Крыжовы шлях у экстрэмальных умовах – гэта адносна новая форма ўдзелу ў набажэнстве Крыжовага шляху па-за сценамі святыні. Ноч – цемра, цішыня – засяроджанасць, боль – пераадоленне, світанак – надзея і сустрэча ў св. Камуніі. Хто вырашаецца на такое выпрабаванне? І колькі каштуе досвед “праз цела да духа”?
На сустрэчу з цемрай
Тысячы людзей па ўсім свеце з ліхтарыкамі і малітоўнікамі накіроўваюцца ноччу ў дарогу, каб узгадаць асноўныя моманты пакут Езуса Хрыста і перажыць сваё ўласнае ўваскрасенне. Кожны вырушае ў шлях індывідуальна (выключэннем могуць быць невялікія групы па 5-6 чалавек, але абавязковай умовай з’яўляецца захаванне цішыні). У сваім тэмпе, засяроджана, з крыжам за плячыма.
Удзельнікі маюць пры сабе мапу з маршрутам, дзе пазначаны прыпынкі на 14-ці стацыях. З арыентацыяй на мясцовасці яны спраўляюцца самі, самі клапоцяцца таксама аб сваёй бяспецы. Фіналам Экстрэмальнага Крыжовага шляху становіцца св. Імша на світанні.
І гэта не падобна на паломніцтва. Няма спеваў, прывалаў, ніякіх размоў і пікнікоў. І гэта таксама не тое, што ты проста стаў у полі і молішся. Крыжовы шлях у экстрэмальных умовах з’яўляецца асаблівай формай малітвы, якая ўзрушае на фізічным узроўні.
Пякучы язык, крывавыя мазалі, смяртэльная стомленасць… Ты літаральна ўсім целам адчуваеш пакуты і злучаешся з цярпеннямі Збаўцы, каб крыху наблізіцца да іх. Духоўныя перажыванні нараджаюцца як раз у той пераломны момант, калі працінае боль. А як паказвае жыццё, у крытычны перыяд наша малітва гучыць найбольш горача, праўдзіва, пранікнёна. Па словах арганізатараў, у такіх абставінах адбываецца “рэвалюцыя прыгожых людзей”.
Мусіць балець
Ідэя такой незвычайнай ініцыятывы зарадзілася ў акадэмічным душпастырстве ў Кракаве (Польшча) у 2009 годзе. Група маладых людзей вырушыла ў шлях на Кальварыю Зэбжыдоўскую, дзе створаны комплекс малітоўных месцаў, сімвалізуючых падзеі Страсцей Гасподніх. Такім чынам юнакі хацелі духоўна ўзмацніцца ў крызісны перыяд. Кіраўнік душпастырства кс. Яцэк Стрычэк убачыў плён такога рашэння і паступова пачаў развіваць дадзеную ідэю.
Сёння Кракаў з’яўляецца каардынацыйным цэнтрам “экстрэмальнага” рэлігійнага руху. Распрацавана больш за тысячу трас. Працягласць кожнага маршрута – не менш за 40 км. Ён, як правіла,пракладваецца праз лес, поле, горы. Паблізу няма жылых кварталаў і асфальтаваных дарог. Выключэнне складаюць спецыяльныя маршруты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Самая доўгая траса – 144 км. Яна пачынаецца і заканчваецца ў сталіцы Дольнага Слёнска.
Бадай жа самы незвычайны маршрут зафіксаваны ў Антарктыдзе. Ён праходзіць пасярод скал і леднікоў. У ЗША арганізавана бегавая траса ўздоўж дарогі Aparche Trail 88. У Іспаніі частку шляху ўдзельнікі ідуць басанож.
Галоўная ідэя – адчуць, што нешта стаіць за фізічным целам. Калі ўжо немагчыма пазбегнуць знясілення, вера выступае той сілай, якая дапамагае рухацца далей. Так, заўсёды можна сысці з трасы. Але, як сведчаць удзельнікі, менавіта ў момант перажывання “немагчымых” пакут пачынаецца сапраўдны Крыжовы шлях. Ён бярэ пачатак, “калі чалавек не мае сіл і прымае ў дарозе рашэнне, што, нягледзячы на гэта, дойдзе да канца”, – гаворыць кс. Стрычэк, ініцыятар Экстрэмальнага Крыжовага шляху.
