Будучы недасканалымі людзьмі, мы даволі часта парушаем абяцанні, дадзеныя самім сабе і Богу на пачатку Вялікага посту. Гэта можа здарыцца ў сярэдзіне велікапоснага перыяду, а можа і ў самы першы дзень.
Некаторыя католікі задаюцца пытаннем, ці не грашаць яны, парушаючы прынятую пастанову. На жаль, на гэтае пытанне няма адназначнага адказу. Усё залежыць ад таго, што гэта была за пастанова.
Калі вы адмовіліся ад чагосьці “добрага”, напрыклад, ад шакаладу ці дэсертаў, перарыванне посту па сваёй сутнасці не з’яўляецца грахом. Большую частку часу вы не можаце зграшыць, з’еўшы плітку шакаладу, калі толькі вы не аддаецеся гэтаму ў празмернай ступені, якая даходзіць да абжорства.
З іншага боку, калі вы вырашылі адмовіцца ад чагосьці “дрэннага”, напрыклад, ад плётак, то вы можаце зграшыць, парушыўшы сваё велікапоснае абяцанне.
Ключом да распазнання з’яўляецца наша сумленне, якое, калі яно правільна выхавана, папярэдзіць нас, калі мы зграшым супраць Бога.
Калі ж адказ не відавочны, карысна пракансультавацца са сваім духоўным настаўнікам ці спытаць святара падчас споведзі. Ён зможа накіраваць вас і задасць вам правільныя пытанні, каб выявіць, з’яўляецца парушэнне вашага поснага абяцання грахом ці гэта проста чалавечая слабасць.
Вялікі пост – цудоўны перыяд для працы над духоўнай дысцыплінай у імкненні да хрысціянскай святасці. Тым не менш мы людзі, і дасканаласць не даецца лёгка.
Добрая навіна заключаецца ў тым, што, калі мы падаем, усё, што нам трэба зрабіць – гэта дазволіць Богу зноў падняць нас і прызнаць Яго айцоўскую любоў да нас.