Распачаўся перыяд Вялікага посту – час пакаяння, ачышчэння і навяртання. Ён нам вельмі патрэбны, каб добра падрыхтавацца да цэлебрацыі Пасхальнай таямніцы – Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста. Вялікі Пост неабходны, каб гэтыя падзеі, перажываемыя ў літургіі Святога Пасхальнага Трыдуумуу, дапамаглі нам атрымаць ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць кожнаму, каб святкаванне Вялікадня было не толькі знешнім, але суправаджалася сапраўднай хрысціянскай радасцю, большай верай, сталай надзеяй і чысцейшай любоўю да Бога і бліжняга. Гэта няпростая задача. Хрысціянства – нялёгкі шлях. Недастаткова проста належаць да Касцёла і дазваляць часу ісці сваім ходам.
Часта юнакі і дзяўчаты пытаюцца ў святароў і катэхетак: “Чаму ў Вялікім посце нельга слухаць музыку? Несправядліва пазбаўляць нас радасці жыцця і нічога не даваць узамен. Немагчыма ж чалавеку жыць у пустаце”.
“[...] у перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах” – другую частку чацвёртага касцёльнага наказу належыць разумець як устрыманне ва ўсе дні Вялікага посту, а таксама ва ўсе пятніцы года, ад удзелу ў вяселлях, дыскатэках, канцэртах, танцах, так званых “карпаратывах”, ад прагляду забаўляльных фільмаў і тэлевізійных праграм, слухання забаўляльнай музыкі і да т. п. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў пункце 2043 сцвярджае, што такія абмежаванні маюць на мэце апанаванне чалавекам інстынктаў і спрыяюць большай свабодзе сэрца.
Падчас XX Сусветных дзён моладзі ў Кёльне 18 жніўня 2005 года Папа Рымскі Бенедыкт XVI сказаў: “Дарагая моладзь! Хрыстос нічога не забірае з таго, што ў вас прыгожае і велічнае, а вядзе ўсё да дасканаласці для славы Божай, шчасця людзей, збаўлення свету”. Касцёл у сваёй шматвяковай мудрасці ў імя Божае наказвае сваім вернікам, асабліва маладым, устрымлівацца ад свецкіх забаў, якія прыносяць хутка мінаючую радасць, а часта нават вядуць да граху, каб звярнуць увагу на рэчы больш дасканалыя, прыгожыя, велічныя і вельмі карысныя для душы чалавека. Ці ў перыяд Вялікага Посту ў касцёлах няма спеваў і музыкі? Ёсць, але яны носяць пакутны характар.
У Бібліі існуе дзве асноўныя прычыны для спеву: радасць і нядоля (параўн. кард. Ё. Ратцынгер, Дух Літургіі). На ўсякую рэч ёсць свая пара і закон (параўн. Экл 8, 6). “Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць” (Мц 9, 15). У Вялікім посце Касцёл прапануе нам узамен устрымання ад свецкай музыкі і песень літургічныя спевы, пакаянныя набажэнствы (Крыжовы шлях, Песні жальбы).
На апошнім з узгаданых набажэнстваў хацеў бы ў гэтым артыкуле больш падрабязна затрымацца. У адрозненне ад набажэнства Крыжовага шляху, якое ўзнікала ў першыя стагоддзі хрысціянства і з’яўляецца шырока распаўсюджаным ва ўсім Каталіцкім Касцёле, Песні жальбы ўзніклі ў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі і хутка сталі адным з найбольш папулярных набажэнстваў менавіта на нашых землях.
Якія ласкі мы можам атрымаць, спяваючы і разважаючы з верай і набожнасцю тэксты Песень жальбы, а таксама слухаючы падчас гэтага набажэнства пакутныя казанні, як гэта рабілі нашы продкі?
Веруючыя людзі прагнуць добра, непавярхоўна маліцца, прабываць у жывых адносінах з жывым Богам. Кардынал Роберт Сарах у сваёй кнізе “Ужо набліжаецца вечар і дзень ужо заканчваецца” вельмі радыкальна заахвочвае вернікаў да такой малітвы: “Калі мы не прысвяцім час, каб услухацца ў біццё Сэрца нашага Бога, то пакінем Яго, здрадзім Яму”.
