Чаму Вялікі тыдзень называецца “вялікім”?
Паняцце “вялікі” падкрэслівае значэнне гэтага тыдня для ўсяго касцёльнага года, таму што менавіта падчас яго літургічна здзяйсняюцца збаўчыя падзеі.
Што сімвалізуе абмыванне ног 12-ці апосталам?
Мыццё ног з’яўляецца знакам пакорнай службы і падрыхтаванасці (таксама ў маральным плане) да служэння па прыкладзе Хрыста, які прыйшоў, “каб служыць”. Лічба 12 адсылае да 12-ці пакаленняў Ізраэля і 12-ці Апосталаў, сімвалізуючы колькасць паўнаты ў суадносінах колькасці і якасці (мужчыны з’яўляюцца тут прадстаўнікамі цэлай супольнасці).
Чаму ў Вялікі чацвер з алтара здымаюцца абрус і аздобы?
Алтар “абнажаецца” на знак набліжэння балесных падзей, звязаных з мукай і смерцю Хрыста. Гэты абрад прыгадвае, што перад укрыжаваннем Езуса распранулі.
Чаму ў Вялікую пятніцу ў Касцёле не адпраўляюцца св. Імшы?
Езус у гэты дзень здзейсніў крывавую ахвяру на крыжы, таму Касцёл лічыць немэтазгодным складаць таксама некрывавую ахвяру – св. Імшу.
Чаму ў Вялікую пятніцу ў касцёле так ціха – не ўжываюцца ні званочкі, ні арган?
Дзень, які называем Вялікай пятніцай, у Іерусаліме быў днём перадсвяточнага шуму, днём падрыхтоўкі да шабату. Для нас ён з’яўляецца часам засяроджання і маўчання. Нічога не павінна перашкаджаць роздуму над смерцю Езуса. Захоўваем цішыню, каб падкрэсліць настрой і сур’ёзнасць характару гэтага дня.
Навошта манстранцыю пасля перанясення ў Гроб Пана накрываюць белым вэлюмам?
Белы вэлюм, які прыкрывае манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамантам, сімвалізуе плашчаніцу, у якую загарнулі цела Хрыста пасля Яго смерці.
Чаму гаворым, што Пан Езус быў у магіле 3 дні, калі на самой справе гэта былі няпоўныя 2-ое сутак?
Адказ крыецца ў яўрэйскім разуменні дня, які распачынаўся ад моманту наступлення змроку папярэдняга дня да змроку бягучага. Таму ад падзей пятніцы да нядзелі ўключна атрымліваецца 3 дні (пятніца, субота, нядзеля). Акрамя таго, выкарыстоўваецца сімволіка тройкі, якую прарокі прыводзілі як лічбу поўні, структуры збаўленага свету (неба, зямля і падзямелле) ці таксама самаго Бога. Так, напрыклад, Іона 3 дні знаходзіўся ў чэраве рыбы, Езус мог адбудаваць святыню Божую цягам 3-ох дзён.
Навошта ў ноч Пасхальнай вігіліі перад касцёламі распальваюць вогнішчы?
Хрыстос стаў вуглавым каменем, з якога выйшла святло свету, асвячаючы ўсю зямлю. Святар бласлаўляе агонь як сімвал Збаўцы, які з цемры магілы выйшаў у нязвыклым бляску. Вогнішча рыхтуецца па-за святыняй у адпаведным месцы.
Навошта падчас цырымоніі асвячэння агню святар убівае ў пасхальную свечку 5 цвікоў?
Пасхальная свечка сімвалізуе ўваскрослага Хрыста, які памёр на крыжы. Устаўленыя ў яе цвікі – сімвал ран Езуса: Яго прабітыя рукі, ногі і бок. Лічба 5 уключае ў сябе таксама 4 бакі свету, таму цвікі размяшчаюць сіметрычна: усход – захад, поўнач – поўдзень, – а таксама цэнтр свету, якім з’яўляецца Езус Хрыстус як Альфа і Амега.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"