншым людзям, пастановы, цярплівае знясенне крыўдаў – гэта толькі запрашэнні, якія Пан Езус скіроўвае да кожнага з нас.
Езус Хрыстус запрашае нас, нічога не загадваючы, пакідаючы нам свабодную волю. Мы добра ведаем, што апошняе слова за намі. Таму жадаю сабе і вам усім, каб мы не змарнавалі гэтага бясцэннага часу і плённа перажылі чарговыя дні Вялікага посту, спазнаючы радасць ад Уваскрасення Хрыста і слодыч новага жыцця!
Семінарыст Андрэй Юхнік