13 студзеня Каталіцкі Касцёл будзе адзначаць у літургіі свята Хросту Пана. Яно завяршае перыяд Божага Нараджэння, хоць у традыцыі яшчэ да 2 лютага спяваюцца калядкі і не разбіраюцца стаенкі.
Свята Хросту Пана традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана.
Карані гэтага свята трэба шукаць у літургіі Усходняга Касцёла, бо, нягледзячы на выразнае ўзгадванне ў Евангеллі, хрост Езуса не меў у рымскай літургіі асобнага свята. Дэкрэтам Святой Кангрэгацыі Абрадаў з 23 сакавіка 1955 г. яно было ўстаноўлена на 13 студзеня, на месца актавы Эпіфаніі, узгадванне пра хрост Езуса Хрыста. Паслясаборная рэфрма літургічнага календара ў 1969 г. акрэсліла гэты дзень як свята Хросту Пана. Было адменена слова “ўспамін”, а яго тэрмін перамешчаны на нядзелю, якая прыпадае пасля 6 студзеня.
Тэксты малітваў, звязаныя са святам Хросту Пана, адлюстроўваюць вельмі дакладна і падрабязна тое, аб чым гаворыцца ў Евангеллі. Падкрэсліваецца таксама сувязь гэтага свята з урачыстасцю Аб’яўлення Пана.Хрыстус, ужо будучы дарослым 30-гадовым мужчынам, прыходзіць на бераг Ярдана, каб з рук Яна Хрысціцеля, свайго папярэдніка, прыняць хрост. Хоць Ён не меў граху, але не адасабляў сябе ад грэшных людзей: разам з імі ўвайшоў у воды Ярдана, каб атрымаць ачышчэнне. Такім чынам Ён асвяціў ваду. Найбольш падрабязна пра гэтую падзею распавёў св. Мацвей, хоць апісанне хросту Езуса пакінулі і іншыя евангелісты.
У дзень хросту Езус быў прадстаўлены сваім Айцом як Сын, спасланы дзеля здзяйснення справы збаўлення. Місію Хрыста пацвярджае сваім сведчаннем Бог Айцец. Зачыненыя праз грэх Адама, нябёсы адчыняюцца, на Езуса сыходзіць Святы Дух. З неба чуецца ясны голас: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”.
Варта паглядзець на наш хрост не толькі як на нешта, што здарылася калісьці, калі мы былі дзецьмі, але як на пачатак новага этапу ў нашым жыцці. Так, як перажыў свой хрост Езус. Хрост садзейнічае таму, што, як піша св. апостал Павел, мы становімся ў надзеі спадкаемцамі жыцця вечнага (пар. Ціт 3, 7). Будзем жа жыць як спадкаемцы, як сыны, дочкі добрага Айца.
JM