На працягу 40 дзён Вялікага посту вернікі пакліканы паглыбляць сваё духоўнае жыццё праз пост, малітву і міласціну, і такім чынам падрыхтавацца да перажывання Вялікага тыдня і Вялікадня. Прапануем вам простыя практыкаванні. Як і фізічныя практыкаванні, якія мы робім для падтрымання свайго фізічнага здароўя, гэтыя прапановы спрыяюць паляпшэнню нашага духоўнага самаадчування, пазбаўляючы ад усяго непатрэбнага, і дапамогуць нам стаць больш уважлівымі да таго, як Бог дзейнічае ў нашым жыцці. Вялікі пост — выдатны час для духоўнага росту.
2 сакавіка — Папяльцовая серада.
Паўдзельнічайце ў святой Імшы Папяльцовай серады. Пастанавіце, ад чаго б вы адмовіліся падчас посту, каб памятаць пра сваю залежнасць ад Бога. Паводле традыцыі, гэта можа быць мяса або алкаголь, цукар або кафеін, нават сацыяльныя сеткі. Варта падумаць пра тое, каб адмовіцца таксама ад абгавораў, цынічных выказванняў, непатрэбных выдаткаў. Будзьце крэатыўнымі і сумленнымі ў адносінах да сваіх залежнасцяў. Шукайце спосабы скіраваць гэтую энергію на нешта творчае і аздараўляльнае.
4 сакавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху ў сваёй парафіі або паглядзіце трансляцыю, калі не маеце магчымасці прысутнічаць у святыні. Памаліцеся за сваіх сяброў і за ворагаў пайменна. Благаславіце іх, аднаго за адным. Падумайце пра людзей, якіх вам цяжка палюбіць, і памаліцеся за іх, як за любімых дзяцей Бога.
7 сакавіка.
Запрасіце каго-небудзь да сябе дадому і прыгатуйце простую ежу ў будні вечар. Калі вашыя госці таксама веруючыя, памаліцеся адзін за аднаго за сталом. Калі не — запытайце, ці не супраць яны памаліцца разам.
9 сакавіка.
Падпішыцеся на газету, часопіс, акаўнт, сайт дабрачыннай арганізацыі, якія, на вашу думку, не атрымліваюць дастатковай увагі. Ахвяруйце ім пэўную суму грошай. Нават 10 рублёў у месяц маюць значэнне.
11 сакавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху. Калі вы звычайна слухаеце радыё, музыку ці глядзіце тэлевізар, выберыце цішыню на гэты дзень.
14 сакавіка.
Падумайце, на што вы звычайна выдаткоўваеце грошы. Купляеце занадта шмат адзення? Часта вячэраеце ў кавярні? Выберыце адзін від выдаткаў, з якога вы будзеце «пасціцца» падчас Вялікага посту, а затым аддайце сэканомленыя грошы мясцовай дабрачыннай арганізацыі ці бедным.
16 сакавіка.
Спампуйце адпаведны мабільны дадатак або звярніцеся да малітоўнага інтэрнэт-рэсурсу (напрыклад, Літургія гадзінаў, «Прастора малітвы»), або купіце малітоўнік (напрыклад, «Хто ж як Бог!») і пачынайце маліцца штодзённа раніцай, днём і ўвечары. Рабіце гэта на працягу Вялікага посту.
18 сакавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху. У найбліжэйшы час пасадзіце дрэва ці кветку. Знайдзіце хвілінку на тое, каб падзякаваць Богу за гэты свет.
21 сакавіка.
Даведайцеся пра гісторыю месца, дзе вы жывяце, а таксама пра людзей, якія жылі тут раней. Наведайце мясцовы музей.
23 сакавіка.
Не карыстайцеся ў гэты дзень інтэрнэтам і адключыце апавяшчэнні на тэлефоне. Хаця б на некалькі гадзінаў.
25 сакавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху. Напішыце падбадзёрвальны ліст (смс) свайму пробашчу або іншаму святару і скажыце, наколькі вы шануеце ўсе яго намаганні і практыкі, звязаныя з Вялікім постам. Зрабіце яму маленькі падарунак — напрыклад, падарыце каву, паштоўку ці нешта іншае.
28 сакавіка.
Прачытайце псальм 51. Пакайцеся, схадзіце да споведзі.
30 сакавіка.
Выйдзіце на вуліцу пад вечар і не рабіце ніводнага здымка, проста паназірайце, як заходзіць сонца. Або паглядзіце ў акно хаця б на працягу 5 хвілінаў, узгадайце, што добрага было ў сённяшнім дні, падзякуйце Богу за ўсё.
1 красавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху. Калі ў вашай кватэры ці доме няма крыжа, купіце і пастаўце яго альбо павесьце.
4 красавіка.
Замест прагляду серыяла ці якога-небудзь стрыму прачытайце ўсё Евангелле паводле Марка за адзін прысест. Гэта самае кароткае Евангелле і самая сціслая гісторыя жыцця Езуса, а крыж — цэнтральны сімвал Вялікага посту — адыгрывае ў ім нават больш прыкметную ролю, чым у іншых Евангеллях.
6 красавіка.
Калі вы сядаеце перад камп’ютарам на працы або дома, паспрабуйце прачытаць 10-хвіліннае разважанне з «Прасторы малітвы» (або памаліцеся з дапамогаю малітоўніка).
8 красавіка.
Паўдзельнічайце ў набажэнстве Крыжовага шляху. Запомніце кароткую малітву: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мною, грэшным», прачытайце яе раніцай і маліцеся ёю на працягу дня. Разгледзьце магчымасць замяніць слова «грэшнік» на «Тваё любімае дзіця» і заўважце, як гэта ўзбагачае сэнс малітвы.
11 красавіка.
Устаньце рана, каб памаліцца за хрысціянаў, якіх пераследуюць ва ўсім свеце.
13 красавіка.
Напішыце ад рукі ўрывак з Евангелля паводле св. Мацвея 11, 28–30 і прыляпіце яго да люстэрка або ў іншым месцы, якое ў вас часта на вачах.
15 красавіка — Вялікая пятніца.
Дзень сціслага посту. Паўдзельнічайце ў літургіі Мукі Пана. Выкажыце словы падтрымкі тым, каму яна неабходна, скажыце ім, што яны ніколі не застануцца пакінутымі і забытымі.