Некаторыя называюць Экстрэмальны Крыжовы шлях “дарогай да касцёлаў у ХХІ стагоддзі”
Дарога да новага жыцця
“У нейкi момант я думала патэлефанаваць тату, каб ён мяне забраў. Але, сабраўшыся з думкамі, крочыла далей. Некалькi разоў падала. Тады ўзгадвала, як Езус нёс свой крыж: таксама падаў і падымаўся. Гэтым надавала сабе ciл”, – дзеліцца Настасся, якая “паспрабавала” экстрым у мінулым годзе. Шмат хто прызнаецца, што на апошніх кіламетрах ногі ўжо не ідуць, але “Езус ідзе ўва мне”.
Аднак важна якраз пераадолець не кіламетры, а сябе. Важна не які высілак ты зрабіў, а як гэта перажыў. Генадзь, таксама ўдзельнік леташняга Экстрэмальнага Крыжовага шляху, параўноўвае дарогу з “кароткаметражным фільмам пра сваё жыццё працягласцю 10 гадзін”. Ты сустракаешся з самім сабой. Без фільтраў, масак, за якімі адпавядаеш свету, а ў праўдзе.
Нярэдка ў крытычныя моманты чалавек адкрывае новыя магчымасці, пачынае верыць у сябе. У той жа час разумее, што ўласнымі сіламі яму не дасягнуць збаўлення. Такім чынам перажывае духоўную трансфармацыю і адраджаецца да новага жыцця.
Для дзёрзкіх і адважных
З кожным годам ініцыятыва становіцца ўсё больш папулярнай ва ўсім свеце. Калі ў 2015 годзе ў Экстрэмальным Крыжовым шляху ўдзельнічала каля 12-ці тысяч чалавек, у 2016 годзе – ужо 26 тысяч. Пікавым стаў 2019 год, калі колькасць удзельнікаў налічвала 100 тысяч чалавек у 30-ці краінах свету на 4-ох кантынентах.
У Экстрэмальны Крыжовы шлях вырушаюць людзі рознага ўзросту – ад 18-ці да 70-ці гадоў. Па большай частцы гэта маладыя людзі, якія хочуць паставіць сябе перад выклікам, а таксама вернікі, якім замала “сядзець у лаўках у касцёле”. Ідуць і няверуючыя, якіх прыцягвае невядомае. Але, як з гумарам адзначае а. Віктар Мялешка OFMConv, які некалькі гадоў таму пазнаў дадзеную ініцыятыву падчас семінарыйнай практыкі ў Польшчы, гэта “каталіцкая пастка”: “Людзей вабіць экстрым, штосьці новае. Аднак гэта толькі вудачка. На мяжы болю і пераадолення абавязкова абуджаецца душа, адбываюцца непазбежныя ўнутраныя перамены”.
Трасай Экстрэмальнага Крыжовага шляху можна прайсці ў любы зручны час. Аднак вялікую папулярнасць ён набывае менавіта падчас Вялікага посту. Найбольшая колькасць удзельнікаў рэгіструецца ў пятніцу перад Вербнай нядзеляй. Гэта з’яўляецца своеасаблівай духоўнай акумуляцыяй, якая адкрывае на перажыванне свята Уваскрасення.
Апошнім часам такой формай духоўнасці актыўна карыстаюцца занятыя ў бізнесе людзі. Яны працуюць па 10-12 гадзін у дзень і таму зусім не маюць часу, але таксама прагнуць адпаведным чынам духоўна падрыхтавацца да Велікодных свят.
Беларусь наспявае
У Беларусі таксама абуджаецца зацікаўленасць да дадзенага рэлігійнага руху. Аднак пакуль што маюць месца толькі асабістыя ініцыятывы. У нашай краіне Экстрэмальны Крыжовы шлях не мае характару арганізаванага мерапрыемства – з уласнага жадання людзі пракладваюць маршруты і вырушаюць у дарогу, каб перажыць незвычайныя духоўныя рэкалекцыі. Верагодна, некалі прыйдзе час, і такая практыка стане запатрабаванай у нашых парафіях.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла