Час Вялікага посту для кожнага хрысціяніна з’яўляецца асаблівым і выключным. Па-першае, ён павінен дапамагчы нам падрыхтаваць свае сэрцы і душы да перажывання одной з найважнейшых праўд веры аб Уваскрасенні нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Па-другое, гэта час, калі трэба яшчэ больш скіраваць увагу на свае адносіны з Богам і з бліжнім.
Адно з галоўных пасланняў Вялікага посту – напамін аб тым, што гэта выключны час для практыкавання малітвы, посту і міласціны. Падчас гэтага разважання хацелася б большую ўвагу скіраваць на міласціну і разглядзець яе ў кантэксце канкрэтных учынкаў міласэрнасці ў адносінах да нашага бліжняга.Аб міласціне на карысць патрабуючых вельмі многа сказана на старонках Святога Пісання.
У Старым Запавеце Бог заклікае да асаблівага клопату аб убогіх, патрабуючых, абяздоленых, аб сіротах і ўдовах, аб тых, хто нічога не мае. Важным момантам з’яўляецца таксама жаданне дапамагчы і быць адкрытым на патрэбы іншага, каб такім чынам адчуць сапраўдную радасць (параўн. Дрг 15, 10). У Кнізе Тобія можам прачытаць прызыў даваць міласціну ўсім, хто паступае справядліва, і не адварочваць свой твар ад беднага, каб так жа і Бог не адвярнуў свой твар ад нас (параўн. Тоб 4,7). Гэтыя словы вельмі добра дапамагаюць зразумець сэнс і значэнне міласціны і ўвогуле міласэрнасці адносна бліжняга.
У Новым Запавецце Езус Хрыстус таксама заахвочвае нас не забываць пра тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Аднак прыпамінае, што не павінны гэтага рабіць для сваёй славы ці напаказ: “Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе” (Мц 6, 2–4). Такім чынам, кожны, хто дае міласціну, адкрывае перад патрабуючым не толькі свае запасы і зберажэнні, але і сваё сэрца, якое напаўняецца радасцю ад таго, што можаш дапамагчы іншаму і атрымаць узнагароду Нябеснага Айца.
Час Вялікага посту – гэта добрая нагода, каб практыкаваць дабрачынныя дзеянні. Міласціна і адкрытасць на бліжняга, які знаходзіцца ў патрэбе, заўсёды будуць актуальныя, таму што сярод нас пастаянна ёсць тыя, каму неабходна дапамога. Аднак міласціна як аказанне міласэрнасці іншай асобе праяўляецца не толькі ў фінансавай дапамозе, але і ў канкрэтных учынках. Тут варта ўзгадаць пералічаныя ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла ўчынкі міласэрнасці для душы і цела, аб якіх таксама нельга забываць (параўн. ККК 2447).
Бясспрэчна, матэрыяльная падтрымка вельмі важная, таму што навокал мноства людзей, што маюць праблемы з тым, каб забяспечыць сябе нават у мінімальных штодзёных патрэбах. На гэта могуць уплываць розныя фактары, пэўныя жыццёвыя абставіны, і часам здараецца, што яны не залежаць ад самога чалавека. У такой сітуацыі паўстае пытанне: як сябе паводзіць у адносінах да бліжняга, які знаходзіцца ў патрэбе? Можна сказаць, што гэта не мая справа і я не павінен дапамагаць патрабуючым, бо не я з’яўляюся прычынай іх праблем і цяжкасцей, у якіх апынуліся. Аднак ці такой павінна быць пазіцыя хрысціяніна адносна свайго бліжняга?
Адным з самых галоўных матываў, які нас заклікае да таго, каб быць адкрытым на патрэбы людзей, з’яўляецца запаведзь любові, а менавіта яе другая частка, якая наказвае “любіць бліжняга свайго, як самога сябе” (параўн. Лк 10, 27). Мне вельмі падабаюцца словы св. Яна ад Крыжа аб тым, што “напрыканцы жыцця судзіць нас будуць з любові”. Нашы канкрэтныя ўчынкі і справы будуць у гэты момант мець самую вялікую каштоўнасць і важнасць. Таму заўсёды пытаю самога сябе: “што я зрабіў для іншых?”, “ці заўсёды адкрыты на рэальныя патрэбы свайго бліжняга?”, “ці гатовы нешта адарваць ад сябе, калі бачу свайго брата ў патрэбе?”. Для хрысціяніна гэта вельмі важныя пытанні, на якія нельга проста не звяртаць увагі.
З упэўненасцю можна сцвердзіць, што міласэрнасць, якая праяўляецца ў канкрэтных сітуацыях і справах, з’яўляецца сэрцам хрысціянскага жыцця, яна прызывае ўважліва азірацца навокал, таму што побач знаходзіцца наш бліжні. Мы не можам быць чужымі адзін аднаму і абыякавымі да лёсу іншых. Часта апраўдваем сябе крытычнай фразай, што “гэта іх жыццё”, што гэта прыватная сфера кожнага чалавека, і яе трэба паважаць. Так мы хочам апраўдаць сябе і сваю эгаістычную незацікаўленасць іншым чалавекам і яго патрэбамі. Аднак запаведзь любові да бліжняга патрабуе ўсведамлення таго, што мы нясём адказнасць за тых, хто знаходзіцца побач.
Адказнасць за бліжняга з’яўляецца праяўленнем жадання служыць яму дабром і любоўю. Цікавіцца іншым чалавекам, яго жыццём – значыць адкрыць вочы на яго патрэбы: не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя. Любоў да бліжняга – гэта таксама клопат пра яго духоўнае дабро, а перш за ўсё, пра вечнае збаўленне. І ў такіх пытаннях мы як хрысціяне не маем права быць абыякавымі.
Сёння існуе вельмі шмат магчымасцей, каб практыкаваць міласціну і міласэрнасць у адносінах да свайго бліжняга. Гэта і ініцыятывы дабрачынных арганізацый, і шматлікія акцыі, якія адбываюцца ў парафіяльных супольнасцях, і зборы неабходных рэчаў для дзіцячых дамоў і хоспісаў у гандлёвых цэнтрах, і сталоўка для бедных, і розныя фонды дапамогі патрабуючым, і многія іншыя ініцыятывы.
Аднак у чарговы раз трэба прыгадаць, што нельга абмяжоўваць час міласэрнасці і аказання міласціны толькі перыядам Вялікага посту. Запаведзь любові да бліжняга павінна мабілізаваць нас кожны дзень, незалежна ад перыяду і сітуацый, таму што, як сказаў ужо вышэй цытаваны св. Ян ад Крыжа, “напрыканцы жыцця судзіць нас будуць з любові”. З любові, якая праяўляецца ў канкрэтных учынках і справах. Таму няхай гэты час будзе для кожнага з нас чарговай нагодай, каб зрабіць рахунак сумлення з рэалізацыі запаведзі любові ў нашым хрысціянскім жыцці, таму што менавіта праз любоў да бліжняга мы набліжаемся да Бога.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Ян Раманоўскі