Чарговы раз у Касцёле распачалася падрыхтоўка да Пасхі. Рэкалекцыі, набажэнствы, рашэнні і посныя практыкі... Усё гэта ўжо шмат разоў было і, напэўна, неаднаразова паўторыцца. Як не паддацца руціне? Як знайсці здаровы падыход і не страціць свежасці веры? Размова з а. Віктарам Боханам CSsR, вікарыем парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
– Падаецца, сёння запусты не зусім актуальныя і ў шырокіх колах католікаў ужо мала практыкуюцца. Ці звязана гэта неяк з падыходам да перажывання Вялікага посту?
– Змяніўся падыход да велікапоснага перыяду. Раней гэта быў час сур’ёзнага ўстрымання, а таму запусты былі святам. У Еўропе запусты называюцца карнавалам, што ў народнай этымалогіі даслоўна тлумачыцца як “бывай, мяса”. Сёння гэта ўжо не мае такога вымярэння. Карнавалы ў Венецыі ці Бразіліі не маюць нічога агульнага з Вялікім постам. Касцёл жа ставіць акцэнт на духоўным перажыванні.
– Нягледзячы на гэта, агулам складваецца ўражанне, што ў беларускім грамадстве пост усё роўна зводзіцца да тэмы абмежавання ў ежы, дазволаў і забарон. Адкуль такая баналізацыя?
– Найпрасцейшы адказ, магчыма, не самы правільны – недахоп катэхізацыі. Многія жывуць стэрэатыпамі, зачэрпнутымі ад бабуль і дзядуль. Аднак тады посныя прадпісанні былі іншыя, яны былі больш матэрыяльныя. Зноў жа, сёння націск робіцца на духоўную працу.
Разам з гэтым, мы, святары, магчыма, часта спрашчаем справы, уцякаем да ўстрымання ад страў, кажам пра пятнічны пост. Таму людзі могуць і ўспрымаць, што пост – гэта пра “не есці мяса”.
– Як вырвацца з рутыны і па-новаму адкрыць гэты час? Можа, маеце нейкія лайфхакі?
– Хацелася б асабліва падкрэсліць духоўнае вымярэнне. Таму раіў бы асабліва прыслухоўвацца да Божага слова, якое гучыць у Вялікім посце. Яно паказвае тое, на што трэба звярнуць увагу.
Яшчэ б хацелася адзначыць канкрэтныя пастановы. Важна, каб яны не былі дзіцячыя. “Не ем салодкага”, “не п’ю алкаголь” – збольшага гэта не ўплывае на змену жыцця. Гледзячы на стан сямей сёння, я сказаў бы, што вартай пастановай было б болей часу праводзіць з сям’ёй. Сямейная малітва – шматлікім сужэнствам гэтага асабліва не хапае.
– Працягваючы тэму пастаноў… На што ў гэтым плане звярнулі б увагу?
– Перш за ўсё, трэба адрозніць посную пастанову і адмову ад шкодных звычак. Апошняе не варта разглядаць у якасці пастановы – пост можа быць добрым пачаткам, каб ад такіх звычак адмовіцца ўвогуле. Тыповая пастанова тычыцца абмежавання чагосьці, што я люблю рабіць. Гэта пэўная асабістая ахвяра на дадзены час, і яна заўжды вельмі індывідуальная. Камусьці ад серыялаў ці салодкага адмовіцца проста, а камусьці – не. Таму асабістае распазнанне тут адыгрывае ключавую ролю, бо важны момант персанальнага высілку.
Разам з гэтым, важна падкрэсліць, што адмова ад чагосьці заўжды павінна быць адмовай на карысць нейкага большага дабра. То-бок, мы вызваляем больш часу, каб адпаведна яго выкарыстаць: пабыць з сям’ёй, дапамагчы камусьці – адным словам, выйсці па-за сваё жыццё.
а. Віктар Боханан CSsR, вікарый парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне
– Можа, маеце прыватны топ пастаноў, якія Вас уразілі?
