У пошні час занадта часта чую ад добрых і пабожных вернікаў словы: "Ойча, я так змагаюся са сваім грахом, але пераадолець яго ніяк не магу. Не ведаю што рабіць?». У Каталіцкім Касцёле хутка распачнецца Вялікі пост, і зноў загучыць заклік аб навяртанні. Многія вернікі вырашаюць прысвяціць гэты час пераадоленню сваіх вялікіх ці меншых недахопаў.
Ведаю, што шмат каму з вернікаў гэта ўдаецца. Іншыя ж, наадварот, перажываюць новыя паразы. Адзін вернік распавядаў мне, што аднойчы на Вялікі Пост зрабіў пастанову не піць кавы. Перад постам ён піў штодня мінімум па тры кубкі моцнай кавы. Калі наступіў Папялец, ён сур'ёзна ўспрыняў сваю пастанову, аднак яго жонцы давялося выклікаць "хуткую" - у яго раптам ўпаў ціск. Лекары спачатку не зразумелі, што адбылося, і калі ён расказаў ім - толькі ўсміхнуліся: арганізм настолькі прывык да кафеіну, што яго раптоўная адсутнасць сталася небяспекай для жыцця.
Гэты прыклад паказвае, што рашэнне змагацца з грахом або заганай, спадзеючыся толькі на сваю ўласную волю, можа абярнуцца для чалавека катастрофай. Мы часта нецярпліва хочам з чым парваць, незадумваючыся глыбока аб тым, якое паходжанне гэтага граху ці заганы, у чым жа прычына таго, што чалавек так доўга знаходзіцца ў гэтым граху? Нядаўна я выпадкова наткнуўся на радыёхвалю, на якой псіхолаг распавядаў аб закаханасці. Ён казаў, што закаханасць у дарослых (у шлюбе) людзей з'яўляецца праявай нязрэласці і ўцёкаў ад абавязкаў свайго сямейнага жыцця. Чалавек не жадае проста прыняць праблем жыцця і сваю бездапаможнасць, і падсвядома пачынае шукаць сабе іншую пару. Праўда, псіхолаг адзначыў, што гэта яго асабістае меркаванне, але я прызадумаўся: а чаму ж адбываюцца шлюбныя здрады? Гаворка не ідзе толькі аб пажадлівасці, не ідзе таксама аб «звычайным» астыванні пачуццяў у сям'і, карані знаходзяцца глыбей: няўпэўненасць у сабе і непрыманне сябе, сваёй слабасці, а такім чынам - ўцёкі ... Многія нашыя слабасці з'яўляюцца уцёкамі: як, напрыклад, курэнне, алкагольная залежнасць, іграманія і інш. Уцёкі ад патрабаванняў і дыскамфорту жыцця, уцёкі ад адказнасці, уцёкі ад сябе і ад сваёй віны ... Вось і здараецца, што падчас Вялікага Посту я прымушаю сябе, напрыклад, не есць салодкага, але калі ўжо надыходзіць Вялікдзень ... Часцей жа бывае так, што мала нам удаецца нешта змяніць за час Вялікага Посту, і мы зноў вяртаемся да таго ж. І справа не толькі ў нашым бяссіллі, але і ў тым, што мы носім грэх (схільнасць да граху) у сабе. Так, Хрыстос перамог грэх і Ён дае ласку, якая чыніць нас годнымі вечнага шчасця. Але гэтая ласка, пакуль мы жывем, не ліквідуе цалкам нашай схільнасці да граху і зла.
У групах ананімных алкаголікаў ёсць некалькі этапаў пераадолення сваёй залежнасці. Першы этап - гэта прызнанне сябе алкаголікам. Яны так сябе і завуць на сустрэчах у групе: «Я алкаголік Іван». Гэта не самапаніжэнне - гэта прыняцце праўды пра сябе: «Я - алкаголік, а такім чынам, я хворы і залежу ад алкаголю». Калі алкаголік не прынімае гэтай праўды пра сябе, ён ніколі не выйдзе з залежнасці, таму, ставячыся да сябе як да здаровага, заўсёды будзе трапляць у сітуацыі, калі не ён будзе кіраваць алкаголем, а гэтая залежнасць будзе кіраваць ім.
Нешта падобнае павінны падчас Вялікага Посту зрабіць і мы, вернікі: прызнаць сябе грэшнікамі. «Я - грэшнік Іван». Мы, падобна алкаголікам, ужо ніколі не вылечымся, пакуль жывем на зямлі, ад хваробы і залежнасці ад граху. Але калі мы гэта прызнаем, то мы робім вось што: паколькі грэх - гэта хвароба, то тым самым мы прызнаем неабходнасць у Лекары, якім ёсць Езус; і паколькі грэх - гэта абраза Бога, мы разумеем неабходнасць перапрашэння Бога і молім Яго аб міласэрнасці ...
Аўтар а. Грыгор Рассоленка