Тры дні да ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана Езуса прасякнуты велізарным сэнсам, схаваным у большых звычаях і драбнейшых элементах.
Вялікі чацвер. Узгадванне запавету любові
Літургія ўшаноўвае Апошнюю Вячэру, падчас якой Езус устанавіў сакрамант Эўхарыстыі і святарства. Імша Вячэры Пана – адзіная св. Імша, што адпраўляецца ў касцёлах у гэты дзень (за выключэннем Імшы Хрызма). Ёй характэрны незвычайныя дэталі.
1. Абмыццё ног. Напамін пра тое, як Езус абмываў ногі апосталам падчас Апошняй Вячэры. Гэта Хрыстовая запаведзь любові і наказ служыць бліжняму.
2. Суцішэнне званоў і званочкаў падчас св. Імшы. Касцёл “прыглушаецца” і становіцца больш сур’ёзным, бо ўзгадвае, што Хрыста здрадзілі і пасадзілі ў турму.
3. Перанясенне Найсвяцейшага Сакраманту ў цямніцу. Сімвал арышту Езуса ноччу перад мукай.
4. Зняцце з алтара свечак, абруса, Імшала і крыжа. Дадзены жэст сімвалізуе канец вячэры, а таксама пазбаўленне Езуса адзення і пакіданне Яго ў адзіноце (алтар з’яўляецца сімвалам Хрыста і Яго ахвяры).
5. Адкрыццё табернакля і пакіданне яго пустым. Выразны знак таго, што Езуса ўжо няма ў гэтым месцы, што Ён пакутуе, замкнёны ў цямніцы, і чакае прысуду.
Вялікая пятніца. Перажыванне смутку і абуджэння
Гэта драматычны дзень суда, мукі і смерці Хрыста. Адзіны дзень у годзе, калі св. Імша не цэлебруецца. У святынях адпраўляецца літургія Мукі Пана, а на вуліцах многіх гарадоў праводзіцца Крыжовы шлях. Сімволіка Вялікай пятніцы таксама вельмі красамоўная.
1. Прастрацыя. Ляжанне ніцма цэлебранта распачынае літургію Мукі Пана. Гэты жэст ілюструе адлегласць, якая аддзяляе чалавечую нізкасць ад сілы Таямніцы, што адбылася ў Вялікую пятніцу. Не толькі святар моліцца прастрацыяй. Кожны вернік, які стаіць у гэты час на каленях – таксама.
2. Раскрыццё крыжа. З V Нядзелі Вялікага посту крыжы ў святынях заслонены тканінай фіялетавага колеру на знак пакут Хрыста. Іх раскрыццё сімвалізуе перамогу над смерцю і грахом.
3. Адарацыя крыжа. У цэнтральным пункце літургіі Мукі Пана адаруецца Дрэва Крыжа (а не толькі фігура Езуса, размешчаная на ім). Маецца на ўвазе ўшанаванне Дрэва, якое лічыцца прыладай збаўлення.
4. Гроб Пана. Гэта асаблівае месца, у якое пераносіцца Найсвяцейшы Сакрамант пасля літургіі Мукі Пана. У працэсіі да Гроба Пана манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамантам накрываецца празрыстым вэлюмам, які з’яўляецца вобразам плашчаніцы і хустак, абгорнутых вакол Цела Хрыста.
Вялікая субота. Паглыбленне ў цішыню
Вялікая субота – дзень спакою і чакання. Для вучняў Езуса гэта быў дзень найбольшага выпрабавання. Згодна з Традыцыяй, апосталы разбегліся пасля смерці Настаўніка, а адзінай асобай, якая вытрывала ў веры, была Маці Божая. Пасля смерці на крыжы і пахавання згадваецца таксама зыход Хрыста ў бездань. У гэты дзень няма ні публічных цырымоній, ні спецыяльных набажэнстваў. З паўсюднай цішыні вылучаецца толькі некалькі момантаў з выразнай сімволікай.
1. Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту пры Гробе Пана. З ранішніх гадзін вернікі засяроджана адаруюць Хрыста.
2. Асвячэнне страў. Цягам дня асвячаюцца стравы на велікодны стол.
Увечары ў Вялікую суботу ў святынях распачынаецца ўрачыстае святкаванне Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца вяршыняй Пасхальнага Трыдуума.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Марцішэўская