– Хтосьці штодзённа маліўся Крыжовым шляхам – гэта сур’ёзна. Некаторыя сем’і штодзённа разам чыталі Слова – гэта таксама шмат каштуе. Хтосьці ўвесь пост збіраў грошы сярод знаёмых на дапамогу хворым дзецям... Гэта тое, што мне прыходзіць у галаву вось так адразу.
– Ці патрабуюць рэформы стандартныя парафіяльныя рэкалекцыі? Падаецца, людзям у іх адведзена дастаткова пасіўная пазіцыя, і таму чаканы эфект часта можа не дасягацца.
– Я б не быў такім катэгарычным. Рэкалекцыі не павінны мець імгненнага эфекту. Гэта фармацыйны працэс, які патрабуе пэўнага часу. Кожны ідзе ў сваім рытме. І мы не павінны фарміраваць усіх людзей, каб яны былі аднолькавыя, патрабаваць нейкага высокага духоўнага ўзроўню.
Іншая справа, калі пробашчы ведаюць свае парафіі, ведаюць, на што варта звярнуць увагу. І, запрашаючы рэкалекцыяніста, “падсоўваюць” тэмы, на якіх варта спыніцца. Магчыма, калі ўжо пра гэта гаворыцца ў парафіі, то іншая перспектыва рэкалекцыяніста на такія справы можа дапамагчы пераадолець выклікі ці нейкую парафіяльную стагнацыю.
Верагодна, карыснейшым было б правядзенне рэкалекцый у евангелізацыйнай форме. На жаль, мы ў Беларусі ў гэтым плане абмежаваныя, бо такая дзейнасць павінна адбывацца толькі ў касцёлах, і гэта залежыць не ад нас. Калі б мелі магчымасць выйсці на вуліцу і актывізаваць людзей, гэта было б ужо зусім інакш.
– А ці маеце нейкія адмысловыя напрацоўкі на Вялікі пост у Вашай парафіі?
– Увогуле, у нас у парафіі Крыжовы шлях у гэты перыяд адбываецца штодзённа. Розныя парафіяльныя групы рыхтуюць разважанні і самі праводзяць набажэнства. Святар прысутнічае толькі па пятніцах – у іншыя дні ўсё робяць свецкія.
Таксама мы ўвялі звычай праводзіць сямейны Крыжовы шлях. Не проста запрашаць сем’і, а ўцягваць іх у арганізацыю, падрыхтоўку разважанняў. Такім чынам малітва атрымліваецца сапраўды сямейнай.
– Як Вы асабіста ставіцеся да натоўпаў людзей, якія прыходзяць асвячаць стравы ў Вялікую суботу? Як перажываеце гэты момант?
– Стараюся не падыходзіць да гэтага эмацыянальна. Сапраўды, многія прыходзяць і да канца не разумеюць, навошта ім тое патрэбна. Аднак мы, святары, маем добрую нагоду для некалькіх слоў заахвочвання да рэлігійнага перажывання свята, а што ўжо застанецца ў іх галаве – варта пакінуць Богу.
Крыху балюча, калі людзі адкладаюць споведзь на Вялікую суботу... Але і за гэта Богу ўдзячнасць. Трэба глядзець пазітыўна, сказаць чалавеку некалькі сардэчных слоў.
– Што б Вы параілі людзям, якія нічога не адчуваюць у Вялікім посце? Не атрымліваецца настроіцца, не выходзіць неяк інакш перажыць гэты час…
– Па-першае, не імкнуцца перавярнуць жыццё. Не трэба думаць, што я такі адважны і моцны і зараз усё змяню. Вялікі пост – гэта не пра мой высілак, гэта час супрацоўніцтва з Божай ласкай. Таму малітва да Святога Духа вельмі важная.
Па-другое, Богу не важны вынік пастаноў, а важна, што ты праз пастанову адкрываешся на дзеянне Яго ласкі. Нават калі не атрымліваецца. Бо вызначальным з’яўляецца сам высілак, які мы ўкладваем. А ён ніколі не марны.
Паводле “Слова Жыцця”, Арцём Ткачук