Сястра дамініканка Тэрэза Рыкард заклікае засяродзіцца на канкрэтных духоўных справах падчас Вялікага посту.
Для мяне перыяд Вялікага посту заўсёды быў часам, прызначаным на тое, каб скіравацца да Бога і ўпарадкаваць сваё жыццё. Я хачу годна перажыць Вялікі пост! Правесці яго такім чынам, каб больш цэласна жыць вераю ў глыбокай еднасці з Богам і маімі бліжнімі. У дзяцінстве я думала, што Вялікі пост перш за ўсё патрабуе таго, каб я адмовілася ад ласункаў і перастала біцца са сваёй сястрой Марыяй. Паступова я зразумела, што галоўнае — не проста адмовіцца ад нейкіх рэчаў, а скарыстацца магчымасцю стаць такім чалавекам, якім мяне задумаў Бог — святым, духоўна здаровым і любячым — адным словам, Хрыстовым вучнем, які ўвасабляе сваю веру ў рэальных дзеяннях.
Такім чынам, дазвольце мне прапанаваць не варыянты пэўных адрачэнняў падчас посту, а канкрэтныя духоўныя справы, на якіх варта засяродзіцца.
Свядома аддайцеся Богу.
Кожны раз, калі мы прамаўляем Малітву Панскую, мы просім аб тым, каб на зямлі сталася Божая воля. А Вялікі пост нагадвае нам: весці хрысціянскае жыццё азначае адкінуць сваю волю — свае жаданні і прыярытэты — і прасіць Бога дапамагчы нам жыць толькі згодна з Божаю воляю.
Адпусціце старыя вобразы сябе.
Браць прыклад з Езуса, які памёр на крыжы, — азначае пазбавіцца ад свайго «эга» і ўбачыць сябе такімі, якімі мы з’яўляемся на самай справе — істотамі, цалкам залежнымі ад нашага Стварыцеля, але таксама жывымі адлюстраваннямі Божай любові і міласэрнасці. Мы — недасканалыя і абмежаваныя, нам трэба адмовіцца ад наракання на саміх сябе і ад старых перакананняў, якія сведчаць, нібыта мы недастаткова добрыя, разумныя або прывабныя. Вялікі пост — гэта час на тое, каб выразна ўбачыць саміх сябе, знайсці сваё сапраўднае «я», якое належыць Богу і Хрысту.
Засяродзьцеся на крыніцы жыцця, якая ёсць унутры вас.
Незалежна ад таго, чым мы валодаем або чаго нам не хапае з матэрыяльных каштоўнасцяў, нашыя найвялікшыя дары адзін аднаму і ўсяму свету заўсёды будуць мець крыніцу ў нас саміх. Усвядомце, што Дух Святы падтрымлівае вашу сілу любові, спагады і справядлівасці; рэалізуйце свой патэнцыял у гэтых дарах; знайдзіце спосабы выкарыстаць іх, каб благаславіць жыццё іншых.
Прасіце ласку перамянення ў вашай душы.
Кожны дзень маліцеся, каб пасля гэтага Вялікага посту вы змаглі стаць новым чалавекам. Пакіньце дэталі вашага абнаўлення Богу і дзякуйце Яму за гэтую ласку.