Для сучасных хрысціян вельмі часта пост звязаны з адрачэннем ад ужывання пэўных прадуктаў і напояў у акрэслены перыяд. Касцёл таксама цесна звязвае яго з міласцінай і малітвай. Аднак нярэдка, канцэнтруючыся на непрыемнасцях адрачэння, мы забываем аб тым, што найважнейшае – што мэтай посту з’яўляецца Бог. Шчырае і праўдзівае адмаўленне павінна набліжаць чалавека да Спрадвечнага і Любячага Бога.
Згодна з біблейскай традыцыяй пост – гэта пакорнае “прыніжэнне сваёй душы” (пар. Сір 2, 17) – незалежна ад мудрасці ці інтэлектуальнага ўзроўню асобы – каб ачысціцца, прыняць паставу залежнасці ад Бога і падрыхтавацца да сустрэчы з Ім (пар. Лев 16, 29-31). Чалавек веры, хочучы прынізіць самога сябе перад Богам, жадае адначасова распазнаць Яго волюў сваім жыцці, хоча, каб яго вёў Дух Святы.
З часоў нараджэння, мукі і ўваскрасення Езуса Хрыста пост атрымаў больш поўнае значэнне – любоў да Бога праходзіць праз любоў да чалавека. Хто не любіць сябе і брата свайго, той не любіць Бога. Адрачэнне і змярцвенне павінна датычаць таго, што перашкаджае нам у сустрэчы чалавека і Бога. Засяроджанне на малітве, пошуку Божай волі і служэнні – гэта рэалізацыя хрысціянскай любові.
Постным адрачэннем можа быць адмаўленне сабе ў якіхсьці дабротах (напр. формах адпачынку, правядзення вольнага часу), да якіх мы вельмі прывязаны або вельмі іх жадаем. Таксама ўстрыманне языка ад грахоў, найбольш для мяне характэрных: крытыкі, наракання, паклёпу, жалю да сябе і да т.п.
Пост у думках, напрыклад, адмаўленне ад непакою – праз разважанні, як Бог супрацоўнічае са мной для майго дабра. Ахвяраванне з любові таго, што мяне аддаляе ад Бога – мае дрэнныя звычкі, неўпарадкаваныя прыхільнасці, залежнасці, – гэта таксама вызваленне майго задушанага дару свабоды. Але ўсе гэтыя адрачэнні маюць сэнс настолькі, наколькі яны накіраваны на набліжэнне мяне да Бога. Сапраўдны пост – гэта кірунак не толькі “ад” пэўнай рэчы, але найперш “да” Любові.
Аднак пост, нават пры нашым найбольшым намаганні адмаўлення, не з’яўляецца ўдзелам толькі нас саміх. Гэта перыяд, найбольш спрыяльны для ўнутранай пілігрымкі да Таго, які ёсць крыніцай міласэрнасці. Гэта пілігрымка ў пустыню нашага ўбоства, у якой Ён сам нам спадарожнічае, падтрымліваючы нас на шляху да радасці Вялікай Ночы.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч