Згодна са шматгадовай традыцыяй, урачыстасць Аб’яўлення Пана, якая адзначаецца 6 студзеня, скіроўвае нашу ўвагу на Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
У гэты дзень ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі новых, шматлікіх і святых пакліканняў да служэння ў Касцёле, а ў некаторыя парафіі прыбываюць семінарысты, каб сваёй прысутнасцю даваць сведчанне, што варта, а нават і трэба ісці за голасам Хрыста Пана, які кліча да такога служэння.
Таксама семінарысты сустракаюцца з міністрантамі, дзелячыся з імі атмасферай семінарыйнага жыцця і заахвочваючы прысвяціць сваё жыццё на выключнае служэнне Богу і людзям.
Падчас Імшы з удзелам вернікаў яны дзякуюць за ўсялякую падтрымку – духоўную і матэрыяльную, – якую тыя ахвяруюць на патрэбы гэтай навучальнай установы.
У сёлетнім паведамленні на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі ад імя ўсёй яе супольнасці выказвае словы ўдзячнасці ўсім вернікам і людзям добрай волі за гарачыню сэрцаў, якая праяўляецца ў любові да Бога і рэалізуецца праз любоў да чалавека; за штодзённыя малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры; за ўсё тое, дзякуючы чаму семінарысты сёння праходзяць сваю фармацыю.
“Мы дзякуем і вашым продкам, якія перадалі вам дар веры, навучылі вас любіць і шанаваць Касцёл і дар святарства, а таксама браць на сябе адказнасць за будучыню Касцёла, нашай Маці, у якім мы атрымліваем збаўленне”, – дадае рэктар.
Святар адзначае, што, “калі мы здолеем сёння быць не абыякавымі да лёсу Касцёла, мы можам спадзявацца на тое, што будзе каму расказаць пра міласэрнасць і дабрыню Бога і ўдзяляць сакрамэнты наступным пакаленням”.
Разам са словамі падзякі кс. Вайцяхоўскі звяртаецца з просьбай. У першую чаргу аб малітве за тое, каб маладыя людзі, якія чуюць голас паклікання ў сваім сэрцы, не баяліся адказаць на яго, не баяліся ступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях.
“Маліцеся таксама аб тым, каб бацькі, дзяцей якіх паклікаў Бог, успрымалі гэта як дар Пана, а не як праклён. Прасіце Добрага Бога, каб наша семінарыйная супольнасць заўсёды была жывой і ніколі не стала толькі гістарычнай звесткай”, – дадае святар.
Традыцыйна семінарыйная супольнасць просіць аб матэрыяльнай падтрымцы, бо Вышэйшая духоўная семінарыя не мае іншых крыніцаў даходу акрамя таго, што ёй ахвяроўваюць людзі добрай волі.
Кс. Юрый Марціновіч