Нягледзячы на сум Вялікага Тыдня, літургія Вялікага чацвярга вяртае нас да радасці: алтар упрыгожаны, літургічнае адзенне - белага колеру, і раздаецца спеў «Хвала на вышынях Богу», якога не было чуваць увесь Вялікі Пост. Хоць тугі і смутку ад таго, што надыходзіць час пакут Гасподніх, у Касцёле шмат, ён не можа не радавацца таму, што святкуецца ўстанаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту Эўхарыстыі.
Пасля, па завяршэнні набажэнства Вялікага чацвярга (бо не самой Імшой, Імша Вялікага чацвярга скончыцца Велікодным бласлаўленнем), Касцёл зноў пераапранецца ў адзенне фіялетавага колеру. Гэты дзень мае свае набажэнствы і цэрымоніі: святая Імша Вячэры Пана, абмыванне ног, перанос Найсвяцейшых Дароў у цямніцу, агаленне алтара. У катэдральных храмах да гэтага яшчэ дадаецца асвячэння алеяў падчас урачыстай Імшы Хрызмы, якую да поўдзеня цэлебруе біскуп-ардынарый са святарамі. Нярэдка, улічваючы тэрытарыяльную аддаленасць, Імшу Хрызму служаць у Вялікі аўторак.
Літургія Вячэры Гасподняй пачынаецца пасля захаду сонца ўрачыстай працэсіяй да алтара. У літургіі слова св. Павел у Пасланні да Карынцянаў распавядае аб устанаўленні Эўхарыстыі і падрыхтоўкі да годнага яе прыняцця. Затое, Евангелле словамі св. Яна павучае нас аб чысціні душы, неабходнай, каб прыняць Хрыста, які, палюбіўшы людзей, да канца палюбіў іх. Пасля таго, як будзе прачытана Евангелле і сказана кароткая пропаведзь, можа наступіць абрад абмывання ног (ён не з'яўляецца абавязковым). Святар абмывае ногі дванаццаці людзям, чые заслугі для парафіі з'яўляюцца асаблівымі. Часам бывае, што ў апошнія гады ў грона «12 апосталаў» трапляюць таксама і жанчыны, але гэта выключэнне, не па прычыне непавагі да жанчыны ці недастатковага прызнання заслуг жанчын для парафіі (яны нярэдка ахвяруюць Кассцёлу вялікае служэнне ў розных сферах). Хрыстос абмываў ногі апосталам-мужчынам, што больш адпавядае евангельскай традыцыі.
Святар усаджвае мужчын у прэзбітэрыі або на нейкім іншым бачным месцы. Зняўшы арнат, абмывае ім ногі і выцірае ручніком, якім падпярэзаны сам. Хор у гэты час спявае антыфоны. На «Хвала на вышынях» б'юць ўсе званы - каб потым замаўчаць аж да Вялікай Суботы. Колькасць тых, хто прыступае гэтага дня да святой Камуніі, вельмі вялікая, паколькі кожны каталік у дзень устанаўлення Эўхарыстыі імкнецца прыняць у ёй удзел і падзякаваць Хрысту за гэты дар.
Пасля ўдзялення святой Камуніі святар пераносіць Эўхарыстычнага Езуса ў папярэдне падрыхтаванае месца, якое называецца вязніцай або цямніцай, як памяць аб арышце і заключэнні Езуса. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у вязніцы спяваецца адарацыйны гімн («За святую таямніцу веры»), некаторы час працягваецца пакланенне Езусу Эўхарыстычнаму, а затым святар і міністранты ціха ідуць у сакрыстыю, і на гэтым набажэнства Вялікага Чацвярга завершана. Няма канчатковага бласлаўлення і рассылання вернікаў.
Пакланенне Езусу ў цямніцы можа працягвацца так доўга, як парафія дамавіцца са святаром - бывае, што і ўсю ноч. Няма літургічных прадпісанняў адносна таго, калі і як ладзіць адарацыю падчас Вялікага Трыдуума, гэта залежыць ад дамоўленнасці святара і вернікаў. Напрыклад, адны лічаць, што трэба быць на адарацыі ў дзень смерці Езуса на крыжы, а іншыя лічаць, што суправаджаць Яго малітвай варта ў чацвер, калі Ён быў арыштаваны і самотны ў турме.
Храмы ў цяперашні час застаюцца пустымі і неўпрыгожанымі, алтар нічым не прыкрыты, Табэрнакулюм адчынены і Госпада там няма. Гэта вобраз душы, знішчанай смяротным грахом. Пусты табэрнакулюм сваім выглядам заклікае да споведзі, каб у душу вярнуўся Бог.