Папяльцовай серадой у Касцёле распачаўся Вялікі пост. У добрым перажыванні пакаяннага перыяду вернікам садзейнічае ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху. Чаму так важна не абмінуць яго ўвагай, і які плён здабывае чалавек, засяроджана чэрпаючы са шматвекавой традыцыі?
Гісторыя Крыжовага шляху
Традыцыя велікапоснага набажэнства бярэ пачатак у першых стагоддзях хрысціянства. Напярэдадні гадавіны ўваскрасення Езуса Яго паслядоўнікі здзяйснялі паломніцтвы ў Святую Зямлю і шукалі сведчанні жыцця Збаўцы. Але з пашырэннем хрысціянства ў свеце далёка не ўсе мелі магчымасць прымаць удзел у малітоўных працэсіях вуліцамі Іерусаліма. Такім чынам, сталі распаўсюджвацца духоўныя паломніцтвы ў Святую Зямлю.
У сярэднія вякі папулярнасць набралі т. зв. Кальварыі (ад лац. “Calvaria” – “Галгофа”). Вернікі выбіралі ў сваёй мясцовасці ўзвышаную тэрыторыю, якая б сімвалічна нагадвала пра месца ўкрыжавання Бога-Чалавека. Будавалі там капліцы або змяшчалі скульптуры на сюжэт Пакут Хрыста. Часам тут можна было натрапіць на сцяжынкі, якія вядуць да журботнай фігуры Найсвяцейшай Маці. Гэта сведчыць аб тых рэлігійных акцэнтах, што былі характэрны для дадзенай мясцовасці.
Святая гара ў Ашмянах, дзе мясцовыя вернікі кожны год усталёўваюць новы крыж
Паступова зарадзіліся і стацыі Крыжовага шляху. Вернікам хацелася не толькі засяродзіцца на ўспамінах мінулых падзей, але і мець магчымасць больш глыбока перажываць пакуты і смерць Езуса. Перажываць так, каб гэта магло змяніць іх жыццё і дапамагчы ўзрастаць у Богу. Сёння барэльефы ці абразы з выявамі стацый Крыжовага шляху змяшчаюцца па перыметры ў кожным касцёле ці капліцы. Часам яны могуць быць усталяваны і звонку святыні.
У традыцыі Касцёла таксама вельмі распаўсюджаны публічны Крыжовы шлях вуліцамі горада, экстрымальны, інсцэніраваны. У 1931 годзе папа Пій XI дазволіў здзяйсняць набажэнствы Крыжовага шляху перад распяццем для хворых і зняволеных.
Духоўны саўдзел у Муках Хрыстовых
Крыжовы шлях “уключае” нас у гісторыю збаўлення. Нагадвае пра тое, што кожны з’яўляецца яе часткай. На крыжы – пакуты, боль і грахі ўсяго чалавецтва. Але ў той жа час і надзея на вечнае жыццё, атрыманая праз перамогу Езуса над смерцю. Толькі ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце можам здабыць выратаванне і адкупленне.
Перажыванне Крыжовага шляху вучыць нас давяраць Богу, быць адкрытымі на Яго любоў, упэўненымі ў ёй. Нагадвае, што Хрыстос церпіць разам з намі. Вучыць таксама глядзець з цеплынёй і пяшчотай на іншых, асабліва на тых, хто пакутуе, мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.
Кожны вернік праз перажыванне Крыжовага шляху можа атрымаць поўны адпуст. Для гэтага трэба выканаць наступныя ўмовы:
• адправіць гэтае набажэнства ў месцы, дзе ўстаноўлены Крыжовы шлях (у касцёле, на прыкасцёльным пляцы і да т. п.);
• разважаць Муку Пана Езуса (зместам разважання не абавязкова павінны быць стацыі);
• пераходзіць ад адной стацыі да другой.
Крыжовы шлях у жыцці святых
Часткова дасведчыць пакуты ўкрыжавання Езуса давялося некаторым Яго вызнаўцам, на целе якіх з’яўляліся стыгматы. Часцей за ўсё яны ўтвараліся цудоўным чынам у месцах 5-ці ран Адкупіцеля: на далонях (запясцях), ступнях і ў баку. Аднак часам выяўляліся і на іншых частках цела (сляды цярновага вянка на ілбе, след ад крыжа на плячы і інш.). Раны маглі сыходзіць крывёй пастаянна ці перыядычна, у пэўны час (напрыклад, гадзіна смерці Божага Сына, пятніца як дзень укрыжавання, перыяд Вялікага посту). Праз стыгматы святыя злучаліся з болем Хрыста і ахвяравалі свае цярпенні на алтар збаўлення чалавецтва.
Лічыцца, што ўпершыню сляды святых ран з’явіліся ў св. Францішка з Асізі. “Здавалася, што і рукі яго, і ступні ў самой сярэдзіне былі наскрозь працяты цвікамі. Так, што след ад шляпкі цвіка паказаўся на ўнутраным баку рук і на вонкавым баку ступняў, а лязо нібы выйшла з адваротнага боку, паколькі след ад шляпкі цвіка быў чорным і круглявым, а ад ляза – выцягнутым і вывернутым, як калі б у гэтым месцы нацягнулася, паднялася і прарвалася плоць, а вакол плоць адступіла і запала. На правым яго баку, нібы прабіты кап’ём, успушыўся барвовы рубец, з якога часта сачылася святая кроў, абрашаючы туніку яго і штаны” (“Вытокі францысканцтва”).