Час Вялікага посту атаясамліваецца ў нас з пастановамі, адрачэннем, намаганнямі.
Не аднойчы мы настолькі паглынутыя сваімі пастановамі, што забываемся пра некалькі важных момантаў, якія надаюць ім сэнс. Тады замест навяртання трэніруем сваю волю альбо клапоцімся пра фігуру і здароўе, даказваем сабе і іншым, што можам не піць алкаголю, не есці прысмакаў, не паліць, а таксама шмат іншага робім, каб паказаць, на што мы здольныя. Аднак у Вялікім посце гаворка зусім не пра гэта... А пра любоў, навяртанне, нашу маласць, слабасць і барацьбу з эгаізмам. Дзіўна? Я ўжо тлумачу, што маю на ўвазе.
Любоў – таму што Езус з любові прыйшоў на зямлю, зведаў жорсткія мукі і памёр на крыжы, а потым уваскрос. З любові да Цябе і да мяне – такіх, якія мы ёсць. І адзінае, чаго Ён прагне ад нас узамен, – любоў. Таму, калі я жадаю прыняць якую-небудзь пастанову, то толькі таму, што хачу больш любіць Езуса і іншых людзей. Гэта прыгожа гучыць, але ўсё ўскладняецца, калі пераходзім да канкрэтыкі. Бо калі прыглядзімся да сябе і здолеем зразумець, што ў нашых паводзінах раніць Езуса і бліжніх, няпроста будзе змяніць альбо адмовіцца ад гэтага. Падумай, што можа займаць такое месца ў Тваім жыцці. Калі глыбока зазірнём у сваё сэрца, то адной гэтай рэчы можа быць дастаткова для пастановы на ўвесь перыяд Вялікага посту. Толькі трэба ўбачыць сябе ў праўдзе, што таксама няпроста. Варта папрасіць у Святога Духа аб гэтым дары. Навяртанне – гэта змена мыслення. Маю на ўвазе наша ўспрыманне таго, што робім для Бога. Часам мы паводзім сябе так, быццам міласціва знаходзім некалькі хвілін свайго каштоўнага часу для малітвы, забываючы, што Бог з’яўляецца Валадаром часу і вечнасці, альбо думаем, што ўласнымі намаганнямі можам нешта змяніць у сабе. Калі Ты ўжо спрабаваў сур’ёзна змагацца з нейкай сваёй слабасцю, то з вопыту ведаеш, што не можаш змяніцца без дапамогі Езуса.
У гэтым кантэксце мне вельмі падабаецца апавяданне пра малога хлопчыка, які з мамай прыйшоў на канцэрт вядомага піяніста. Хлопчыку было крыху сумна ў вялікай зале, поўнай людзей, якія чакалі цудоўнага канцэрта. Калі мама на хвілінку адвярнулася, каб паразмаўляць з жанчынай, якая сядзела побач, малы ціха ўстаў і пайшоў да сцэны, не ведаючы, што гэта. Ён убачыў лесвіцу і зайшоў за таямнічую заслону, за якой аказалася прыгожае фартэпіяна. Хлопчык ужо пачаў вучыцца ў музычнай школе, таму падышоў і сеў на зэдлік пры інструменце. Раптам загарэлася святло, прагрымелі бурныя апладысменты, заслона раскрылася, і на сцэну выйшаў піяніст. Ён быў трохі здзіўлены, убачыўшы перапалоханага хлопчыка са слязьмі на вачах, які быў аслеплены яркімі агнямі і не мог знайсці вачыма маму. Але музыкант спакойна падышоў да дзіцяці і спытаў яго, ці ўмее граць на фартэпіяна. Хлопчык, змагаючыся са слязьмі, зрываючымся голасам адказаў, што можа сыграць песню “Узлез каток на платок”. Сусветна вядомы піяніст сур’ёзна паставіўся да гэтага прызнання і прапанаваў дзіцяці зайграць. Дрыжачымі пальцамі, не заўсёды трапляючы на патрэбныя клавішы, маленькі хлопчык сыграў свой твор. Затым музыкант прапанаваў маладому піяністу зайграць зноў, але ўжо ўдвух. Хлопчык іграў усё больш упэўнена і смела, ужо не блытаў ноты, а майстар фартэпіяна граў з ім, на хаду ствараючы з гэтай простай песенькі арыгінальную і дзівосную імправізацыю. Яшчэ доўга пасля ў прэсе згадваўся гэты канцэрт як найпрыгажэйшае выступленне славутага музыканта за ўсё турнэ.
Прыблізна так выглядае наша супрацоўніцтва з Богам у імкненні да навяртання, дабра, прыгажосці, святасці. Езус не хоча рабіць гэтую цудоўную справу без нашага ўбогага, маленькага, сціплага, дрыжачай рукой сыгранага “Узлез каток...”. Таму пастановы патрэбны для таго, каб мы адкрыліся на Божую ласку і на цуды, якія Ён прагне ўчыніць у нас, і прагне нашмат больш, чым мы самі. Спадзяюся, Ты ўжо разумееш, што я мела на ўвазе адносна навяртання і нашай маласці.
Магчыма, Цябе здзіўляе, што пры нагодзе велікапосных пастаноў кажу пра барацьбу з эгаізмам. Іменна так, некаторыя пастановы з’яўляюцца мастацтвам дзеля мастацтва, і замест таго, каб змяняць нас да лепшага і адкрываць на іншых, яны замыкаюць нас у цесным коле здзяйснення чагосьці выключна для сябе. Вось прыклад. Калі я прымаю праславутую пастанову не есці салодкага і даказваю сабе, што магу, а ў дадатку гэта прыносіць карысць майму здароўю, то я нічога не раблю для іншых. Інакш, калі гэтыя прысмакі я аддаю каму-небудзь альбо ахвярую патрабуючым зэканомленыя грошы. Ці калі хачу адмовіцца ад пастаяннага баўлення часу ў сацыяльных сетках, вызвалены час магу правесці з блізкімі або з тымі, хто патрабуе дапамогі. Мая ахвяра, адмова ад чагосьці павінна стаць падарункам для іншых, тады гэта вылечвае мяне ад эгаізму!
Вяртаючыся да першапачатковага пытання пра тое, ці маюць і калі велікапосныя пастановы маюць сэнс, можам сцвердзіць, што маюць, але толькі ў тым выпадку, калі яны зроблены з любові да Езуса, з жаданнем навярнуцца і з усведамленнем уласнай маласці, а таксама для таго, каб перамагаць у сабе эгаізм. Няхай мая пастанова, мая ахвяра стане дарам!
Паводле "Слова Жыцця", с.Зоя Дамброўская