Кожную пятніцу на працягу Вялікага посту ў нашых парафіях адбываецца набажэнства Крыжовага шляху. Ці задумваліся вы калі-небудзь, адкуль узялася гэтая традыцыя? Хто прыдумаў гэтую малітву? Быў гэта адзін канкрэтны святы ці розныя людзі?
Заўсёды адной з самых запатрабаваных малітваў, якія вытрымалі іспыт часам, была малітва Крыжовага шляху (лац. Via Crucis). У яе ўваходзяць некалькі стацый, на якіх людзі разважаюць пра крыжовыя пакуты і смерць Езуса Хрыста.
Як з’явіўся Крыжовы шлях?
Паводле легенды, Маці Божая наведвала ўсе месцы мукі Езуса, Яго смерці і Уваскрасення, штодзённа пасля Унебаўшэсця Пана. Шмат іншых крыніц таксама кажуць пра тое, што Багародзіца ішла за Езусам па дарозе на Галготу.
Аднак Панна Марыя не стварыла малітву і спецыяльныя стацыі, якіх трэба прытрымлівацца. Яна проста намагалася зноў перажыць страшныя падзеі Мукі Езуса і “захаваць” іх у сябе ў сэрцы, абдумваючы вялікую ахвяру, прынесеную Яе Сынам.
Святыні Мукі Пана
Паводле інфармацыі з Каталіцкай Энцыклапедыі, толькі праз некалькі стагоддзяў, у V ст., біскупам Балонні святым Петроніем былі створаны некалькі злучаных капліц, якія павінны былі прадстаўляць найбольш важныя святыні Ерузалема. Гэта можна разглядаць як пачатак, ад якога традыцыя стацый развівалася далей, але, відавочна, усе традыцыі да ХV ст. складана назваць Крыжовым шляхам у сучасным разуменні.
Францішкане і Святая Зямля
Бліжэй да Сярэднявечча Святая Зямля стала вельмі неспакойным месцам, і пілігрымам не давалі вольнага праходу да мясцін Мукі Пана. У выніку ў Еўропе францішкане і іншыя ордэны пачалі будаваць капліцы і святыні, якія паўтаралі месцы ў Ерузалеме. Благаслаўлёны Альваро з Кардовы, дамініканін, распаўсюдзіў малітвы ў Еўропе, пачынаючы з Кардовы, дзе ён стварыў маленькія бажніцы, якія нагадвалі сучасныя стацыі Крыжовага шляху.
Па словах айца Вільяма Сандэрса, “англійскі пілігрым Вільям Вэй наведаў Святую Зямлю ў 1462 годзе, і яму прыпісваецца стварэнне паняцця “стацый” Хрыста. Ён напісаў правіла, згодна з якім пілігрым можа ісці па шляху Езуса”. Гэтае паняцце стала агульнапрызнаным у англійскай мове і ў выніку пачало адносіцца да эпізодаў пакутаў Езуса, якія выяўляюцца ў касцёлах.
Бліжэй да ХVІІ стагоддзя францішкане захацелі ствараць гэтыя “стацыі” ўнутры касцёлаў і звярнуліся па дазвол у Рым. Дадаткова яны хацелі, каб вернікам былі выдадзены такія ж адпусты, якія выдаюцца пілігрымам у Ерузалем. Папа Інацэнт XI, ацаніўшы важнасць гэтага запыту, задаволіў яго, даўшы пачатак Крыжоваму шляху, якім мы яго ведаем сёння.
У выніку гісторыкам складана вылучыць аднаго чалавека, якому можна прыпісаць стварэнне набажэнства Крыжовага шляху. Многія святыя на працягу стагоддзяў, пачынаючы з Маці Божай, прайшлі шлях Езуса Хрыста, разважаючы пра Яго муку і смерць. Можна сказаць, што гэтая незвычайная традыцыя вырасла натуральным шляхам за многія гады.