Песні жальбы вучаць нас малітве пакаяння: “Вось грэх мой перад Табою, змый яго святой крывёю. У бяздонні мукаў Пана я з правін сваіх паўстану” (Натхненне, 9).
Песні жальбы ўводзяць у асабістую размову з церпячым Езусам: “Езу, ланцугамі цяжкімі Ты, нібы злодзей, быў ноччу звязаны, Езу, мілы Пане” (Частка І: Плач душы над церпячым Езусам, 6).
Таксама мы вучымся з дзіцячым даверам прасіць Маці Божую аб заступніцтве: “Раны Сына, о Марыя, жыватворныя, святыя, мне на сэрца пакладзі” (Частка ІІ: Размова душы з Маці Балеснай, 2).
Памятаю, калі я быў студэнтам універсітэта і ў 2001–2003 гадах прыходзіў вечарамі на нядзельныя набажэнствы Песень жальбы ў гродзенскі фарны касцёл, мяне вельмі ўзрушвалі г. зв. пакутныя казанні, якія прамаўлялі святары. Апісанне і разважанне Мукаў Хрыстовых дапамагала ясна ўбачыць свае грахі і недасканаласці, а таксама абудзіць сапраўднае раскаянне за іх і атрымаць патрэбныя ласкі для выпраўлення. Калі мы маем праблемы з заўважаннем нашага зла, калі бачым свой фармалізм у адносінах да споведзі, то набажэнства Песень жальбы з пакутнымі казаннямі – выдатнае лякарства, каб вярнуць сабе ўражлівасць да духоўнай рэчаіснасці!
Спяванне тэкстаў Песень жальбы дазваляе, з дапамогай Божай ласкі, правільна фарміраваць свае чалавечыя пачуцці. Калі нашу душу агорне смутак – пойдзем з ім да Бога, які ведае яго горыч і які дае суцяшэнне. Калі ўбачым цярпенні іншых людзей – гэтак жа будзем спачуваць ім, як і церпячаму Езусу, раскажам Яму аб цяжкасцях гэтых людзей, папросім аб мудрасці, як правільна дапамагчы ім. Калі заўважым сваю няўдзячнасць, успомнім усё тое, што Езус учыніў для нашага збаўлення!
Як заўважаюць бацькі, настаўнікі і выхавацелі, катэхеты і святары, свет лічбавых тэхналогій і іншыя дасягненні цывілізацыі, што спрыяюць камфорту, робяць людзей, асабліва маладых, усё больш абыякавымі да іншых, замыкаюць у вузкім коле асабістых інтарэсаў. Набажэнства Песень жальбы можа стаць адным з элементаў шляху вяртання да большай увагі адзін да аднаго, да міласэрнай зацікаўленасці праблемамі іншых.
На працягу стагоддзяў настаўнікі духоўнага жыцця Каталіцкага Касцёла заахвочвалі вернікаў разважаць Муку Хрыстову, каб атрымаць сілы і мець магчымасць мужна перажываць жыццёвыя цяжкасці і цярпенні ў адзінстве з цярпеннямі Хрыста і Яго Маці. “Мука Хрыстова, умацуй мяне”, – молімся ў малітве . Песні жальбы таксама спрыяюць такому ўмацаванню.
Як дапамагчы сучаснай моладзі перамагчы мінімалізм і ляноту, якія ўсё больш распаўсюджваюцца? Заахвочваць іх, між іншым, падчас Вялікага посту прыходзіць рэгулярна на набажэнствы Песень жальбы. Жадаю Божага бласлаўлення, адпаведных слоў і добрага прыкладу ў гэтым для бацькоў і выхавацеляў! Катэхетам – мудрасці і ўмеласці, каб паказаць дзецям і моладзі карысць удзелу ў гэтым набажэнстве. Святарам – святла Святога Духа падчас пакутных казанняў.
І ўсім нам – шчырай, глыбокай, набожнай малітвы і сапраўднага навяртання!
Паводле "Слова Жыцця", кс. Павел Раманоўскі