Калі мы ўважліва чытаем Біблію, то можам сустрэць лічбы, якія часта з’яўляюцца ў розных яе месцах, а адна з кніг Старога Запавету носіць назву Кніга Лічбаў.
Напрыклад, найчасцейшымі лічбамі Святога Пісання з’яўляюцца наступныя: тры (Святая Тройца, тры дні Езус знаходзіўся ў магіле, увесь род чалавечы паходзіць ад трох сыноў Ноя), сем (Елісей загадаў Нааману сем разоў абмыцца ў Ярдане (1 Вал 5), на сёмы дзень Бог адпачыў пасля стварэння свету і чалавека (Быц 2, 2-3)), дванаццаць (дванаццаць пакаленняў Ізраэля, дванаццаць апосталаў Хрыста), сорак (дождж патопу падаў сорак дзён (Быц 7), падарожжа ізраэльцян праз пустыню трывала сорак гадоў, Ілля сорак дзён ішоў да Божай гары Хорэб).
Літургічны перыяд Вялікага посту, у які мы ўвайшлі, таксама звязаны з лічбай сорак. Сапраўды, Майсей пасціўся сорак дзён (Зых 24), але, перадусім, пост Езуса ў пустыні трываў таксама сорак дзён. Адсюль грэчаская назва Вялікага посту “Tessarakoste” і яе лацінскі адпаведнік “Quadragesima” перакладаецца як “перыяд сарака дзён”. Сорак дзён перад Пасхай у першыя стагоддзі хрысціянства пасціліся таксама катэхумены, інакш кажучы, тыя дарослыя, якія рыхтаваліся да прыняцця хросту.
Здаецца, з лічбай сорак усё зразумела. Вялікі пост працягваецца сорак дзён на ўзор Хрыстовага посту. Аднак не ўсё тут так проста. Калі мы пачнём лічыць дні Вялікага посту, то абавязкова сутыкнёмся з праблемай. У нас не атрымаецца сорак дзён. Як тады знайсці правільнае рашэнне ўзніклай праблемы?
Варта адзначыць, што да рэформы Другога Ватыканскага Сабору Вялікі пост распачынаўся Папяльцовай серадой, аднак заканчваўся Пасхальнай вігіліяй. Тады існавала практыка, што вернікі ў гэты перыяд не пасціліся ў нядзелі. Ва ўсе астатнія дні абавязваў пост: у Папяльцовую сераду, ва ўсе пятніцы і суботы – пост сціслы (гэта значыць адначасова пост колькасны – адзін галоўны пасілак і два лёгкія, і якасны – устрыманне ад мясных страваў), у іншыя дні – колькасны пост. Таму фактычна было дакладна сорак посных дзён (ад 46 дзён перыяду адымалі 6 нядзеляў).
Пасля літургічных зменаў канец перыяду Вялікага посту перасунулі на Вялікі чацвер. Святы Пасхальны Трыдуум, які распачынаецца ўвечары ў Вялікі чацвер, выдзелены ў асобны літургічны перыяд. Тады колькасць посных дзён не адпавядае лічбе сорак.
Літургісты спрабуюць вырашыць гэтую праблему па-рознаму. Некаторыя працягваюць адымаць нядзелі Вялікага посту. Але, калі мы зазірнем у Імшал, то ўбачым I нядзелю Вялікага посту, II нядзелю Вялікага посту і г. д. Бачым, што кожная з гэтых нядзеляў – гэта элемент перыяду Вялікага посту. Больш за тое, і з нядзелямі, і без іх мы не атрымаем дакладна сорак дзён посту.
Іншыя сцвярджаюць, што Вялікі пост распачынаецца не ў Папяльцовую сераду, а ў I нядзелю Вялікага посту, бо так кажа малітва над дарамі: “Пане, наш Божа, учыні, просім, каб мы належным чынам складалі Табе ахвяру, якою распачынаем падрыхтоўку да святкавання велікоднай таямніцы”. Таксама Кангрэгацыя Божага Культу ў “Цыркулярным лісце аб падрыхтоўцы і перажыванні пасхальных святаў” (1988 г.) зазначае: “Першая нядзеля Вялікага посту – гэта пачатак шаноўнай штогадовай велікапоснай цэлебрацыі” (п. 23). Але літургічныя тэксты самой Папяльцовай серады – Калекта (“Пане, наш Божа, святым пастом дай нам распачаць духоўнае змаганне…”) і Малітва над дарамі (“Божа, наш Ойча, ласкава прымі ахвяру, якую ўрачыста складаем на пачатку Вялікага посту…”) – бачаць у ёй распачацце Вялікага посту. Таксама літургічны каляндар выразна ўключае Папяльцовую сераду ў перыяд Вялікага посту.
Таму найбольш сумленным вырашэннем справы было б сцвярджэнне, што Вялікі пост трывае прыблізна каля сарака дзён. Аднак новае выданне Імшала дае адказ на пастаўленае пытанне: чаму Вялікі пост трывае менавіта сорак дзён? Там з перыяду Вялікага посту вылучаны ўвесь Вялікі тыдзень. Святар у Пальмовую нядзелю ва ўступе да літургіі чытае: “Дарагія браты і сёстры, ад пачатку Вялікага посту мы рыхтавалі нашыя сэрцы да гэтага дня праз пакаянне і ўчынкі хрысціянскай міласэрнасці. Сёння мы сабраліся разам, каб з усім Касцёлам распачаць святкаванне пасхальнай таямніцы Езуса Хрыста”. Адымаючы ад цэлага перыяду шэсць дзён Вялікага тыдня, атрымліваем лічбу сорак.
Касцёл вызначыў нам сорак дзён на падрыхтоўку да найвялікшага свята – урачыстасці Уваскрасення Хрыста, ці Вялікадня. Шмат гэта ці мала – вырашаць кожнаму з нас. Аднак кожнаму з нас варта памятаць пра адно: як пражывем Вялікі пост, так і сустрэнем Вялікдзень. Жадаю ўсім нам плённа перажыць саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да Вялікадня.
Кс. Павел Эйсмант