Заканчваецца чарговы Вялікі пост, які даў нам Пан. Магчыма, варта зрабіць пэўнае падсумаванне гэтага часу “ласкі і збаўлення”.
Здзяйсняючы падсумаванне нашай трываласці ў велікапосных пастановах, карысным будзе задаць сабе пытанне, ці не спрабавалі мы, імкнучыся да рэалізацыі гэтых пастаноў, абапірацца толькі на ўласныя сілы. Або, можа, для нас больш важным быў поспех – у рэшце рэшт, мы жывем у часы, калі ўлічваецца толькі ён, – чым фактычнае і шчырае набліжэнне да Бога?
Калі сёння ў гэтым балансе нашых велікапосных поспехаў і паражэнняў пераважае другое, то, магчыма, менавіта таму, што мы занадта спадзяемся на саміх сябе, будучы перакананыя, што выкананне велікапоснай пастановы павінна быць толькі маёй справай, маім поспехам, якім я змагу пахваліцца перад Панам Богам.
Якім бы ні выйшаў гэты баланс, варта заўважыць нават маленькія поспехі і парадавацца ім. Бо Вялікі пост – гэта не алімпійскія гульні, падчас якіх медалі вешаюць на шыі толькі найлепшых гульцоў. Тут кожны дробны поспех мае значэнне.
Таму варта парадавацца нават аднаму дню, калі мы вытрывалі ў якойсьці пастанове. Варта парадавацца нават адной дробнай прыемнасці, у якой – нягледзячы на вялікую спакусу – мы здолелі сабе адмовіць.
Варта парадавацца нават некалькім хвілінам, вырваным са штодзённай мітусні і аддадзеным, як міласціна, нашым найбліжэйшым ці сябрам. І ў канцы варта падзякаваць на малітве Богу за ўсё тое, што атрымалася, даручаючы Яму таксама тое, што нам удалося не да канца.
Вялікі пост, які павінен быў стаць часам, каб шукаць Бога і зноў палюбіць Яго, падыходзіць да завяршэння. Аднак давайце будзем працягваць нашы намаганні, каб не толькі фізічна, але і сэрцам быць побач з Тым, які з любові да нас аддаў сваё жыццё на крыжы.
Кс. Юрый Марціновіч