Свята Узвышэння Святога Крыжа адзначае Каталіцкі Касцёл 14 верасня. Яно звязана са знаходжаннем дрэва крыжа, на якім памёр Езус Хрыстус, а таксама выражае глыбокі сэнс крыжа ў жыцці хрысціяніна. Сутнасць свята – указанне таямніцы Крыжа як цаны збаўлення чалавека.
Пачаткі свята звязаны з адшуканнем святой Аленай рэліквіі крыжа на пачатку IV ст. і асвячэннем у Ерузалеме базылікі ў яго гонар у 335 г.
Знак крыжа прысутнічаў у хрысціянстве са смерці Езуса. У пачатках Касцёла ён часам прымаў форму якара ці трызубца. Як прадмет культу распаўсюдзіўся і атрымаў значэнне пасля 313 г.
Да VI ст. на крыжы не змяшчалі постаць Хрыста. Таксама і пазней прадстаўлялі Езуса не змучанага, а ў хвале: як Караля з дыядэмай замест цярновай кароны на галаве, як Архісвятара або як Добрага Пастыра. З ХІІ ст. з’яўляецца матыў пакуты. З таго часу да сённяшняга дня ў лацінскім Касцёле звычайна выкарыстоўваецца гатычны, пасійны крыж, які ўказвае на муку і смерць Хрыста як цану збаўлення. У праваслаўнай традыцыі да сённяшняга дня выкарыстоўваецца хвалебны крыж.
З часоў Канстанціна, калі хрысціяне атрымалі свабоду вызнання сваёй веры, крыж стаў іх распазнавальным знакам. Адгэтуль ён вельмі часта ўжываецца ў літургіі і асвячае ўсё хрысціянскае жыццё: пачынае і заканчвае малітву, дзень і кожную важную справу, асвячае прастору і выкарыстоўваецца пры ўсялякіх благаслаўленнях.
Айцы Касцёла падкрэслівалі, што крыж – сімвал, у якім сустракаюцца самыя істотныя праўды хрысціянскай веры. Святы Ян Дамаскін піша: “Крыж Пана нашага Езуса Хрыста, а не кагосьці іншага, перамог смерць, знішчыў грэх праайца, перамог пекла, падарыў нам уваскрасенне, удзяліў сілы для ўзнясення над часовасцю і над самой смерцю, падрыхтаваў вяртанне да ранейшага шчасця, адчыніў брамы раю, змясціў нашу натуру праваруч Бога, учыніў нас Яго дзецьмі і спадкаемцамі”.
Знак крыжа распачынае і заканчвае малітву хрысціяніна. У літургіі ён з’яўляецца жэстам благаслаўлення. Крыж, які вісіць на шыі, у памяшканні, на месцы працы, які змешчаны на вяршынях святынь, нагадвае вернікам аб іх пакліканні. Яго значэнне становіцца школай жыцця для хрысціян, якія бачаць у ім канчатковую перамогу дабра над злом.
Хрысціянства без крыжа не з’яўляецца сабой, перастае быць пераканаўчым, бо перастае быць трываючай у гісторыі чалавецтва падзеяй парадаксальнай прысутнасці Бога, г.зн. такой прысутнасці, якую нельга звесці ні да якой чалавечай логікі ці інтуіцыі, якую проста немагчыма ўявіць.
Касцёл у свята Узвышэння Святога Крыжа абвяшчае старую і заўсёды новую таямніцу. Старую, бо яна была аб’яўлена амаль 2000 гадоў таму, а заўсёды новую, бо яна чакае аб’яўлення ў кожным з нас. Будзем нястомна паўтараць за святым Янам: “Цемра знікае і святло праўдзівае ўжо яснее”.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч