Хутка зноў з ласкі самога Бога ўвойдзем у час Вялікага посту. Таму ўжо цяпер варта падумаць, што можна зрабіць, каб ён выглядаў інакш, чым звычайна, каб у нашым жыцці маглі адбыцца перамены.
Перыяд Вялікага посту ахоплівае 6 нядзель і доўжыцца да Пальмовай нядзелі.
Прапануем 5 спосабаў сапраўды добра перажыць час Вялікага посту.
1. Еш салодкае, але прабачай.
“Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы” (Кал 3, 12–13).
Многія людзі вераць, што чым больш яны сабе ў нечым адмаўляюць, тым бліжэй будуць да церпячага Хрыста. Аднак гэта не той шлях. Езус шмат разоў казаў, што, калі хочам быць бліжэй да Яго, павінны быць побач з людзьмі. Слухаць іх, прымаць, карміць галодных і прабачаць крыўдзіцелям. Таму, калі перад вамі стаіць выбар: пачаставацца слодычам або памірыцца з бліжнім – нават не задумвайцеся. Частуйцеся, але любіце і даруйце!
2. Убач сэнс Мукі.
“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
Езус Хрыстус аддаў сваё жыццё, каб сцерці грахі ўсяго свету і кожнага чалавека. Калі ўсвядомім гэта, то ўбачым, што Хрыстос сваёй смерцю ўжо запрасіў нас да збаўлення. Ніхто не любіць так, як Ён! Таму, разважаючы над Мукай Пана, пастарайцеся адкрыць сэнс укрыжавання. Калі ўбачыце, што Хрыстос зрабіў для нас, ужо ніколі не будзеце такімі, як раней.
3. Ідзі на пасійнае набажэнства.
“Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (Мц 16, 24).
У час Вялікага посту варта прымаць удзел у набажэнствах Крыжовага шляху і Песень жальбы. Там убачым усю дарогу, якую прайшоў Езус у апошнія дні свайго жыцця на зямлі. Будзьце побач з Ім, глядзіце на Яго твар. Там спазнаеце саміх сябе.
4. Любі з усіх сіл.
“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (параўн. Мк 12, 30–31).
Езус перад смерцю пакінуў нам галоўную запаведзь – запаведзь любові. Мы павінны любіць Бога і бліжніх, і няма нічога больш важнага! Таму, калі хочаце сапраўднага перамянення ў Вялікі пост, укладвайцеся ў адносіны з Богам. Выдаліце тое, што перашкаджае еднасці з Ім. Выйдзіце насустрач людзям, пакажыце, што прымаеце іх і любіце.
5. Шукай цішыні.
“Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў [...]. Бо Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці. Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны” (Пс 139 (138) 1. 13–14).
Пашукайце сэнс у акружэнні прыроды. Дазвольце сабе хвіліну перадышкі. Спыніцеся і падумайце пра свае адносіны, працу, тэмп жыцця і надыходзячую вясну. Тады лепш за ўсё відаць Бога, у цішыні Ён прамаўляе найбольш гучна. Перад смерцю Езус маліўся ў Аліўным садзе. Мы таксама павінны ўмець спыніцца, каб добра перажыць важныя надыходзячыя падзеі.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч