Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які мае ўжо больш чым стогадовую традыцыю, стаў цыклічным святам экуменізму. Штогод паміж 18 і 25 студзеня, ці паміж даўнім святам катэдры св. Пятра і святам навяртання св. Паўла, хрысціяне розных канфесій сустракаюцца ва ўсім свеце на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах.
Сёлета дэвізам Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян з’яўляюцца словы кнігі Дзеяў Апосталаў „Будзьма ласкавыя” (пар. Дз 28, 2). Адпаведныя матэрыялы на Тыдзень малітваў былі падрыхтаваныя хрысціянскімі Цэрквамі на Мальце і Гоцо.
Усе вернікі запрошаны ў гэты час з’яднацца на малітве, каб супольна прасіць Пана Езуса аб вяртанні поўнай еднасці сярод Яго вучняў. Гэта згодная просьба, якая ўзносіцца ў еднасці душы і сэрца, адказваючы на просьбу самога Адкупіцеля, які падчас Апошняй Вячэры звярнуўся да Айца гэтымі словамі: “Не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 20-21).
Няма, на жаль, недахопу ў пытаннях, якія аддзяляюць адных хрысціян ад іншых і якія – як верым – могуць быць пераадолены дзякуючы малітве і дыялогу. Будучы на шляху да поўнай камуніі, усе хрысціяне пакліканы даваць супольнае сведчанне перад усё больш складанымі выклікамі нашых часоў, такімі, як секулярызацыя і абыякавасць, рэлятывізм і геданізм, далікатныя этычныя тэмы, якія датычаць пачатку і канца чалавечага жыцця, межы ведаў і тэхналогій, дыялог з іншымі рэлігійнымі традыцыямі.
Ёсць таксама іншыя сферы, у якіх усе разам ужо зараз могуць даваць супольнае сведчанне: абарона створанага жыцця, падтрымка супольнага дабра і міру, абарона цэнтральнага месца чалавечай асобы, задача пераадолення шматлікіх праблем нашых часоў, такіх, як голад, беднасць, нераўнамернасць падзелу дабротаў.
Задача будавання еднасці хрысціян датычыць не толькі некаторых і з’яўляецца не толькі дадатковай дзейнасцю для жыцця Касцёла. Кожны пакліканы рабіць свой уклад у здзяйсненне чарговых крокаў, якія вядуць да поўнай камуніі паміж усімі вучнямі Хрыста, не забываючыся ніколі, што яна з’яўляецца найперш дарам Бога, аб якім мы павінны нястомна прасіць.
Распачнем у гэты час асаблівую малітву ў інтэнцыі складанай экуменічнай рэчаіснасці, а таксама аб тым, каб хрысціяне нашых часоў умелі даваць свету новае супольнае сведчанне вернасці Хрысту.
Будзем прасіць Дзеву Марыю, Маці Касцёла: няхай учыніць, каб як найхутчэй магло рэалізавацца жаданне Яе Сына: “Каб усе былі адно… каб свет паверыў” (Ян 17, 21).
Кс. Юрый Марціновіч