Крыжовы шлях. Разважанні
У добрым перажыванні велікапоснага перыяду запрашаем перажыць пакаяннае набажэнства.
УСТУП
Твой крыж, Хрыстос, – першы алтар свету са збаўчай Ахвярай для чалавека. Я стаю прама перад ім, поўны веры ў тое, што менавіта тут, у Тваіх пакутах, смерці і ўваскрасенні, знаходзіцца крыніца жывой вады. Я прыходжу, каб чэрпаць з крыніцы збаўлення, чэрпаць з даверам.
СТАЦЫЯ I: ЕЗУСА АСУДЖАЮЦЬ НА СМЕРЦЬ
Я прыслухоўваюся да крыку натоўпу: “Укрыжуй Яго!”. Углядаюся ў твар Пілата, мяне пранізвае боль Марыі... І са здзіўленнем разумею, што чую Тваё маўчанне. Цішыню, якая не з’яўляецца пустатой, бездапаможнасцю. Гэтае маўчанне – спакойнае знаходжанне пры добрым насуперак крыкліваму злу. Езус! Вызвалі мяне ад мноства слоў, ад непатрэбнага шуму. Дай мне ўсвядоміць, наколькі магутная цішыня, якое багацце духу тоіць у сабе маўчанне.
СТАЦЫЯ II: ЕЗУС БЯРЭ КРЫЖ
Ёсць такое простае паняцце – “прыняць крыж”. Гляджу на гэтую стацыю, як у люстэрка. Ці магу я прыняць крыж? Ці прымаю яго? Што насамрэч з’яўляецца маім жыццёвым крыжам? Усведамляю, што не магу ісці за Хрыстом, не прыняўшы свой крыж. Як бы ён не называўся – яго трэба прыняць… Езус, напоўні мяне мужнасцю, каб мог яго назваць, узяць, несці. Калі злучу свае цярпенні з Тваім крыжам, гэта перастане быць для мяне сумнай неабходнасцю, а стане рычагом новай надзеі.
СТАЦЫЯ III: ЕЗУС ПАДАЕ ПЕРШЫ РАЗ
Падзенне – гэта мая рэальнасць. Чаму так адбываецца, што я падаю зноў і зноў, але ўвесь час раздражняюся падзеннямі іншых людзей? Ты адкрываеш перада мной самы праўдзівы свет чалавечай слабасці і Тваёй моцы. Пане, прашу Цябе аб пакоры, аб мужнасці сутыкнуцца з ісцінай пра сябе самога. Тады ў мяне не будзе спакусы асуджаць іншых, выпраўляць іншых, пляткарыць пра іншых, выносіць іншым прысуды... Дапамажы мне заўсёды ўставаць пасля падзення.
СТАЦЫЯ IV: СУСТРЭЧА З МАЦІ
Твой Крыжовы шлях скончыўся ў Вялікую пятніцу, а Крыжовы шлях Марыі працягваецца. Ён будзе трываць да таго часу, пакуль хаця б адзін чалавек знаходзіцца на шляху да неба. Марыя прысутнічае, чувае, разумее, гатовая дапамагчы. Выпрошвае ў Бога ўсё, з’яўляючыся Пасрэдніцай ласкаў. Я дзякую Табе за Найсвяцейшую Маці, за гэтую дапамогу і абарону, за тое, што не самотны ў сваёй барацьбе. Усё, што аддаю ў Яе рукі, усё, што замыкаю ў Яе сэрцы, знаходзіцца там у бяспецы.
СТАЦЫЯ V: СЫМОН ДАПАМАГАЕ ЕЗУСУ НЕСЦІ КРЫЖ
Сымон з неахвотай дакрануўся да Твайго крыжа, адчуў яго цяжар і жорсткасць. Але калі зрабіў гэта, ён значна наблізіўся да Цябе... Часам я губляюся і шукаю Цябе, Езус, але нібы не там, дзе ведаю, што абавязкова знайду. Не на крыжы, не на Галгофе, а дзесьці ў больш бяспечным месцы. Я баюся крыжа і пакут, хацеў бы, каб яны не здарыліся са мной. І ўсё ж у глыбіні душы разумею, што крыж і цярпенне могуць быць для мяне шансам больш глыбокай сустрэчы з Табой.
СТАЦЫЯ VI: ВЕРАНІКА ВЫЦІРАЕ ТВАР ЕЗУСА ХУСТАЧКАЙ
Вераніка не выратавала Езуса ад смерці, але дапамагла так, як было магчыма ў дадзены момант. На гэтай стацыі варта адказаць сабе на пытанне: а што я ўношу ў жыццё іншага чалавека, кагосьці, хто, магчыма, кожны дзень праходзіць міма мяне са сваім крыжам? Дай мне, Пане, здаровыя вочы душы, нічым не зацемненыя, асабліва лянотай і камфортным эгаізмам. З чым застаецца чалавек пасля сустрэчы са мной... Яму лягчэй? Ён бачыць больш? Зноў атрымлівае надзею?
СТАЦЫЯ VII: ЕЗУС ПАДАЕ ДРУГІ РАЗ
Я падаю так часта і шматразова. Магу паддацца маркоце, але магу таксама паглядзець у вочы Табе, Хрыстос, прызнацца ў граху, прыняць прабачэнне і ўстаць. Я ўжо ведаю, што без Цябе нічога не магу зрабіць. Таму прыходжу да крыжа, з даверам набліжаюся да табернакля, моўчкі стаю перад манстранцыяй, сілкуюся Тваім Словам і Целам, бо разумею, што ў Табе мая моц.
СТАЦЫЯ VIII: ЕЗУС СУЦЯШАЕ ЕРУСАЛІМСКІХ ЖАНЧЫН
Пане, Ты прымаеш ад жанчын слёзы спагады. Прымаеш, але адразу ж вядзеш іх далей, паказваеш, што трэба нешта большае, чым праяўленне пачуццяў, чым кароткачасовая эмоцыя. Патрэбна змяніць мысленне, паводзіны, сталы выбар, супрацьстаянне злу. Аб дары перамяняючага раскаяння малю Цябе, Пане. Дапамажы мне з мужнасцю адкрываць крыніцы і прычыны майго граху, у святле Тваёй любові ўбачыць яго пачварнасць, у Тваіх ранах распазнаць яго след.
СТАЦЫЯ IX: ЕЗУС ПАДАЕ ТРЭЦІ РАЗ
Я гляджу на Тваё падзенне, Езус, на агрэсію салдат, якія вядуць Цябе на смерць, і як бы рэхам да мяне вяртаюцца вобразы з жыцця. Стан чалавека, слабасць волі, залежнасць, рабства граху... Дапамажы мне, Пане, супрацьстаяць уласнай уразлівасці і дай вялікае разуменне іншых. Навучы мяне кожны дзень быць асцярожным, калі бачу чыёсьці падзенне, каб я ніколі не стаў на бок тых, хто без міласэрнасці ацэньвае, асуджае, зневажае.
СТАЦЫЯ X: З ЕЗУСА ЗДЗІРАЮЦЬ АДЗЕННЕ
Калі з Цябе знялі вопратку, Хрыстос, перад вачамі паўстала самая страшная ікона Твайго Найсвяцейшага Цела – зраненага, залітага кроўю, якая толькі што пацякла зноў... Яно як карта майго граху. Спакус, з якімі не змагаўся. Зла, якому адчыніў дзверы з-за таго, што не чуваў. Але ў позірку Тваім я заўважаю неспасціжную для мяне любоў, гатовую дараваць мне ўсё, шанс, які даеш мне зноў і зноў. Езус, я хачу прыняць гэта і пачаць яшчэ раз. Пачаць сёння – не заўтра, цяпер – не потым.
СТАЦЫЯ XI: ЕЗУС ПРЫБІТЫ ДА КРЫЖА
Крыж на Галгофе, а Ты прыбіты да крыжа. Нерухомы, пазбаўлены ўсяго, мой Настаўнік і Пан. Бог, які збаўляе мяне... Ты часам крыжуеш мяне, Пане: сітуацыяй, нечаканай падзеяй, цяжкасцю, якую не магу пераадолець. Дай што-небудзь ад Твайго духу мужнасці, спакойнага трывання на крыжы і сілы маўчання. Цярпенне кожнага з нас – загадка. Крыж не мае патрэбы ў шуме слоў. Твой быў таямніцай, і мой няхай застанецца ёю.
СТАЦЫЯ XII: СМЕРЦЬ ЗБАЎЦЫ
Смерць – гэта рэальнасць, пра якую я ведаю, але аддаляю ад сябе. Рэальнасць, якая выклікае страх, таму што пакуль жыву, яна для мяне невядомая. Стоячы перад Тваім крыжам, я ўжо пазбаўлены ад ілюзій. Ты, Сын Бога жывога, паміраеш дзеля мяне і за мяне. У Тваіх ранах – маё здароўе. У Тваёй смерці – маё жыццё. Учыні, Пане, каб я прыходзіў сюды часта і чэрпаў з крыніц збаўлення на сёння і на вечнасць.
СТАЦЫЯ XIII: ЕЗУСА ЗДЫМАЮЦЬ З КРЫЖА
Марыя, навучы мяне адараваць Бога. Ты сузірала Яго ў таямніцы Звеставання. Ты сузірала Яго ў Бэтлееме. Сузірала Яго штодзённасцю доўгіх 30 гадоў жыцця ў Назарэце. Ты сузірала Яго ў апошнім крыку памірання і ў таямніцы пакінутасці Айцом. Цяпер сузіраеш Яго болем, які, як прадказаў Сімяон, працяў Тваё сэрца... Марыя, навучы мяне такому сузіранню. Не штучным набожным феерверкам, а сузіранню жывога Бога, які ўвайшоў у гісторыю чалавецтва і ў гісторыю майго жыцця, вядзе яго і давядзе да канца.
СТАЦЫЯ XIV: ЕЗУСА КЛАДУЦЬ У ГРАБНІЦУ
Цішыня, якая раптам агарнула свет… Магутны спакой, які зыходзіць ад Твайго апошняга “Здзейснілася!”… Магіла можа быць месцам безнадзейнасці, пустэчы, спынення, месцам пахавання няздзейсненых мар, нерэалізаваных планаў і задач, страчаных магчымасцей на шчасце. Але яна можа быць таксама месцам супакою здзейсненай місіі, радаснай надзеі на канчатковую перамогу. Твая грабніца не будзе зеўраць пустэчай, страхам. Яна, як нішто іншае ў гэтым свеце, з’яўляецца доказам таго, што Бог ёсць, Ён жывы! Ён перамагае!
ЗАКАНЧЭННЕ
Я іду за Табой, Пане. Я прыняў свой крыж жыцця з Тваіх рук як бы нанова. Пры сустрэчы з Марыяй даверыў Ёй гэты шлях. Ад Сымона атрымаў паказальнік, ад Веранікі – уразлівасць. Ад Тваіх падзенняў я набраўся сіл, каб падняцца. Разам з жанчынамі вучыўся каяцца і перамяняць жыццё. У Тваёй смерці я ўбачыў світанак маёй вечнасці. І цяпер выйду з касцёла на шляхі свайго жыцця і буду ісці да Цябе, усведамляючы, дзе мая моц.
Паводле газеты "Слова Жыцця"