Skip to main content

14 сакавiка — IV нядзеля Вялікага посту, Нядзеля радасці

rose 3142529 1280IV нядзеля Вялікага посту называецца Нядзеляй радасці – Laetare.

 Яе назва паходзіць ад слоў антыфоны на ўваход:

Laetare, Ierusalem:

et conventum facite,

omnes qui diligitis eam: gaudete cum laetitia,

qui in tristitia fuistis:

ut exsultetis, et satiemini ab uberibus consolationis vestrae. -

Што перакладаецца:

Радуйся, Ерузалем,

Збярыцеся ўсе, хто яго любіць.

Цешцеся, вы, якія былі сумнымі,

Весяліцеся і насычайцеся ля крыніцы вашага суцяшэння.

У рымскай традыцыі з XVI ст. гэта “нядзеля ружаў”, бо ў гэты дзень дарылі першыя кветкі ружаў, а Пантыфік асвячаў залатую ружу, якую ўручаў асобе, заслужанай у справах Касцёла. Вернікі, сабраныя ў рымскай базыліцы, дарылі адзін аднаму кветкі, якія сімвалізавалі прыгажосць, боль і цярпення.


rose 1687884 1280


Адсюль паходзіць ружовы колер літургічнага адзення. Яго можна выкарыстоўваць толькі два разы ў літургічным годзе – у IV нядзелю Вялікага посту і ў ІІІ нядзелю Адвэнту, якая называецца Нядзеляй Gaudete.

Іншая назва гэтай нядзелі – “Матчына нядзеля”. Па традыцыі ў гэты дзень уся сям’я збіралася разам. Нядзеля Laetare звычайна адзначалася ў парафіяльным касцёле, куды прыносілі кветкі як выраз удзячнасці за “духоўнае мацярынства” Касцёла і Найсвяцейшай Маці. Пазней гэта стаў дзень, калі ўручалі кветкі сваім маці.

„Матчына нядзеля” і сёння адзначаецца ў англасакскіх краінах, асабліва ў Ірландыі, Вялікабрытаніі і Нігерыі, як Дзень маці.

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту была таксама “Нядзеляй адпачынку”. Характар посту ў гэты дзень быў больш лагодным.

У гэтую нядзелю вернікаў заахвочваюць на некаторы час адысці ад велікапоснага засяроджання, каб цешыцца і чэрпаць гэтую радасць ад Пана. Імшальная малітва, так званая калекта, нагадвае аб тым, што ўжо хутка мы будзем перажываць сапраўдную велікодную радасць, што дні вялікага святкавання ўжо блізка.

Варта ўслухацца ў літургію гэтай нядзелі, варта прыняць гэтую евангельскую радасць, якая паходзіць з усведамлення, што час пакаяння павінен прыводзіць нас да навяртання, ачысціць нашы сэрцы, адрадзіць нас, каб мы маглі стаць перад Богам. Той, хто паяднаў нас з Сабой праз Хрыста, чакае нашага навяртання, каб прыгарнуць нас да Сябе ў сваёй міласэрнасці.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 13 Сакавіка 2021